У Петрыкаве прайшоў сольны канцэрт дзвюх выдатных артыстак Яны Сцепаненка і Вікторыі Піскун пад назвай “Глядзі ў мяне”.

Яна працуе ў Петрыкаўскай цэнтральнай раённай бальніцы, а Вікторыя з’яўляецца студэнткай Гомельскага дзяржаўнага каледжа мастацтваў імя Сакалоўскага. Дзяўчыны частыя госці на розных канцэртах і мерапрыемствах горада і раёна.

Як распавялі спявачкі, проста надышоў час паказаць усе свае ўменні, а як яшчэ лепш гэта зрабіць, калі не на сольным канцэрце.

Жыхарам Петрыкава ў пятнічны вечар удалося ўбачыць сапраўднае музычнае шоу, атрымаць асалоду ад жывога выканання і яркіх танцавальных нумароў.
На канцэрце, працягласцю больш за дзве гадзіны, прагучалі сусветныя хіты. Артысткі выканалі песні на чатырох мовах: беларускай, рускай, украінскай і англійскай. За высокае прафесійнае выкананне ў адказ ад гледачоў атрымалі бурныя апладысменты і кветкі.

“Ідэя сольнага канцэрта з’явілася прыкладна паўгода таму, але сур’ёзна яна ніяк не ўспрымалася, хутчэй як мара, якую нядрэнна было б увасобіць калі-небудзь у будучыні, – распавялі выканаўцы. – Гэтую ідэю нам на працягу паўгода ўвасабляў Анатоль Рудзько, па сумяшчальніцтве наш выкладчык па вакале. Ён першапачаткова больш за ўсіх верыў, што задумка можа здзейсніцца. На рэпетыцыі было затрачана дастаткова шмат часу. Каля 5 гадзін на працягу месяца кожны дзень. Здаралася, што мы маглі прыйсці рэпеціраваць а 10 гадзіне раніцы, а дадому прыходзілі толькі а 6-й гадзіне вечара.

Пасля канцэрта мы адчулі самае сапраўднае шчасце. Вельмі прыемна было пачуць самыя добрыя словы сяброў, знаёмых, бачыць слёзы сваякоў. Гэтыя эмоцыі, напэўна, былі нам даражэй за ўсё. Нашая мэта была паказаць людзям, што музыка не мае межаў, у ёй няма ніякіх рамак і яна можа быць абсалютна рознай. Таксама мы хацелі пашырыць кругагляд людзей і, здаецца, у нас гэта атрымалася. Людзі былі ў прыемным шоку, убачыўшы нас як у элегантных вячэрніх сукенках, так і ў самых недарэчных неонава-ружовых парыках з дзіцячымі акулярамі ў рознакаляровых касцюмах”.

Гэты канцэрт стаў першым сольнікам у гісторыі дуэта, і, спадзяемся, што творчы саюз чакае яшчэ больш поспехаў у будучыні!

Наталля ПЕТРУШЭНКА.
Фота аўтара.

Оставить комментарий

avatar
  Подписаться  
Уведомление о