У добры шлях, “Белая Русь”!

0
362

Устаноўчая канферэнцыя Гомельскага абласнога аддзялення Беларускай партыі “Белая Русь” прайшла ў Гомелі. Удзел у мерапрыемстве прыняла і дэлегацыя Петрыкаўскага раёна.

У час канферэнцыі старшыня партыі “Белая Русь” Алег Раманаў уручыў кіраўнікам гарадскіх і раённых аддзяленняў партыі пасведчанні аб дзяржаўнай рэгістрацыі.
Звяртаючыся да прысутных на канферэнцыі, лідар “Белай Русі” падкрэсліў, што партыйцы – неабыякавыя людзі, якія бачаць сваю будучыню ў нашай краіне, разглядаюць яе як месца жыцця для сябе і сваіх дзяцей.

– Партыя – гэта заўсёды барацьба за ўладу, але ў цывілізаваным грамадстве такая барацьба вядзецца ў прававым полі. Нашая задача ў тым, каб вылучаць кандыдатаў у дэпутаты розных узроўняў. Акрамя таго, “Белая Русь” створана ў тым ліку для таго, каб дапамагаць людзям у вырашэнні іх праблем. Партыя павінна быць сапраўднай палітычнай сілай, прадстаўленай ва ўсіх рэгіёнах рэспублікі, – пазначыў у сваім выступленні Алег Раманаў.

З моманту стварэння палітычнай партыі “Белая Русь” прайшло чатыры месяцы. Гэта падзея паказала палітычную волю грамадзян, аб’яднаўшы самых актыўных і патрыятычных прадстаўнікоў нашага грамадства.
– Пасля падзей 2020 года стала відавочна, што краіна мае вострую патрэбу ў сур’ёзнай партыйнай арганізацыі, якая складаецца з патрыётаў. Нам трэба будзе навучыцца расстаўляць неабходныя акцэнты, быць паслядоўнымі і прынцыповымі, мэтанакіраванымі ў сваёй справе, максімальна выкарыстоўваючы партыйныя рэсурсы, – падкрэсліў у сваім выступленні намеснік старшыні аблвыканкама Дзмітрый Алейнікаў.

Аднагалосна на пасаду старшыні савета Гомельскага абласнога аддзялення Беларускай партыі “Белая Русь” абраны дырэктар ААТ “Гомельскі хімічны завод” Дзмітрый Чарнякоў. Яго намеснікам – рэктар Гомельскага дзяржаўнага тэхнічнага ўніверсітэта імя П. А. Сухога Артур Пуцята.

Галіна КАЗАК.
Фота аўтара.

Оставить комментарий

avatar
  Подписаться  
Уведомление о