Размаўляць з ахвярамі Вялікай Айчыннай вайны на тэму векапомных для народа дзён не проста. Нам, хто нарадзіўся пад мірным небам, успаміны жывых сведкаў тых страшных падзей раскрываюць трагізм народа, паўнату гора безабаронных маці, дзяцей, старых, пакінутых змагацца за права на жыццё. Здаецца, пра “тую” вайну мы ведаем усё, але калі слухаеш споведзь людзей, якія выжылі насуперак усяму, становіцца зразумелым – тэма генацыду беларускага народа ў гады Другой сусветнай не вычарпае сябе ніколі. Мой суразмоўца Юрый Дзям’янавіч Рэут, жыхар вёскі Барычаў, ветэран педагагічнай працы, вязень нямецкіх канцлагераў.

“Вы захавальнікі гістарычнай праўды”
Юрый Дзям’янавіч Рэут: “Наш народ заплаціў дарагую цану за Перамогу ў Вялікай Айчыннай вайне”

– Вайна ў маім лёсе, як і ў лёсе маёй сям’і, вёскі пакінула глыбокі след. Гора, боль, страх – пачуцці, якія адчувалі мы тады, але цвёрда верылі, што прыйдзе дзень і жыццё стане ранейшым, – пачаў свой аповед былы вязень.
Вёска Барычаў з яе жыхарамі перажыла ўсе жахі ваеннага ліхалецця. З першых дзён мужчын прызвалі на фронт. Тыя, хто не падышоў па ўзросце, здароўі пайшлі ў лес да партызан. У вёсцы засталіся старыя, жанчыны і дзеці. Юрый Дзям’янавіч успамінае, што цяжка было выжываць у тых умовах, але людзі засейвалі зямлю, каб атрымаць хоць нейкі ўра-джай, падтрымлівалі адзін аднаго. У адзін з дзён 1943 года дайшла чутка, што карнікі хочуць спаліць вёску. Жыхары схаваліся ў лесе і гэта выратавала ім жыццё. Населены пункт быў спалены датла. Амаль год сям’я нашага героя, разам з іншымі аднавяскоўцамі жыла ў лесе, хаваліся ў густых зарасніках, моху.
– Той страшны дзень 26 чэрвеня 1944 года не забуду ніколі. Разам з братам Вячаславам, сябрамі-аднавяскоўцамі Мішкам Цішкевічам і Славам Некрашэвічам выйшлі на ўскраіну лесу, дзе нас схапілі ўзброеныя нямецкія салдаты. У маці тады забралі двух сыноў, яна засталася адна са сваім горам і безвыходнасцю, – успамінаў былы вязень. – Нас прыгналі ў вёску Сотнічы, кінулі ў гаспадарчае памяшканне і пачалі дапытвацца пра месца знаходжання партызан. Немцы білі нагамі па твары, руках і нагах, ад ран балела скрываўленае цела. На наступны дзень нас змучаных павялі на станцыю Аголіцкая Рудня, адтуль пераправілі ў лагер для палонных у вёску Капцэвічы, потым пешшу да Жыткавічаў, дзе нас пасартавалі для адпраўкі на тэрыторыю акупіраванай фашыстамі Польшчы.
Не даязджаючы Варшавы, палонных дзяцей вывелі з цягніка, пешшу павялі за трыццаць кіламетраў да вёскі Галанка, што каля горада Сербц. У той час мы былі падлеткамі, здольнымі выконваць любую працу. Тут, у польскай вёсцы, Юрый Дзям’янавіч быў два месяцы на ўборцы ўраджаю. Працавалі палонныя ў полі з раніцы да вечара і пад канвоем, кармілі вельмі дрэнна. Выжывалі тым, што час ад часу маглі з’есці крыху збожжа ці бульбы, хоць потым пакутавалі ад болю ў жываце. Часта давалі сапсаваныя прадукты. Суразмоўца ўспамінае, што часам ім прапаноўвалі сыркі, калі дзеці іх разгортвалі, дык там былі чарвякі. Фашысты прымушалі выкідваць чарвякоў і ёсці пададзенае. Пасля завяршэшшя ўборачнай непаўналетніх вязняў пешшу адправілі ва Усходнюю Прусію, дзе яны капалі акопы, бункеры, валялі лес і ўмацоўвалі ім будынкі. Бярвенне насілі на плячах. Праца была катаржнай. Страшныя меціны ад удараў ботаў гітлераўцаў, ад цяжару бярвення засталіся на целе на ўсё жыццё. Восем месяцаў падлетак, нягледзячы на ўмовы надвор’я, жыў на вуліцы, што, вядома, сказалася на яго здароўі.
26 сакавіка 1945 года савецкія войскі вызвалілі малалетніх вязняў з фашысцкага рабства. Тады Юрыю Дзям’янавічу споўнілася сямнаццаць гадоў. Юнак прыняў рашэнне да поўнага выгнання фашыстаў дапамаць уладзе. Працаваў у ветлячэбніцы адной з ваенных часцей, затым у саўгасе на сельскагаспадарчых работах. У маі сорак шостага вярнуўся ў родную вёску. Гэта быў адзін з самых шчаслівых і радасных дзён у яго жыцці.
Юнак атрымаў педагагічную адукацыю і ўсю працоўную дзейнасць прысвяціў выхаванню падрастаючага пакалення на ўроках гісторыі. Нягледзячы на боль, страх, голад, непасільную фізічную працу, якія ён адчуў у юнацтве, захаваў душэўную цеплыню, веру ў дабрыню і стаў для сваёй сям’і і для вучняў прыкладам жыццёвай устойлівасці і мудрасці. Ён вучыў дзяцей ніколі не забывацца пра трагічныя старонкі гісторыі і быць адданымі сваёй краіне. Я гэта ведаю не па чутках. Ён вучыў гэтаму і мяне. Калі настаўнік праводзіў нас са сцен школы ў дарослае жыццё, даваў наказ: памятаць заўсёды, што мы – нашчадкі народа, які перамог зло і нянавісць, мы – захавальнікі гістарычнай праўды пра Вялікую Айчынную вайну.

Святлана СОБАЛЕВА,
фота аўтара.

Оставить комментарий

avatar
  Подписаться  
Уведомление о