Анастасія Літвінава працуе медыцынскай сястрой у раённай бальніцы першы год, але ўжо заслужыла павагу сярод калег за адказныя адносіны да працы. Ды і наведвальнікі хірургічнага кабінета хутка заўважылі і ацанілі прафесійныя якасці работніка і ўменне знайсці неабходныя словы падтрымкі хворым. Прыехала Анастасія Ігараўна на Петрыкаўшчыну па размеркаванні пасля заканчэння Гомельскага медыцынскага каледжа. Сама родам з абласнога цэнтра. А ў тым, што пачала сваю практыку ў райцэнтры, бачыць толькі плюсы.

Выдатны старт у працы– Не было калі думаць і “раскачвацца”, адразу прыйшлося брацца за справу, – успамінае суразмоўца. – За час, які правяла з пацыентамі, у мяне ўжо з’явіўся невялікі прафесійны вопыт.
Медык не ўтойвае, што напачатку, як толькі прыступіла да работы медсястры ў перавязачачным кабінеце, было цяжка.

– Першую рану, з якой мне давялося працаваць, добра памятаю. Была яна не з лёгкіх, але я не баялася яе апрацоўваць і лячыць, мне было страшна не выканаць усё паслядоўна, правільна, у час, і так, каб пасля не было наступстваў, – дзеліцца думкамі медработнік, і дадае: але ў мяне быў і ёсць цудоўны куратар, хірург, в вялікай літары – Уладзімір Зданчук, які ўсяліў у мяне ўпэўненасць і дае неацэнныя парады.

Глядзіш на гэтую прыгожую маладую дзяўчыну, як яна лёгка, і ўпэўнена карыстаецца хірургічнымі інструментамі, з натхненнем расказвае пра свае працоўныя будні, разумееш, што прафесія, якую яна выбрала, цалкам яе. Мае думкі падцвярджае і далейшы аповед гераіні. Прыкладам у выбары прафесіі паслужыў жыццёвы шлях бабулі, якая працавала медыцынскай сястрой у абласной бальніцы. Ужо ў старэйшых класах яна мэтанакіравана рыхтавала сябе да абранай прафесіі, бо заўсёды лічыла дзейнасць людзей у белых халатах ганаровай.

– Пашанцавала мне і з першым месцам працы. Калектыў прыняў мяне з цеплынёй, а кіраўніцтва паклапацілася пра жыллё. Работа цікавая. Настрой цудоўны, – рэзюміруе Анастасія Ігараўна.

Ёсць у маёй гераіні нейкі асаблівы агеньчык у вачах, шчырасць і непадробнае жаданне працаваць. Не ўсім даецца ў такім маладым узросце ведаць, што ты на сваім месцы, цаніць і любіць справу, якой марыш прысвяціць жыццё. Я ўпэўнена, што яе ўмелыя і надзейныя рукі не раз заслужаць словы ўдзячнасці ад пацыентаў.

Святлана СОБАЛЕВА, фота аўтара.

Оставить комментарий

avatar
  Подписаться  
Уведомление о