Доўгачаканы падарунак для Петрыкава і яго жыхароў: у самым густанаселеным маладым мікрараёне “Паўночны” выхаванцаў гатовы прымаць новы дашкольны цэнтр развіцця дзіцяці.

Дашкольная ўстанова новых магчымасцяўМінулы тыдзень завяршыўся ў райцэнтры падзеяй радаснай і знамянальнай: адбылося ад-крыццё аднаго з самых доўгачаканых сацыяльных аб’ектаў – дашкольнага цэнтра развіцця дзіцяці на 240 месцаў.

У год народнага адзінства, калі завяршаецца рэалізацыя маштабнага праекта па будаўніцтве Петрыкаўскага горна-абагачальнага комплексу, які даў значны імпульс развіццю сацыяльнай сферы нашага рэгіёна, адкрыццё дашкольнай установы адукацыі – падзея знакавая. Гэты цэнтр – сімвал новых пачынанняў і клопату пра будучае пакаленне, якое захавае і памножыць здабыткі, створаныя працай усіх, хто сёння ўдзельнічае ў развіцці дзіўнай, прыгожай, багатай прыроднымі рэсурсамі Петрыкаўшчыны.

Галоўнымі экспертамі ў дзень урачыстага адкрыцця ўстановы сталі дзеці. Менавіта яны разам з генеральным дырэктарам ААТ “Беларуськалій” Іванам Галаватым перарэзалі сімвалічную чырвоную стужку.
Як зазначыў у прывітальным слове Іван Іванавіч, адрознівае новы дзіцячы сад не толькі знешні выгляд. Дашкольная ўстанова – максімальна функцыянальная. Для будучых выхаванцаў створаны ўсе ўмовы: прасторныя групы з мноствам цацак, утульныя спальні, абсталяваныя кабінеты для заняткаў, сучасныя гульнявыя пакоі з інтэрактывам, лабірынтамі, клас для заняткаў творчасцю. Для дзяцей, якія захапляюцца канструяваннем, ёсць асобны лега-цэнтр.
Асаблівая ўвага – здароўю падрастаючага пакалення. Гонар калектыву і, бадай, галоўная радасць выхаванцаў – басейн.
Для азнаямлення выхаванцаў з багатай гісторыяй і традыцыямі Прыпяцкага краю створаны пакой духоўнай спадчыны. У дзіцячым садку будуць працаваць сучасныя кабінеты дэфектолага і пункт карэкцыйна-педагагічнай дапамогі.
Да таго ж, дашкольны цэнтр – добры прыклад арганізацыі безбар’ернага асяроддзя.
Новы дзіцячы сад выдатна ўпісаўся ў забудаваны мікрараён.
У хуткім часе дзіцячыя галасы і смех загучаць унутры і на тэрыторыі садка. Пакуль працягваецца камплектаванне груп.

Галіна КАЗАК.
Фота Арцёма ГУСЕВА.

Оставить комментарий

avatar
  Подписаться  
Уведомление о