У аўторак, 28 верасня, ва Упраўленні па працы, занятасці і сацыяльнай абароне адбылося пасяджэнне назіральнай камісіі пры райвыканкаме.

Пасля дакладу ўрача-псіхіятара-нарколага Алены Сапоненка пра ўзаемадзеянне ўстаноў аховы здароўя з органамі ўнутраных спраў пры ажыццяўленні назірання і лячэння асоб, асуджаных па артыкуле 107 Крымінальнага кодэкса, члены камісіі заслухалі аналіз злачынстваў і правапарушэнняў, здзейсненых асобамі, што стаяць на ўліку ў крымінальна-выканаўчай інспекцыі ад інспектара РАУС Міхаіла Цішкевіча. Пачаўся разгляд асабістых спраў асоб, што знаходзяцца на ўліку крымінальна-выпраўленчай інспекцыі так:

На камісію было запрошана з дзясятак грамадзян рознага ўзросту і, пэўна, поглядаў на жыццё. Аб’ядноўвае іх не толькі кантроль з боку праваахоўнікаў: усе яны не працаўладкаваны і, адпаведна, мелі ці маюць некаторыя праблемы на сваім жыццёвым шляху. Але цікава тое, як па-рознаму людзі ставяцца да надзённай сітуацыі. Адны насамрэч мелі жаданне вырашыць сваю праблему, бо разумелі, да чаго можа давесці безадказны лад жыцця пасля адбывання пакарання ў месцах пазбаўлення волі ці калі іх пазбавяць бацькоўскіх правоў. Іншыя наведаліся да камісіі фармальна, маўляў, паслухаю, адкажу на пытанні, скажу, што ўсё зразумеў, і хопіць на гэтым.
Цікавы прыклад – гараджанін перадпенсійнага ўзросту, які паводзінамі сваімі паказваў, што ў жыцці нешта змяняць ён не мае намеру. Гісторыя яго не самая яскравая, але даволі паказальная.

Апошнім часам мужчына працаваў вадзіцелям, слесарам, але не задавальнялі яго то заробак, блізкі да мінімальнага, то ўмовы працы. Не дабаўляў станоўчых рысаў да біяграфіі і факт судзімасці за крадзёж бутэлькі гарэлкі. Грамадзянін запэўніваў, што зараз праблем са злаўжываннем спіртным не мае, рэзюмаваўшы вядомай у народзе фразай: “Магу піць, магу не піць”. Супрацоўнік міліцыі ўдакладніў, што мужчына выпівае, але ў парушэнні правапарадку заўважаны не быў.

На пытанне старшыні камісіі Святланы Сянько, дзе вы знаходзіце сродкі для існавання, гараджанін адказаў, што дапамагае людзям за грошы: то па гаспадарцы, то ў рамонце, пры гэтым, заўважыўшы, што з-за праблем са здароўем медыкі не рэкамендавалі яму фізічныя нагрузкі, таму падымае ён не больш за чатыры кілаграмы вагі.
За месяц так званых “халтур” атрымліваецца рублёў 300, бывае 400, але гэта больш прывабны, па словах спадара П., варыянт.
На наступнае заканамернае пытанне: “А ці задумваліся вы пра пенсію?”, чалавек прама не адказаў. Увогуле, па ўсім было відаць, што суразмоўца не схільны да дыялогу.
Мужчына звыкся з пабудаванай ва ўласнай свядомасці карцінай свету: лепш падхалтуру, зараблю крыху, вып’ю другі раз і не бяды.
Узгадаўшы ўсё сказанае, члены камісіі пацікавіліся: “Вы казалі, што працавалі вадзіцелям. Зараз маеце правы на кіраванне транспартным сродкам?”. “Так, і на трактар правы ёсць, амаль усе катэгорыі”, – адказаў той.

– У адну прыродаахоўную ўстанову як раз запрашаюць на працу трактарыстаў. Мяркуючы па прапанове, абяцаюць заробак ад 1400 рублёў.

Пачутае зацікавіла мужчыну, але на яго твары хутка запанавала пачуццё расчаравання. “Я наўрад ці прайду медагляд – “упаў” зрок”, – з адценнем суму адзначыў грамадзянін. “Звярніцеся ва ўстанову аховы здароўя. Гэта зараз не прыгавор – палепшыць зрок у сучасных умовах, пры належным лячэнні не так складана”, – заўважыла Алена Сапоненка.

Складана сказаць, наколькі плённай была прапанова, спадар П. толькі каротка рэзюмаваў: “Мо і трэба заняцца”, але потым рыторыка яго зноў мела вядомы напрамак.
Так ці інакш, мужчыне было даручана працаўладкавацца ў двухтыднёвы тэрмін. Па вялікім рахунку бліжэйшы час пакажа, наколькі грамадзяніну хопіць упартасці зрабіць сваё жыццё больш якасным. Спадзяемся, ён скарыстаецца парадай.

Арцём ГУСЕЎ, фота аўтара.

Оставить комментарий

avatar
  Подписаться  
Уведомление о