Беларускія лясы – натхненне для майстра

0
1875

Сёняшняе інтэрв’ю мне падаецца асаблівым. Па-першае, таму, што мой герой блізкі мне па сваёй натуры. Па-другое, таму, што ён настолькі адданы сваёй справе, што гэта выклікае не толькі павагу, але і захапленне. А па-трэцяе, рамяство яго пайшло яшчэ ад нашых далёкіх продкаў, яно ўнікальнае, з нацыянальным каларытам.

Беларускія лясы –  натхненне для майстра– Лес – гэта наша нацыянальнае багацце, – лічыць разьбяр па дрэве Андрэй Піліпенка, з якім мы днямі сустрэліся ў яго творчай майстэрні ў Чалюшчавічах. Мужчына таксама ўпэўнены, што здабытак Беларусі – гэта менавіта рамеснікі, людзі, чыя справа патрабуе не толькі майстэрства і вопыту, але і шчырасці, і цеплыні, бо дрэва – “жывы” матэрыял.

– Садовая і паркавая скульптура з дрэва: жывёлы, птушкі, казачныя героі, галовы жывёл, мэбля з фігурамі; дзіцячыя спартыўныя і гульнявыя пляцоўкі: хаткі, горкі, балансіры, качалкі на спружыне, каруселі, пясочніцы, арэлі; кармушкі і шпакоўні, прадметы інтэр’еру, дызайн будынкаў – і гэта далёка не ўвесь спіс таго, што можна зрабіць з дрэва, – канстатаваў майстар. – Самае хвалюючае, калі ўвасабляецца ў жыццё твая задумка, калі ты прыдумляеш хатку ці жывёлу, бачыш дэталі… быццам зазіраеш у будучыню.

“Ты бачыш прадмет, якога яшчэ няма – гэта проста неверагодна!”

Бацька героя ваенны, прымаў удзел у Афганскай вайне, маці – працуе загадчыцай Дома культуры.

– Пасля заканчэння Чалюшчавіцкай сярэдняй школы паступіў у сяльгастэхнікум на пчаляра, але лёс вырашыў інакш. Аднойчы мне давялося папрацаваць з дрэвам. Нібы маланка сярод чыстага неба мяне ўдарыла і я адчуў у гэтай працы сваё прызначэнне. У мяне было велізарнае жаданне займацца апрацоўкай дрэва, мяне ніхто не вучыў. Раней было навучыцца ўсяму самастойна цяжка, гэта сёння праз інтэрнэт ёсць магчымасць пазнаёміцца з усімі тонкасцямі прафесіі.

– Ужо больш за год як не стала майго бацькі, – працягнуў суразмоўца. – Менавіта таму я ўсё часцей дапамагаю маці: падлатаць хлявы, адрамантаваць лазню. На 8 сакавіка падарыў скульптуру з дрэва. Яна шчаслівая, а, значыць, і я.

Беларускія лясы –  натхненне для майстра Беларускія лясы –  натхненне для майстра Беларускія лясы –  натхненне для майстра Беларускія лясы –  натхненне для майстраВыключнае натхненне мужчына атрымлівае ад беларускіх лясоў.

– Як толькі зойдзеш у лес, адразу вока ўпадзе на дрэва, якое скручылася, і ты тут жа ўяўляеш: з яго можна зрабіць штосьці арыгінальнае. Ты адразу трапляеш у палон сваёй фантазіі і цябе ўжо не адпускае. Ведаеце, такіх людзей, як я, не трэба натхняць ці мацівіраваць, мы “зараджаныя” самі па сабе. Адно трэба – дапамога. Разумею, што не кожны селянін сёння можа набыць матэрыял для працы. Цэны біржавыя, а даход у жыхара вёскі зусім не сталічны. І нават калі ўзнікне жаданне працаваць, патрэбен пачатковы капітал. Здаецца, мясцовым творцам можна ўвесці пэўныя прэферэнцыі.

Беларускія лясы –  натхненне для майстраСкульптуры з дрэва – гэта бяздонны калодзеж як для творчасці, так і для бізнесу.

Хата бацькоў знаходзіцца на стыку трох лясніцтваў, менавіта таму, лічыць Андрэй, Чалюшчавічы павінны стаць альма-матар разьбы па трэве.

– Тут ёсць майстры, ёсць дзеці, якіх таксама можна і неабходна вучыць справе нашых продкаў, менш будуць сядзець у камп’ютары. Сплю і бачу, як кожны куток нашай малой радзімы ўпрыгожаны скульптурамі з дрэва. Колькі магчымасцяў для развіцця гэтай справы! Калі ёсць матэрыял, то заробак будзе добры. Мару я і пра тое, што ў мяне народзяцца ўнукі, для іх буду будаваць арэлі і многае іншае.

Работы Андрэя высока цэняцца ў Расіі. Напрыклад, майстра запрашалі на адкрыццё Мемарыяла князю Аляксандру Неўскаму і яго воінам на беразе Чудскага возера, вядомая кампанія “Дрэўландыя” таксама запрасіла яго супрацоўнічаць.

Рамеснік падрабязна распавёў мне пра кожную сваю скульптуру:

– Галаву мішкі пры наяўнасці інструмента я раблю за дзень. Усяго ў мяне пяць піл, але гэта таму што я ўжо майстар з досведам. Пачаткоўцу дастаткова будзе адной пілы. Дапамагае мне і бор-машына.

Андрэй прызнаецца, што займаючыся разьбой па дрэве, зусім не стамляецца, а ад працяглага перапынку пачынае нудзіць.

– З часам пачаў маляваць тэхналагічныя карты, асабліва яны патрэбны пры складаных працах. І ўжо ты не з галавы выразаеш той ці іншы прадмет, а па інструкцыі, так бы мовіць. А на якую-небудзь лаўку можа спатрэбіцца тры дні. Калі лаўка, як цяпер у мяне, яшчэ ўпрыгожана жывёлай, то і больш часу. Асобная тэма – гэта пакрыццё работ фарбай, тут таксама можна творча раскрыцца, бо сфера не мае межаў.

Маё вока спынілася на скульптуры арла. Ён так шырока раскрыў свае крылы, што здаецца застыў у палёце.

Беларускія лясы –  натхненне для майстраБеларускія лясы –  натхненне для майстраНекаторыя жывёлы выкананы настолькі па-майстэрску, упэўнена, што здаецца вось-вось ажывуць.

Герой узяў пілу, каб паказаць мне пэўны майстар-клас. У руках майстра дрэва таполі зразаецца нібы масла.

– Зразумела, патрэбен вопыт, але, ведаеце, што цікава: калі мой сын упершыню ўзяў інструмент, то ў яго выраб атрымаўся за дзень, калі ў мяне ў свой час на такі сышло дні тры. Гэта прыемна. Значыць, не ўсё страчана. Дарэчы, пра страчанае. Зараз такая тэндэнцыя, што людзі мала чаго робяць сваімі рукамі. Мы забываем, што апрацоўка дрэва заставалася адным з галоўных мужчынскіх заняткаў на працягу ўсёй гісторыі жыцця чалавека і з’яўляецца вельмі старажытным рамяством. Інтэрнэт не перашкаджае мець свой занятак, наадварот, ён дазваляе ўбачыць працы іншых майстроў у маёй сферы, пераняць досвед.

Пасля паўзы Андрэй зрабіў глыбокі ўдых і працягнуў:

– Я працую ў садовым цэнтры, куды часта прыходзяць бацькі з дзецьмі і бачаць, якія рэчы можна зрабіць уласнымі рукамі. Для іх гэта дзіва. А для мяне мой занятак – галоўнае ў жыцці.

Наталля ЧАРНЯЎСКАЯ.

Фота аўтара.

Оставить комментарий

avatar
  Подписаться  
Уведомление о