СЁННЯ – ДЗЕНЬ ШАХЦЁРА

0
523

У Петрыкаўскім рудаўпраўленні працуе Раман Іваноў – электраслесар падземнага горнага ўчастку № 1. 

СЁННЯ – ДЗЕНЬ ШАХЦЁРА– Нарадзіўся я ў расійскім горадзе Варонежы, але калі мне было 3 гады, наша сям’я пераехала ў суседнюю з Петрыкавам Любань, з тых часоў я жыву ў Беларусі і, вядома, лічу сябе беларусам, – пачаў гутарку Раман Вячаслававіч.

Абавязак электраслесара – забяспечыць бесперабойную работу ўсяго электраабсталявання на сваім падземным горным участку. Суразмоўца падзяліўся, што без разумення адказнасці, пэўна б, і не звязаў свой лёс з гэтай прафесіяй – яно і не дзіва: сілавыя ўстаноўкі працуюць пад напружаннем 10 кілавольт.

– У “Беларуськаліі” я працую не так даўно – 2 гады і 4 месяцы. Але здарылася так, што тры мае напарнікі працаўладкаваліся на пасаду электраслесара яшчэ пазней і мне давялося стажыраваць іх і быць для калег, як кажуць, старэйшым таварышам.
Вядома, шахцёрскую справу лёгкай не назавеш і складана працаваць не толькі людзям, але і абсталяванню. Здараецца так, што тэхніка не вытрымлівае нагрузкі і мы выпраўляемся на рамонтныя работы. Калі паломка адбываецца ў канцы змены, наша звяно застаецца ў шахце пакуль няспраўнасць не будзе ліквідавана. Акрамя гэтага, вядома, займаемся і прафілактычнымі работамі, – падзяліўся мужчына.
Раман Іваноў шчаслівы бацька трох дзяцей. Старэйшая дачка Марта навучаецца ва ўніверсітэце, сын Матвей і малодшая дачка Паліна яшчэ школьнікі. Жонка Крысціна таксама працуе ў Петрыкаўскім рудаўпраўленні. Вольны час сям’я бавіць на загараднай сядзібе ў вёсцы Міцуры, сярод маляўнічых пейзажаў і таемнай прыроднай цішыні.

– Падымаючыся на паверхню, мне здаецца, кожны сямейны чалавек імкнецца хутчэй да жонкі і дзяцей. Сям’я, на самой справе, самае галоўнае для чалавека. Таму, апрача моцнага здароўя, дабрабыту, поспехаў, незгасальнай любові да сваёй справы, я жадаю калегам напярэдадні нашага прафесійнага свята сямейнага шчасця, якое надае нам энергіі для шчырай штодзённай працы, – падвёў вынікі нашай размовы Раман Вячаслававіч.

Арцём ГУСЕЎ.
Фота аўтара.

Оставить комментарий

avatar
  Подписаться  
Уведомление о