Слова “хімік” для большасці з нас гучыць суха і афіцыйна. Але варта пераступіць парог Петрыкаўскага рудаўпраўлення, як гэтае паняцце напаўняецца жывым рытмам механізмаў, шумам канвеераў і, самае галоўнае, любоўю да гэтай справы.
Напярэдадні Дня хіміка карэспандэнты “ПН” наведалі градаўтваральнае прадпрыемства, дзе людзі працуюць як адзіны механізм. Несумненна, кожны на сваім месцы дзеля высакароднай мэты: здабываць руду для краіны і на экспарт. Мы сустрэліся з Янай Таболіч, майстрам аддзялення фільтрацыі сільвінітавай абагачальнай фабрыкі, аднаго з ключавых звёнаў працэсу вытворчасці калійных угнаенняў.
Аддзяленне фільтрацыі
Наша сустрэча пачынаецца з экскурсіі па шумных цэхах, дзе працуюць ланцуговыя вакуум-фільтры. Высокія, як іншапланетныя шляхі, яны ўзніклі тут не выпадкова: пяць фільтраў для абязводжвання хвастоў флатацыі і пяць – для абязводжвання флатаканцэнтрату хларыду калію.
– Аддзяленне фільтрацыі – этап 2-х стадый абязводжвання карыснага выкапня. З аддзялення флатацыі ў аддзяленне фільтрацыі бесперапынна паступае пенны прадукт, які раўнамерна размяркоўваецца і рухаецца па палатну стужачнага вакуум-фільтра. З дапамогай вакууму вадкая фаза ўсмоктваецца праз фільтр, а цвёрдыя крышталі хларыду калія застаюцца на паверхні палатна, утвараючы “кек”. Адфільтраваны канцэнтрат з мінімальна дапушчальнай вільготнасцю перадаецца па канвееры ў аддзяленне сушкі, а вадкая фаза вяртаецца ў тэхналагічны цыкл для паўторнага выкарыстання. Важна максімальна эфектыўна аддзяліць вадкую і цвёрдую фазы, каб знізіць выдаткі энергіі на наступную тэрмічную сушку і не дапусціць страт карыснага кампанента, – падзялілася майстар аддзялення.
За плячыма Яны – вучоба ў Беларускім нацыянальным тэхнічным універсітэте. Дзіцячая мара стаць горным інжынерам матэрыялізавалася дзякуючы бацьку. Дзяўчына паспяхова скончыла факультэт “Горная справа і інжынерная экалогія” і маладым спецыялістам прыйшла на рудаўпраўленне.
Справіцца з любой задачай дапамагае каманда
Абыходзячы прамысловыя масівы, Яна Аляксандраўна з цёплай усмешкай вітае калег. У аддзяленні фільтрацыі працуюць як мужчыны, так і жанчыны.
– Наша каманда – гэта сплаў вопыту і маладой энергіі, – дадае суразмоўца. – А дэвіз наш просты: “Адзін за ўсіх, і ўсе за аднаго”. Маладыя спецыялісты хутка ўліваюцца ў строй, таму што вопытныя настаўнікі заўсёды побач. Я цаню кожнага чалавека ў нашым аддзяленні, – дзеліцца Яна Аляксандраўна. – Майстру лёгка кіраваць, калі перад ім згуртаваная каманда аднадумцаў. Мы разам радуемся поспехам, разам аналізуем памылкі і дзякуючы гэтаму становімся мацнейшымі. Толькі за адну змену пад нашым пільным позіркам праходзіць 4000 тон сыравіны на сушку.
Дасягненні маёй гераіні неаднаразова былі адзначаны на ўзроўні прадпрыемства, але галоўная ўзнагарода Яны Аляксандраўны ў сям’і.
За межамі фабрыкі
– Дома мяне заўсёды чакае сыночак Кірыл, якому вось-вось споўніцца 7 гадоў. Побач – каханы муж Вадзім, мая галоўная апора і тыл. За межамі фабрыкі я шукаю баланс у простых, але важных рэчах. Мая аддушына пасля цяжкіх змен – чытанне. Яно дапамагае ўпарадкаваць думкі. Ну, а кожныя выхадныя я прысвячаю бацькам. Наша сумесная праца на дачы, размовы пра ўсё на свежым паветры – вось што дае мне энергію на працоўныя будні. Дзякуючы іх падтрымцы, я ведаю: спраўлюся з любымі вытворчымі задачамі, – прызнаецца гераіня.
Яна Аляксандраўна – наглядны прыклад таго, што беларуская жанчына можа быць і чулай маці, і выдатным кіраўніком, і настаўнікам для калег.
Марыя ТАМКО, фота аўтара.






Оставить комментарий