Душа Палесся ў кожным экспанаце

0
298
Заўтра Петрыкаўская зямля гасцінна расчыніць свае дзверы для ўдзельнікаў і гасцей IX Міжнароднага фестывалю этнакультурных традыцый “Кліч Палесся”.
Свята ў Ляскавічах абяцае быць насычаным і яркім. Адным з самых чаканых момантаў з’яўляецца прэзентацыя падворкаў. Гэта не проста выставачныя пляцоўкі, а сапраўдныя “жывыя” куткі рэгіёнаў, дзе кожны экспанат, элемент распавядае сваю гісторыю. Петрыкаўшчына заўсёды годна прадстаўляе свой край, імкнучыся паказаць непаўторны каларыт малой радзімы.
За кожным такім афармленнем стаіць карпатлівая праца вялікай каманды майстроў. Адзін з такіх – Дзмітрый Струк, загадчык філіяла “Петрыкаўскі раённы Дом рамёстваў”. Мужчына можа пахваліцца, што быў задзейнічаны ў падрыхтоўцы падворкаў на этнафестывалі, пачынаючы з самага першага, які прайшоў у 2010 годзе.
– Афармленне падворка – гэта вялікі творчы працэс, які патрабуе адказнасці, фантазіі і глыбокага ведання народных традыцый, – пачынае размову Дзмітрый Аляксеевіч. – Кожны раз работнікі Дома рамёстваў стараюцца прыдумаць нешта новае, каб здзівіць землякоў і гасцей, але пры гэтым захаваць аўтэнтычнасць.
Для майго суразмоўцы падрыхтоўка да фестывалю – не проста працоўны працэс, а творчы выклік. Майстар дасканала валодае сталярнай і цяслярскай справай, разьбой па дрэве. Акрамя таго герой аповеду прыгожа малюе. Яго здольнасць бачыць кампазіцыю, спалучаць фактуру дрэва з мастацкім афармленнем дазваляе ствараць на падворку раёна асаблівую карціну.
Дзмітрый Аляксеевіч з цеплынёй успамінае самы першы “Кліч Палесся”. Тады ўсё было інакш: не было спецыяльнай зоны, падворкі размяшчаліся проста ўздоўж адной вуліцы. Аднак ужо тады, гледзячы на вялікую цікавасць гасцей як з Беларусі, так і з-за мяжы, было зразумела: фестываль будзе жыць і развівацца.
– Сапраўдны “прарыў” адбыўся пасля рэканструкцыі “Музея пад адкрытым небам” у Ляскавічах. Магчымасці фестывалю пашырыліся, і з кожным годам свята набывае ўсё больш неверагодны маштаб, – адзначае мужчына.
Падрыхтоўка да свята такога маштабу – працэс не аднаго дня. Дзмітрый Струк прызнаецца: калектыў Дома рамёстваў пачынае працу практычна за паўгода да мерапрыемства.
– Кожнаму раёну прапануецца тэма, якая павінна гарманічна ўпісвацца ў агульную канцэпцыю фестывалю, – адзначае загадчык філіяла.– Мы пачынаем з эскізаў, прадумваем напаўняльнасць падворка, ствараем цэласную сюжэтную гісторыю. Галоўнае для нас – захаваць і падкрэсліць ідэнтычнасць Петрыкаўшчыны.
Суразмоўца прызнаецца, што ў гэтым годзе канцэпцыя падворка Петрыкаўскага раёна абяцае быць як заўсёды цікавай. Яго тэрыторыю вырашылі падзяліць на дзве зоны. Першая – “Старына” – госці змогуць пазнаёміцца з традыцыйнымі палескімі заняткамі: бортніцтвам, ткацтвам і рыбалоўствам. Другая – “Фальклор і міфалогія” – тут будуць прадстаўлены магічныя травы і міфічныя істоты, якія здаўна насялялі палескія лясы і балоты ў народных уяўленнях.
– Мы заўсёды імкнемся да таго, каб наш падворак вылучаўся, – дзеліцца Дзмітрый. – Як і на ўсіх папярэдніх фестывалях, мы падрыхтавалі цікавыя навінкі. Наш калектыў працаваў над тым, каб здзівіць нечым адметным.
Адным з элементаў сёлетняй экспазіцыі стане ўнікальны дыван, сплецены з палескіх траў. Гэта сапраўдны твор прыроднага мастацтва: усе расліны былі сабраны на прасторах Петрыкаўскага раёна. Работнікі філіяла плялі яго са свежага збору, каб захаваць натуральную прыгажосць і водар палескіх лугоў. Праца над гэтым арт-аб’ектам не спынена. На дадзены момант плошча дывана складае два квадратныя метры. Самае цікавае адбудзецца непасрэдна на фестывалі: майстры будуць працягваць пляценне на вачах у шматлікіх гледачоў. Кожны жадаючы зможа прыняць удзел і паназіраць, як звычайныя палявыя травы ператвараюцца ў сапраўдны шэдэўр народнай творчасці.
– Запрашаем усіх жыхароў і гасцей раёна акунуцца ў атмасферу свята і на ўласныя вочы ўбачыць, як беражліва і з любоўю мы захоўваем нашы традыцыі. Да сустрэчы на “Клічы Палесся”, – адзначыў напрыканцы сустрэчы Дзмітрый Струк.
Святлана СОБАЛЕВА,
фота аўтара.
0 0 голоса
Рейтинг статьи
Подписаться
Уведомить о
guest
0 комментариев
Старые
Новые Популярные