Не спыняцца на дасягнутым

0
60

Кожнае прадпрыемства трымаецца на людзях, якія стаялі ля яго вытокаў. Дзень хіміка стаў нагодай для сустрэчы з чалавекам, чыя працоўная біяграфія – рэальны прыклад таго, як адказнасць і любоў да справы вядуць да вяршынь прафесіяналізму.

Не спыняцца на дасягнутымВіталій Ашарчук родам з горада Светлагорска. Але лёс распарадзіўся так, што знайшоў ён не толькі працу, але і сямейнае шчасце на Петрыкаўшчыне. Разам з будучай жонкай Марынай пераехалі на яе малую радзіму. Сёння Петрыкаў мужчына называе другім домам.

У 2020 годзе Віталій Аляксандравіч пераступіў парог Петрыкаўскага рудаўпраўлення, пачаўшы з самай, здавалася б, радавой пазіцыі – машыніста млыноў у аддзяленні размолу і флатацыі. Цяжкая вытворчасць, дзе кожная дробязь уплывае на якасць сыравіны, не напалохала машыніста. Віталій Ашарчук працаваў адказна і якасна, таму кіраўніцтва прапанавала яму пасаду майстра аддзялення.

Не спыняцца на дасягнутым, ставіць новыя мэты і ісці да іх – правіла нашага героя. У 2022 годзе прайшоў стажыроўку начальніка аддзялення пагрузкі. Гэта зусім іншы ўзровень адказнасці: ад рашэнняў майстра залежыць, наколькі хутка і бяспечна гатовая прадукцыя пойдзе да спажыўца.

Сёння Віталій Ашарчук – намеснік начальніка сільвінітавай абагачальнай фабрыкі па вытворчасці. У зоне яго адказнасці – не толькі бесперабойная работа цэхаў, але і якасная адгрузка гатовай прадукцыі, арганізацыя пагрузкі, кантроль за правядзеннем рамонтаў і выпускам прадукцыі строга па стандартах. Пагадзіцеся, праца сапраўды цяжкая, а адказнасць – велізарная.

Затаіўшы дыханне слухаю, як Віталій захоплена, з натхненнем расказвае пра ўвесь тэхналагічны працэс фабрыкі: ад пачатку паступлення сыравіны да адпраўлення гатовага прадукту на пагрузку.

– Гэта маштабны шматузроўневы алгарытм, які злучае складаныя працэсы, унікальнае абсталяванне і кваліфікаваных спецыялістаў. САФ Петрыкаўскага рудаўпраўлення вырабляе і пастаўляе спажыўцам калій хлорысты дробны і калій хлорысты грануляваны. Якасць прадукцыі кажа сама за сябе, таму адгрузкі партнёрам у іншыя краіны рэгулярныя. Партыі ідуць марскім шляхам у кантэйнерах, а таксама дастаўляюцца чыгуначнымі саставамі, – распавядае Віталій Аляксандравіч. – Мы ўсе тут працуем на агульную справу. І што асабліва радуе – кожны ставіцца да абавязкаў адказна, таму і вынік відавочны.

Прафесіяналізм нашага героя высока ацэнены. У 2023 годзе Віталій Аляксандравіч быў занесены на раённую Дошку гонару. І гэта, безумоўна, заслужанае прызнанне. Такія працавітыя людзі як Віталій Ашарчук з’яўляюцца сапраўдным скарбам для любога прадпрыемства і для грамадства ў цэлым.

Марыя ТАМКО, фота аўтара.

Оставить комментарий

avatar
  Подписаться  
Уведомление о