Ёсць у вялікіх гарадоў гарады-спадарожнікі. А ў памерах нашага раёна гэта могуць быць сельскія населеныя пункты. Менавіта спадарожнікам гарадскога пасёлка Капаткевічы я б назвала вёску Першая Слабодка. Нейкіх паўтара-два кіламетры – і ты ў пасёлку.
Згадваецца Першая Слабодка ўпершыню ў пісьмовых крыніцах у ХІХ стагоддзі як вёска ў Мазырскім павеце Мінскай губерні. Назва паходзіць ад слова “свабода”, “слабода”. У такіх месцах сяліліся людзі, якія былі вызвалены ад дзяржаўных павіннасцей і падаткаў. Назва вельмі распаўсюджаная, напрыклад у Беларусі існуе 49 населеных пунктаў з назвай Слабодка, 74 – з назвай Слабада. Але на Першы і Другі разлічыліся Слабодкі толькі ў нашым раёне!
Напрыканцы ХІХ стагоддзя ў вёсцы дзейнічала капліца і хлеба запасная крама. Ужо ў 1914 годзе ў вёсцы адкрываецца школа, а ў 1930-м арганізоўваецца калгас.
У гэты час паблізу вёскі размяшчалася вайсковая часць, якая, у тым ліку, абслугоўвала доўгатэрміновыя кропкі Мазырскага ўмацаванага раёна. Вёска была своеасаблівым спадарожнікам ваеннага гарадка, тут жыло шмат ваенных з сем’ямі. Населены пункт налічваў больш за 600 жыхароў. З гарадскім пасёлкам Першую Слабодку праз раку звязваў драўляны аўтамабільны мост. Цікава, што на ўскраіне Першай Слабодкі была пабудавана МІНА, гэта цэлы фартыфікацыйны комплекс, які складаўся з падземных казематаў, сілавых падстанцый і сховішчаў, злучаных падземнымі хадамі з агнявымі кропкамі. Умацаванне МІНА-302 будавалася закрытым спосабам пад дзеючымі могілкамі. На час будоўлі і эксплуатацыі пахаванні былі забаронены. Збудаванне двух узроўневае, але па легендах, якія распаўсюджаны ў вёсцы, узроўняў было тры. І з ніжэйшага падземны ход вёў пад ракою да раённага цэнтра Капаткевічы. І хоць гэта толькі чуткі, энтузіясты шукаюць доказы, каб пацвердзіць ці абвергнуць гэтыя звесткі.
Каб не застацца ў акружэнні ў жніўні 1941 года савецкія байцы ўзарвалі агнявыя кропкі і МІНУ Мазырскага ўмацаванага раёна і адышлі без бою за лінію фронту.
Каля вёскі ў 1944 годзе доўгі час праходзіў фронт, таму пасля вайны палі і лясы вакол яе былі нашпігаваны смяротным мяталам. На працу па размінаванні выйшлі 12-15-гадовыя падлеткі. Некаторыя з іх атрымалі калецтвы, як, напрыклад, Пётр Бяляцкі, які страціў нагу.
Доўгі час з 40-х па 80-я гады ХХ стагоддзя паміж Капаткевічамі і Першай Слабодкай адсутнічаў мост праз раку Пціч. Як успамінаў жыхар хаты, што стаяла на беразе, Яўгеній Кудравец, часта з-за ракі было чуваць крык: “Жэня, Кудравец, лодку давай!”. Тады ён адпраўляў сына ці выходзіў сам і перавозіў землякоў цераз раку.
У пачатку 80-х гадоў ХХ стагоддзя з’явіўся мост, што значна спрасціла жыццё сяльчан: цяпер трапіць у Капаткевічы можна было без турбот.
Вёска ганарыцца сваімі ўраджэнцамі: Анатолем Ру-дзеняй і Мікалаем Бяляцкім. Анатоль Рудзеня (1938-2013 гады), лётчык знішчальнай-бамбардзіровачнай авіацыі, савецкі спецыяліст у галіне ракетна-касмічнай тэхнікі. Узнагароджаны ордэнам Чырвонай Зоркі і Працоўнага Чырвонага Сцяга за заслугі ў стварэнні і правядзенні выпрабаванняў шматразовай касмічнай сістэмы “Энергія-Буран”.
Мікалай Бяляцкі нарадзіўся ў 1950 годзе, з адзнакай скончыў Капаткевіцкую сярэднюю школу. Доктар эканамічных навук, прафесар Дзяржаўнага эканамічнага ўніверсітэта, распрацаваў канцэпцыю “квантавага менеджменту” і актыўна даследаваў трансфармацыю кіраўніцкіх якасцяў.
Час бяжыць і колькасць жыхароў у вёсцы Першая Слабодка змяншаецца, крама і ФАП прыязджаюць па раскладу. Між тым, у вёсцы працуе МТФ “Першая Слабодка” БК ААТ “Чалюшчавічы”, тры шматдзетныя сем’і пабудавалі ў вёсцы добраўпарадкаваныя дамы.
Зараз у Першай Слабодцы зарэгістравана 109 жыхароў, з іх 17 дзяцей, якіх падвозіць школьны аўтобус у садок і ў школу. Яшчэ некалькі гараджан прыязджаюць у бацькоўскія хаты, як на дачы.
Прыгожая прырода, блізкасць да ракі і лесу, а таксама гарадскі пасёлак з інфраструктурай у пешай даступнасці робяць вёску прывабнай для жыцця.
Слабодка пад нумарам “Першая” працягвае жыць з улікам новых павеваў, якія дыктуе час.
Надзея СІГАЙ.






Оставить комментарий