Па ініцыятыве раённай арганізацыі Камуністычнай партыі Беларусі 22 красавіка, у дзень нараджэння Уладзіміра Ільіча Леніна, у школе №1 горада Петрыкава прайшла дыялогавая пляцоўка “Код стварэння: ад ідэй Леніна да сучаснага лідарства”.
У мерапрыемстве прынялі ўдзел вучні 8-х класаў.
Спікерамі выступілі старшыня Петрыкаўскай раённай арганізацыі Камуністычнай партыі Беларусі Алена Касцюк і першы сакратар Петрыкаўскай раённай арганізацыі грамадскага аб’яднання “Беларускі рэспубліканскі саюз моладзі” Дар’я Герасіменка.
Удзельнікі зазірнулі ў мінулае і паўдзельнічалі ў інтэрактыўнай віктарыне, прысвечанай жыццю і дзейнасці правадыра Сусветнай рэвалюцыі.
Алена Касцюк пракаменціравала вядомыя факты з жыцця Уладзіміра Леніна і развеяла сучасныя міфы пра правадыра. Асаблівую ўвагу звярнула на лідарскія якасці Уладзіміра Ільіча, на тое, якія магчымасці для простага народа адкрыла Акцябрская рэвалюцыя.
Камуністычны лідар нашага раёна расказала пра сваё акцябрацкае і піянерскае дзяцінства, пра патрыятычныя і грамадзянскія прынцыпы. Супынілася Алена Аляксандраўна і на сваіх поглядах, якія прывялі яе ў Камуністычную партыю Беларусі.
Дар’я Герасіменка расказала моладзі аб якасцях, якімі павінен валодаць лідар, што трэба рабіць, каб павесці за сабой іншых. Таксама першы сакратар паведаміла, якая работа праводзіцца БРСМ і дзе юныя грамадзяне Петрыкаўшчыны могуць рэалізаваць сябе, паказаць свае здольнасці і з цікавасцю правесці час. Расказала пра ўдзел у студатрадах, экалагічных і патрыятычных акцыях, адукацыйных і валанцёрскіх ініцыятывах.
Спікеры адказалі на пытанні моладзі, абмеркавалі пытанне, наколькі ў наш час актуальныя лозунгі, якія прапанаваў стагоддзе назад Уладзімір Ленін.
Юныя ўдзельнікі мерапрыемства паспрабавалі намаляваць свае праекты будучага нашага цудоўнага горада Петрыкава, якім будзе горад у 2050 годзе. Дзявоцкая і хлапечая каманды разважалі пра ўтульныя ўмовы жыцця, аэрадром і месцы адпачынку, сродкі перамяшчэння і экалогію.
Дыялог атрымаўся цікавым і займальным, кожны з удзельнікаў зрабіў свае вынікі.
Напрыканцы мерапрыемства Алена Касцюк пажадала моладзі поспехаў, быць актыўнымі і ініцыатыўнымі. Акрамя таго яна звярнула ўвагу прысутных, што паміж Камуністычнай арганізацыяй Беларусі і БРСМ было падпісана пагадненне аб супрацоўніцтве, накіраванае на аб’яднанне намаганняў у рабоце з моладдзю.
— Агульнай работай побач з моладдзю мы зробім нашу краіну квітнеючай і моцнай, — падагульніла лідар раённых камуністаў.







Оставить комментарий