Разважаючы пра 500-годдзе горада, ці, дакладней сказаць, паўтысячагадовую гісторыю з часу першага згадвання Петрыкава ў пісьмовых крыніцах, воляй-няволяй задумваешся пра падарункі. Мы ўжо пісалі пра грунтоўнае добраўпарадкаванне ўзбярэжжа Прыпяці, месцы, дзе нядрэнна было б зрабіць тратуары дзеля бяспекі і камфорту. І калі працягваць гаворку пра сучасную правінцыю, просіцца заняць месца ў райцэнтры, што перажывае другую маладосць, яшчэ адзін аб’ект — кругласутачная крама.

Ведаю, у пэўнай часткі чытачоў зараз на тварах з’явілася нядобрая ўсмешка. Маўляў, па-першае мы гэта ўжо праходзілі, а па-другое — як з’явіцца такая гандлёвая кропка, то не будзе жыцця навакольным гараджанам. Але давайце разбірацца грунтоўна.

У першую чаргу хацелася б зазначыць, што не варта атаясамліваць адкрыццё кругласутачнай крамы толькі з задавальненне патрэб тых, што надвячоркам, пасля смачнай чаркі, пажадаў працягу свята. Такія спажыўцы абавязкова знойдуцца, але ці трэба з гэтай прычыны не зважаць увагі на патрэбы астатніх. Сітуацыі бываюць розныя: нехта гадуе немаўля і з нядобрым здзіўленнем сярод ночы бачыць, што скончылася ці «перажыла» тэрмін прыдатнасці дзіцячая сумесь. Іншы прыбыў дадому а поўначы на цягніку «Гомель-Брэст» і заўважыў, што няма патрэбных прадуктаў. Ці наадварот, збіраецца чалавек глыбокім вечарам у камандзіроўку і высвятляецца, што не мае чагосьці са спісу неабходных рэчаў. Сітуацый, як бачыце, шмат і ўсе яны розныя. А ўжо спіс рэчаў, якія спатрэбіліся калісьці пасярод ночы, можна працягваць бясконца.

Што да кліентаў, якія з-за ўжытага алкаголю пакрыху губляюць сувязь з нормай паводзін, то тут усё прасцей, чым здаецца. Ёсць патрульна-паставая служба РАУС, ды і продаж алкаголю рашэннем адміністрацыі раёна можна абмежаваць да пазіцый слабаалкагольных найменняў ці па часе продажу.

Мне здаецца, што так ці інакш падобная гандлёвая кропка з’явіцца ў горадзе, што расце і развіваецца. Пры чым крама так арганічна ўпішацца ў нашае жыццё, што праз непрацяглы час нам ужо і ўявіць будзе складана, як мы без яе абыходзіліся.

Арцём ГУСЕЎ.

Оставить комментарий

avatar
  Подписаться  
Уведомление о