Часцяком мы ўздымаем тэму парадку на зямлі. Падстаў для нараканняў хапае, але часцей за ўсё гэта смецце, што неахайныя гаспадары, не дабраўшыся да кантэйнернай пляцоўкі ці спецтранспарту па збору адходаў, выкінулі дзе “зручней”. У выніку наракаюць на камунальную службу. Але здараецца і іншая сітуацыя.

Людзі, што па свойскіх справах, ці па працоўных пытаннях наведваюць розныя ўстановы, вытворчыя ўчасткі, арганізацыі і таварыствы горада, пацвердзяць: там, дзе маршрут скіроўваецца далей ад цэнтральных вуліц, уласнікі прыватных падворкаў і гаспадарчыя кіраўнікі сапраўды застаюцца гаспадарамі. А вось сутнасць неабачлівых асоб раскрываецца ў поўнай меры. Неаднаразова і я сутыкаўся з не надта прыемнай сітуацыяй: пад канторай якой-небудзь гарадской установы, што знаходзіцца ў дварах, мноства недакуркаў, трапляецца смецце і ляжыць, часам, недалёка які-небудзь хлам: старыя дакументы, кардонныя скрыні, дэталі, абсталяванне – словам, усё тое, што выкінуць шкада а прызвычаіць ці здаць у пункт нарыхтоўкі другаснай сыравіны рукі не даходзяць.

Вось і вядзецца такі “парадак” хіба не спрадвеку, бо абумоўлены схаванасцю ад людскіх вачэй. Праверкі, мабыць, у такія месцы наведваюцца не часта, простыя людзі таксама не дадуць заўвагу, маўляў, барані Бог, трэба будзе яшчэ звярнуцца ў гэтую інстанцыю. Ну а кіраўнікі на месцах такое бязладдзе не заўважаюць, ці лічаць натуральнай праявай “вытворчага працэсу”. Вось і складваецца абгрунтаванае ўражанне, што добраўпарадкаванне нам патрэбна выключна для справаздачнасці, маніторынгаў і фотакарткі, што прыгожа павінна быць толькі там, дзе гэта заўважаць, а дзе настырных вачэй няма, то і гаспадарскі падыход “пачакае”.

Таму, карыстаючыся магчымасцю, звяртаю ўвагу людзей, адказных за парадак на месцах працы, што знаходзяцца далей ад цэнтральных вуліц: да вас таксама можа наведацца мабільная група райвыканкама, пажарная ці санітарная службы. Скарыстайцеся нашай сяброўскай парадай: лепей прывесці да ладу тэрыторыю самастойна і атрымаць станоўчую адзнаку з боку кантралюючых асоб, чым потым тэрмінова выконваць прадпісанні і слаць справаздачы. Неўзабаве пачнуцца суботнікі і маніторынг, што адбудзецца напярэдадні, знянацку закране і ваш калектыў. Здаецца, што другі матэрыял на гэтую тэму ўжо будзе мець адрасны характар, таму не варта спадзявацца на славутае “мабыць пранясе, мо не наведаюць”.

Арцём ГУСЕЎ.

Оставить комментарий

avatar
  Подписаться  
Уведомление о