Напярэдадні прафесійнага свята – Дня хіміка – мы сустрэліся з дырэктарам Петрыкаўскага рудаўпраўлення Юрыем Пятроўскім. Размова была не толькі пра тоны і працэнты, але і пра той асаблівы сплаў навукі і чалавечай працы, які вызначае як дзень сённяшні, так і будучыню прадпрыемства.
Саюз нетраў і высокіх тэхналогій
Петрыкаўшчына сёння трывала асацыюецца з айчыннай горна-хімічнай індустрыяй. Жыццё рудаўпраўлення выразна падзелена на два цэнтры: падземны (шахта) і наземны (фабрыка).
– На глыбіні сотняў метраў гарнякі вядуць здабычу руды. Шахцёры першымі прымаюць выклік прыроды, здабываючы руду з унікальнага Петрыкаўскага радовішча. Дарэчы, яно афіцыйна прызнана адным з найбагацейшых залежаў калійнай солі ў краіне, – не без гонару зазначае Юрый Барысавіч і дадае: – Сапраўдная магія хіміі адбываецца на сільвінітавай абагачальнай фабрыцы. Здабытая парода – гэта толькі сыравіна. Фабрыка ператварае падземныя крышталі ў высакакласны канцэнтрат. Гэта складаная хімічная вытворчасць, дзе ўжываюцца перадавыя тэхналогіі флатацыі і грануляцыі. Дзякуючы прафесійнай працы абагачальнікаў, калійная соль чысціцца ад прымешак і набывае форму і змест, неабходныя спажыўцу.
Сведчаць лічбы
Напярэдадні прафесійнага свята прынята аналізаваць статыстыку, падводзіць прамежкавыя вынікі.
– З пачатку года мы забяспечылі рост вытворчасці на 130%. У бліжэйшы час на 5 месяцаў прадпрыемства ўвойдзе ў стадыю перамантажу, аднак зроблены задзел дазволіць нам каляндарны год завяршыць з ростам да мінулагодняга паказчыка.
Між іншым, у верасні Петрыкаўскаму РУ – 7 гадоў. За гэты час выраблена больш за 5 мільёнаў тон руды. І гэта з улікам таго, што першыя гады мы працавалі далёка не на поўную магутнасць. Аднак з 2023 года РУ выдае не менш за мільён тон руды.
На сённяшні дзень асноўная частка прадукцыі Петрыкаўскага рудаўпраўлення ідзе на экспарт. Ва ўмовах жорсткай сусветнай канкурэнцыі гэта лепшае сведчанне высокай якасці нашага прадукта і бездакорнага аўтарытэту прадпрыемства, – пазначыў суразмоўца.
Галоўны капітал – людзі
– Вытворчыя магутнасці, глыбіня залягання соляў і сучаснае абсталяванне – гэта толькі база, – падкрэслівае дырэктар рудаўпраўлення Юрый Пятроўскі. – У нашага прадпрыемства, безумоўна, велізарная будучыня і каласальны патэнцыял росту. Але галоўная, самая надзейная і непарушная каштоўнасць рудаўпраўлення – гэта, вядома, нашы людзі. Калійная вытворчасць не даруе абыякавасці. Гэта праца для моцных духам, адданых сваёй справе прафесіяналаў. Кожны кілаграм гатовага прадукта – гэта вынік кругласутачнай, адказнай працы ўсяго калектыва.Менавіта агульнымі намаганнямі надзейна ўмацоўваецца эканамічны дабрабыт прадпрыемства і краіны.
Словы ўдзячнасці і святочныя пажаданні
Напярэдадні свята Юрый Пятроўскі дасылае словы віншаванняў калектыву:
– Паважаныя працаўнікі Петрыкаўскага рудаўпраўлення! Ад усёй душы віншую вас з прафесійным святам – Днём хіміка. Наша праца ўнікальная: мы аб’ядноўваем суровую шахцёрскую доблесць і тонкую, стваральную сілу хімічнай навукі. Дзякуй вам за адданасць роднаму прадпрыемству, за ваш высокі прафесіяналізм і надзейнасць. Шчыра жадаю кожнаму з вас моцнага, як сільвінітавы пласт, здароўя! Няхай у вашых дамах заўсёды пануюць мір, цяпло і дастатак. Жадаю безаварыйнай працы, новых вытворчых рэкордаў, упэўненасці ў заўтрашнім дні і невычэрпнай энергіі для рэалізацыі ўсіх намечаных планаў.
Галіна КАЗАК, фота аўтара.







Оставить комментарий