Асцярожна, злая рэальнасць

0
507

Далёка не кожны жыхар нашага горада і раёна знаёмы з правіламі ўтрымання котак і сабак. Пра гэта гаворыць той факт, што да нас ў редакцыю звяртаюцца чытачы з пытаннем, хто адказны за жывёл, якія бадзяюцца па вуліцы без гаспадара?
Часам людзі, якія жывуць з хатнімі жывёламі, лічаць іх паўнавартасным членам сям’і, але неабходна памятаць, што нават калі жывёла праяўляе цёплыя пачуцці да гаспадара, наўрад ці яна будзе таксама сябе паводзіць у адносінах да чужых людзей.
Што трэба ведаць кожнаму чалавеку, хто гадуе дома чацвераногага сябра. Пра гэта мы пагаварылі з начальнікам аддзела ЖКГ, архітэктуры і будаўніцтва райвыканкама Ягорам Шапецька.

– Што павінен зрабіць у першую чаргу чалавек са з’яўленнем хатняга гадаванца?
– Адпаведна Правілаў ўтрымання хатніх сабак, катоў, а таксама адлову безнаглядных жывёл у населеных пунктах Рэспублікі Беларусь, зацверджанымі пастановай Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь № 834 ад 04 чэрвеня 2001 года, хатнія сабакі, каты падлягаюць рэгістрацыі на працягу 3 дзён з дня набыцця.
Шчанюкі і кацяняты павінны быць зарэгістраваны ва ўзросце ад 3 да 3,5 месяцаў. Уладальнікі сабак патэнцыйна небяспечных парод павінны прайсці кіналагічныя курсы, атрымаць адмысловую даведку.
Для рэгістрацыі хатніх жывёл неабходна звярнуцца ў службу “Адно акно” райвыканкама з пашпартам уладальніка жывёлы, а таксама пасведчаннем або даведкай аб праходжанні ўладальнікам сабакі навучання на курсах па развядзенні, утрыманні і доглядзе за сабакамі, толькі для ўладальнікаў сабак патэнцыйна небяспечных парод.
За парушэнне правілаў утрымання сабак, катоў ці драпежных жывёл прадугледжана адміністрацыйная адказнасць у выглядзе папярэджання або накладання штрафу ў памеры ад адной да пятнаццаці базавых велічынь.

– Колькі жывёл можна трымаць у кватэры?
– Дазваляецца ўтрымліваць не больш за дзве жывёлы (сабак, котак) у займаемай адной сям’ёй асобнай кватэры шматкватэрнага жылога дома.
У кватэры, дзе пражывае некалькі наймальнікаў (уласнікаў), не больш за адну жывёлу (сабаку, котку) на сям’ю наймальніка пры згодзе ўсіх непаўналетніх грамадзян, якія пражываюць у кватэры.

  • ДАВЕДКА:
    Усяго на 2023 год у Петрыкаўскім раёне зарэгістраваны 34 сабакі, 2 з якіх патэнцыйна небяспечнай пароды.
    Праведзена ў 2022 годзе 6 рэйдаў па выяўленні незарэгістраваных жывёл, выдадзена 41 прадпісанне па выкананні правілаў утрымання свойскай жывёлы.
    Сума выплачанага ў 2022 годзе жыхарамі падатку за валоданне сабакамі складае 1032,3 рубля.

– Ці плацяць падатак уладальнікі на ўтрыманне хатніх жывёл?
– Плацяць толькі ўладальнікі сабак. Колькі давядзецца плаціць гаспадару – залежыць ад памеру і пароды яго хвастатага сябра.
За аднаго сабаку сума падатку складае 0,15 базавых велічынь штомесяц, за патэнцыйна небяспечную пароду – 0,75 базавых велічынь штомесяц.
Ад падатку на ўтрыманне жывёл вызваляюцца пенсіянеры, а таксама інваліды І і ІІ групы, інваліды па зроку, для якіх сабака з’яўляецца павадыром. Таксама ад падатку вызваляюцца ўладальнікі сабак, якія пражываюць у прыватным сектары, аднакватэрных і блакіраваных дамах, калі яны не займаюцца развядзеннем сабак для атрымання дадатковага даходу.

– Дзе і як правільна выгульваць сабак?
– Калі ж вашы гадаванцы пакідаюць межы вашага жылля, то вы павінны прыняць меры для выключэння магчымасці нанясення імі шкоды іншым грамадзянам, жывёлам і забруджвання агульнай маёмасці, размешчанай у дапаможных памяшканнях і на прыдамавой тэрыторыі.
У час прагулкі ў грамадскіх месцах сабака павінен быць на кароткім павадку і ў намордніку. Пад гэта правіла не падпадаюць невялікія гадаванцы, якія ніжэй за 25 см у карку, і шчанюкі. Таксама варта мець на ўвазе, што выгульваць сабак патэнцыйна небяспечных парод могуць толькі паўналетнія грамадзяне.
Выгул сабак ажыццяўляецца ў строга вызначаных месцах, адведзеных для гэтых мэт мясцовымі выканаўчымі і распарадчымі органамі.
Пры ўтрыманні хатняй жывёлы павінны выконвацца ветэрынарна-санітарныя нормы і правілы: гадаванец не павінен перашкаджаць суседзям (шум, пах), забруджваць месцы агульнага карыстання.
Жывёла павінна быць патэнцыйна бяспечнай для навакольных.

Наталля ПЕТРУШЭНКА.

Оставить комментарий

avatar
  Подписаться  
Уведомление о