Вясновае сонейка паклікала за сабою на бераг ракі, дзе ціха плешчуцца хвалі, зелянее першая траўка і з’яўляюцца кволыя лісцікі на гольках – пяшчотна-зялёныя і невялічкія. А калі дадаць да гэтага шчабятанне шматлікіх птушак – то карціна атрымліваецца зусім казачная.
На схіле дамбы ракі Пціч заўважыла нешта займальнае. Спачатку не звярнула ўвагі на цёмную пляміну. Але, калі яна пачала рухацца – зацікавілася і прыгледзелася. Дык гэта ж вужы! Цэлы скрутак гэтых грацыёзных земнаводных паціху разгортаўся, варушыўся і распадаўся на хуткія, гнуткія шэрыя палоскі, на якіх здалёк былі відаць жоўтыя “вушкі”. Яны адпаўзалі ўбок па адным, па двое-трое, узняўшы ўгару галоўкі: нібы размаўлялі між сабою, нешта абмяркоўвалі ці разважалі, куды падацца. Відовішча зачароўвала сваёй першароднасцю і нейкай першабытнасцю.
Вужы жылі сваім прыродным жыццём, цёплае сонейка клікала іх у свет вясны і працягу роду. Яны спяшаліся, нагадваючы аксамітныя стужкі, і… натыкаліся на безліч бутэлек – празрыстых белых, карычневых, зялёных! Такое суседства ім было не да спадобы, цяжка было адшукаць шлях сярод пластыкавага царства людской неахайнасці і бяздушнасці. Не зразумела, як з’явіліся тут гэтыя няпрошаныя пластыкавыя госці? Месца на адлегласці ад населеных пунктаў, на схіле дамбы, дзе не прысядзеш адпачыць. Склалася ўражанне, што нехта наўмысна іх сюды прынёс і выкінуў. Заўсёды хочацца задаць гэтым людзям пытанне: вы каму гэта прынеслі, для якой патрэбы?
І заўважце, злюбленым месцам такіх “пластыкавых чысцюль” з’яўляюцца берагі каналаў, рэк, азёр. Я думаю, што яны разумеюць: праз нейкі час гэтыя бутэлькі трапяць у ваду і паплывуць. Куды? Каму вы шлеце гэта пасланне пра сваю бяздумнасць і абыякавасць? У будучыню, сваім дзецям і ўнукам?
Часта можна назіраць бацькоў, якія адпачываючы разам з дзецьмі ля вады, запіхваюць у карчы пустые пластыкавыя “падарункі”. Як вы думаеце, каго паслухае дзіця: настаўніка, які кажа, што так рабіць нельга, ці паўторыць за сваімі бацькамі? Адказ відавочны! Як кажуць псіхолагі і педагогі: дзеці нас не слухаюць, дзеці за намі назіраюць.
Пластык, бытавое смецце і іншыя іншародныя матэрыялы – гэта не толькі эстэтычна не прывабна, гэта прамая пагроза экасістэмам. Пара супыніцца, задумацца і дзейнічаць!
З 22 па 28 красавіка ў Беларусі праходзіць экалагічная акцыя “Беларусь сінявокая”, прысвечаная Міжнароднаму дню Зямлі. Мерапрыемства прызвана захаваць прыродную спадчыну краіны – яе маляўнічыя азёры і рэкі.
Мэта – навесці парадак і добраўпарадкаваць тэрыторыі, прылегаючыя да водных аб’ектаў і нагадаць аб важнасці беражлівых адносін да прыроды. Прапануем кожнаму праявіць сваю грамадзянскую і экалагічную свядомасць і разам са сваімі дзецьмі далучыцца да акцыі, выйсці да бліжэйшых водных аб’ектаў – рэк, азёр, каналаў – і навесці там парадак.
Калі мы будзем рабіць гэта разам, то ў будучым нашы блакітныя артэрыі не будуць мець “пластыкавых” берагоў!
Надзея СІГАЙ, фота аўтара.






Оставить комментарий