Зона адпачынку “Чыстыя сажалкі” на тры дні стала эпіцэнтрам спорту, творчасці і сапраўдных чалавечых эмоцый. Тут прайшоў раённы турыстычны злёт, які сабраў 8 мацнейшых каманд з ліку працоўных калектываў Петрыкаўшчыны.
Спаборніцтвы прайшлі пад знакам Года беларускай жанчыны.
Ужо на этапе “візітных картак” журы пераканалася: нашы жанчыны здольныя на ўсё. Кожная каманда падышла да творчага задання з душой, праслаўляючы працаўніц, маці і захавальніц хатняга ачагу.
Праз перашкоды – да перамогі
Арганізатары падрыхтавалі для ўдзельнікаў сур’ёзную праграму. Спартсмены праходзілі паласу перашкод, спаборнічалі ў дартсе, дэманстравалі трапнасць у кіданні яек, пераадольвалі этап “вадаспад”. Асабліва відовішчнымі сталі конкурсы сярод кіраўнікоў каманд, спаборніцтва “асілкі”, а таксама вясёлыя “палескія гонкі”, на тачках. Сур’ёзнай была і інтэлектуальная частка – каманды змагаліся за званне лепшых у конкурсе плакатаў і відэасюжэтаў, дэманстравалі арганізацыю турыстычнага побыту. Адным словам, весела, дружна, згуртавана і на адным дыханні праляцелі дні спаборніцтваў для нашых турыстаў.
Заслужаныя ўзнагароды
Па завяршэнні ўсіх выпра-баванняў галоўны кубак і званне пераможцаў заваявала аб’яднаная каманда УАЗ «Петрыкаўская ЦРБ» і РАНС. Другое месца з упэўненасцю занялі прадстаўнікі ААТ «Насарог». Бронзавымі прызёрамі сталі спартсмены каманды Петрыкаўскага райвыканкама. Каштоўныя прызы пераможцам уручылі прадстаўнікі Петрыкаўскага раённага аддзялення партыі «Белая Русь», ГА «БРСМ» і прадстаўніцтва «Белдзяржстрах».
Творчасць у фокусе ўвагі
Асаблівая ўвага была нададзена творчым конкурсам. Рэдакцыя раённай газеты «Петрыкаўскія навіны» адзначыла лепшыя плакаты. Галоўны рэдактар уручыла прызы камандам Петрыкаўскай ЦРБ і РАНС, Петрыкаўскага рудаўпраўлення, ААТ «Насарог» за яркае раскрыццё тэмы.
Лідар РГА «Беларускі саюз жанчын» Галіна Казак уручыла памятныя падарункі камандам, якія на працягу выпрабаванняў найбольш ярка і маштабна раскрылі тэму Года беларускай жанчыны. Сярод іх – каманды райвыканкама, Петрыкаўскага РГС і Цэнтра творчасці дзяцей і моладзі. Таксама былі падведзены вынікі конкурсу відэасюжэтаў «Турзлёт у аб’ектыве». Спецыяльны прыз ад РГА «Белая Русь» за самыя яркія і запамінальныя кадры атрымалі каманды Петрыкаўскай ЦРБ і РАНС, Цэнтра творчасці дзяцей і моладзі.
Турзлёт, які аб’ядноўвае
За тры дні ўдзельнікі прайшлі праз сур’ёзныя выпрабаванні, але галоўным вынікам стаў не спіс узнагарод, а сапраўдная каманднае яднанне. Новыя турыстычныя вяршыні чакаюць сваіх герояў! Да сустрэчы ў наступным годзе!
Марыя ТАМКО,
фота аўтара.





Оставить комментарий