“Любы ўзрост – час радасці і магчымасцяў”

Сёння свята, мудрасці, надзейнасці і цяпла.  Захацелася да Дня пажылых людзей напісаць пра сямейную пару, якая б адпавядала гэтым словам спаўна. І я сустрэла яскравых прадстаўнікоў пенсійнага ўзросту, чые будні ва ўсе перыяды іх сумеснага жыцця напоўнены фарбамі, а ў сэрцах не знікае дабрыня і пяшчота. Яны амаль сорак пяць гадоў шчаслівыя разам і іх восень ім вельмі да твару. Гледзячы на суразмоўцаў – мілавідных, актыўных, фізічна падцягнутых, разумееш, што пры выхадзе на заслужаны адпачынак адкрываецца новая старонка ў жыцці. І якой яна будзе – залежыць толькі ад саміх нас.

Сёння  – Дзень пажылых людзейГаліне і Валерыю Лазурыным не падабаюцца стэрэатыпы, якія гадамі складваліся ў грамадстве ў дачыненні да людзей пенсійнага ўзросту: маўляў, гэта людзі, якім патрэбна ўвага і дапамога. Наадварот, толькі цяпер, калі ўжо не першы год знаходзяцца на заслужаным адпачынку, яны зразумелі, што маюць дастаткова часу, каб здзейсніць раней задуманыя мары. Муж і жонка вядуць актыўны лад жыцця: здзяйсняюць велапрагулкі, ходзяць у паходы, на мерапрыемствы, займаюцца творчасцю, спасцігаюць фітатэрапію, эксперыментуюць на агаро-дзе. Адным словам, сядзець у хаце і пускаць да сябе негатыўныя думкі , гэта не пра іх. Яны любяць жыццё ва ўсіх яго праявах, і крочаць па ім “і ў горы, і ў радасці” – разам.
Галіна Іванаўна ведае кошт сямейнаму ачагу, бо ў дзяцінстве, юнацтве зведала і цяжкасці. Наша землячка родам з вёскі Судзібар. Ні бацькі, ні брата, каб узяць цяжар працы па гаспадарцы на сябе, у гераіні не было. Выхоўвалі яе маці і бабуля. Ды і маці патрабавала да сябе больш далі-катнай увагі: пасля перанесенай у дзяцінстве хваробы стала глуханямою.

– Напэўна мне за перанесеныя выпрабаванні Усявышні паслаў сапраўднае каханне на ўсё жыццё, надзейнага таварыша і чулага сябра, – дзеліцца суразмоўца. – Паўстагоддзя разам, а даражэй чалавека, чым муж, няма ў жыцці. І пачуцці ў нас не прайшлі, а набылі з узростам новыя адценні.

Сёння  – Дзень пажылых людзейЗнаёмства іх адбылося пад бляск алмазаў і брыльянтаў. Так, гэтае высакароднае ззянне і засталося ў іх вачах, вылучаючы любоў і дабро. Гераіня пасля атрымання сярэдняй адукацыі паступіла ў абласны цэнтр атрымоўваць спецыяльнасць майстра па агранцы алмазаў у брыльянты. Яе суджаны – сам родам з Узбекістана, горада Сырдар’я, праходзіў у Беларусі вайсковую службу. Наша краіна і людзі настолькі прыйшліся юнаку па  душы, што пасля службы застаўся тут і пайшоў працаваць на завод “ Крышталь”, дзе ўжо працавала з каштоўнымі камянямі Галіна Іванаўна. Па словах герояў, закахаліся адзін у аднаго адразу.

Пасля вяселля маладыя паехалі на радзіму мужа. Нашу палескую дзяўчыну сям’я прыняла як родную дачку, але думкі былі на Петрыкаўшчыне: у вёсцы засталася старая бабуля і маці, якой неабходны асаблівы догляд. Праявіла мудрасць свякруха, якая сказала сыну:“ У мяне, акрамя цябе, трое застанецца ў хаце, а дапамога Галіны патрэбна на яе радзіме”.

– Петрыкаўшчыну лічым абодва сваім родным домам. Тут мы прайшлі прафесійны шлях, пабудавалі  дом, дзе дажывала век мая маці і павырасталі нашы дзеці, абзавяліся надзейнымі сябрамі, – дзеліцца сямейная пара. – Неяк сталася, што нашыя захапленні, інтарэсы супадаюць, таму кожны пражыты дзень, мы праводзім з радасцю.
Захапленні сямейнай пары, заслугоўваюць увагі. У адзін перыяд, у Валерыя Якаўлевіча была высаджана плантацыя жэньшэню. Травяныя настоі рознага колеру і смаку – гэта яго гісторыя. Галіна Іванаўна – спявачка – толькі слухаць. Колькі сябе памятае, была ўдзельніцай на творчых мерапрыемствах у працоўным калектыве, раённых мерапрыемствах. Сёння яна наведвае аддзяленне дзённага знаходжання пры тэрытарыяльным цэнтры, дзе разам з аднадумцамі вядзе актыўнае творчае жыццё. Любіць кулінарыю. Для абаіх – паходы ў лес, на рэчку, велапрагулкі – нагода адчуць радасць жыцця.
Самі героі прызнаюцца, што пражыўшы большую палову жыцця, і здаецца, ведаўшы ўсё пра дарагога чалавека, усё роўна адкрываюць новыя якасці адзін пра аднаго. Не хаваюць, што да любой справы адносяцца адказна, да людзей з павагай, Петрыкаўшчыну любяць бязмерна.
Згодна народнай мудрасці, яны ўжо ўсё зрабілі ў жыцці па максімуму: пасадзілі сад, пабудавалі дом, выхавалі дзяцей. Дарэчы, сын з дачкою атрымалі самыя прэстыжныя прафесіі: Святлана – урач стаматолаг, сын – радыёфізік. Пытаюся – з якімі планамі сустракаюць залатую восень? Галіна Іванаўна і Валерый Якаўлевіч, усміхаючыся, зазначаюць, што асабістае раскрываць дрэнная прыкмета. Але ў тым, што наперадзе цікавае, насычанае жыццё з яго радасцямі і магчымасцямі, запэўнілі цвёрда і без сумненняў.

Святлана СОБАЛЕВА, фота з архіва сям’і Лазурыных.

Оставить комментарий

avatar
  Подписаться  
Уведомление о