Прафесія тэхніка-асемянатара вельмі складаная, але ў той жа час цікавая, у гэтым пераканацца лёгка толькі тады, калі сам знаёмішся з тонкасцямі гэтай справы. У астатніх выпадках пры згадванні названая прафесія выклікае неадназначную ўсмешку. Толькі па факце, менавіта дзякуючы тэхнікам-асемянатарам нашы сельгаспрадпрыемствы развіваюцца, прылаўкі крамаў прапануюць разнастайны асартымент мясной прадукцыі.

Вочы ў тэхніка-асемянатара на кончыках пальцаўЗ мэтай папулярызацыі прафесіі і павышэння майстэрства ў ААТ “Курыцічы” прайшоў раённы конкурс “Лепшы работнік па штучным асемяненні буйной рагатай жывёлы”.

Пераможца конкурсу Уладзімір Нежавец 29 ліпеня бягучага года адзначыць 40 гадоў працоўнага стажу. Мужчына родам з Мінскай вобласці, а ў Петрыкаўскі раён трапіў па размеркаванні пасля заканчэння Смілавіцкага заатэхнікума.

“Я марыў стаць ветэрынарным урачом, таму і абраў сабе спецыяльнасць “Ветэрынарны фельчар”, – пачаў Уладзімір Валянцінавіч. – Калі прыбыў у 1983 годзе на першае працоўнае месца ў калгас імя Леніна (пасля некалькіх рэарганізацый сёння гэта ААТ “Чалюшчавічы”, мне сказалі, што патрэбен тэхнік-асемянатар. Добра, і дакумент аб адпаведнай кваліфікацыі ў мяне меўся: на факультэце нам выкладалі асновы асемянення і нават выдалі асобнае пасведчанне, што мы можам працаваць
па гэтай спецыяльнасці”. Уладзімір Нежавец не аднойчы станавіўся прызёрам абласных спаборніцтваў па асемяненні, за плячыма майстра больш за 15 раённых конкурсаў. Мае высокія вынікі пераможца і на службе: галоўны паказчык, па якім ацэньваецца праца тэхніка-асеменатара, – выхад цялят на 100 кароў. За мінулы год ён ва Уладзіміра склаў 76, а ў лепшыя часы мужчына біў рэкорд – 98. Сёння Уладзімір абслугоўвае каля 900 галоў, 300 з якіх – цёлкі.

Дарэчы, тэхнік-асемянатар усё жыццё пражыў у Колках, гаспадарка выдзеліла яму вялікі дом. Разам з жонкай выгадаваў траіх дзяцей. Цяпер дапамагае дзецям гадаваць пяцёра ўнукаў. Наперадзе Уладзіміра Валянцінавіча чакае абласны этап конкурсу тэхнікаў-асемянатараў. Пажадаем яму паказаць усе свае магчымасці і паспяхова прайсці на рэспубліканскі этап, пераможца якога, дарэчы, атрымае 7 тысячаў беларускіх рублёў у якасці падарунка. Пагадзіцеся, змагацца ёсць за што.

Наталля ПЕТРУШЭНКА.
Фота аўтара.

 

Оставить комментарий

avatar
  Подписаться  
Уведомление о