Напярэдадні Дня медыцынскага работніка па добрай шматгадовай традыцыі ў Мінску падвялі вынікі прафесійнага конкурсу “Урач года Рэспублікі Беларусь-2022”. Прыемна зазначыць, што сёлета па выніках конкурсу лепшым урачом агульнай практыкі стала загадчык Капцэвіцкай амбулаторыі ўрача агульнай практыкі УАЗ “Петрыкаўская ЦРБ” Тамара Стакан.

Лячыць –  гэта мая справа“Вельмі прыемна, што маю працу так высока ацанілі, але перамога ў конкурсе – гэта заслуга ўсяго калектыву. У нас сапраўды цудоўная каманда!” – пасля слоў віншавання адзначыла Тамара Аляксееўна.
Загадчык амбулаторыі сціпла і ў той жа час з вялікай любоўю распавяла пра нюансы работы сельскай амбулаторыі, дружны калектыў аднадумцаў-прафесіяналаў, выпадкі з багатай урачэбнай практыкі.

Лячыць –  гэта мая справаЗ 2013 года загадвае Капцэвіцкай амбулаторыяй наша гераіня. Папярэднім месцам працы быў Рэспубліканскі навукова-практычны цэнтр радыяцыйнай медыцыны і экалогіі чалавека. Што прымусіла кандыдата медыцынскіх навук, вопытнага імунолага-алерголага змяніць накірунак прафесійных інтарэсаў і пераехаць у сельскую мясцовасць? Як падзялілася наша гераіня, вялікая прафесійная загружанасць яе і мужа, які, між іншым, таксама ўрач, у нейкі момант стала прычынай таго, што яны перагледзелі жыццёвыя арыенціры на карысць 3-х сыноў. Па прашэсці часу, упэўнены – рашэнне пераехаць у сельскую мясцоваць было правільнае: дзеці атрымалі належнае выхаванне і адукацыю, прывучаны да працы і пастаяннага самаразвіцця (старэйшыя жывуць і працуюць у Гомелі, малодшы – вучань мясцовай школы), а прафесійную практыку Тамара Аляксееўна па-ранейшаму мае багатую і разнастайную.

Лячыць –  гэта мая справаНа сённяшні дзень у зоне прафесійнага клопату ўрача – 1790 чалавек, якія пражываюць на тэрыторыі Капцэвіцкага сельскага Савета, і 1810 – Ляскавіцкага (замяшчае вакансію).
На шчасце, павольны ўклад жыцця ў Капцэвічах дазваляе доктару надаць пацыентам столькі часу, колькі патрэбна. І нават крыху больш.

Лячыць –  гэта мая справа– Ні адміністрацыйная, ні навуковая праца не захапляюць мяне настолькі, як жаданне разабрацца ў кожным дыягназе, знайсці прычыну захворвання. Лячыць – гэта на ўсе 100% мая справа, – дзеліцца суразмоўца. – У сярэднім у амбулаторыю за дзень звяртаецца 30 пацыентаў. Жанчыны звяртаюцца часцей, у асноўным са скаргамі на высокі ціск і праблемы з сэрцам. А вось з мужчынамі складаней – яны неахвотна ідуць на прыём да ўрача, даводзіцца шмат размаўляць, пераконваць пачаць лячэнне. Запатрабаваны сярод насельніцтва дзённы стацыянар. Маем усяго толькі тры койка-месцы, таму, каб задаволіць попыт, арганізуем яго работу ў дзве змены.
Увогуле, імкнуся арганізаваць дзень так, каб спакойна пагутарыць з кожным чалавекам і глыбока ўнікнуць у яго праблемы са здароўем. Таму, на жаль, усю ўрачэбную дакументацыю даводзіцца весці дома ў вячэрні час.

Лячыць –  гэта мая справаАкрамя добрых узаемаадносінаў з мясцовымі жыхарамі, Тамара Аляксееўна плюсам сваёй працы ў сельскай мясцовасці лічыць прыроду краю. Пра што яшчэ можна марыць, калі на душы спакойна, а на сэрцы радасна. Хіба што, каб пацыенты мелі больш адказнасці за ўласнае здароўе.
Пра доктара адміністрацыя і калегі гавораць як пра сапраўднага прафесіянала, надзейнага і безадмоўнага. Пацыенты адчуваюць уважлівае стаўленне да сябе і адказваюць на гэта вялікай удзячнасцю і павагай.

Галіна КАЗАК, фота Арцёма ГУСЕВА.

Оставить комментарий

avatar
  Подписаться  
Уведомление о