Сёння ў Беларусі, а таксама ў шэрагу краін постсавецкай прасторы, сваё прафесійнае свята адзначаюць энергетыкі – людзі, без якіх немагчыма сучаснае жыццё грамадства. Каб даведацца пра акалічнасці работы спецыялістаў гэтай галіны, мы накіраваліся ў Петрыкаўскі раён электрычных сетак, філіял Мазырскіх электрычных сетак РУП “Гомельэнерга”.
Зараз усё здаецца вельмі проста: уключыў вілку ў разетку і бытавая тэхніка, электроніка належна працуе. Але за зручным вырашэннем нашых побытавых і прамысловых задач стаіць цэлы штат спецыялістаў, якія і наладжваюць належную працу электрычных сетак. Энергетычная галіна, па мерках гісторыі, вельмі маладая. Мяркуйце самі, электрыфікацыя на Петрыкаўшчыне скончылася ў 1965 годзе.
Разважаючы над роляй энергетыкаў у сучасным жыцці грамадства, я трапляю да дыспетчара. Сцяпан Каюкала – ветлівы мужчына з пранізлівым позіркам і добрай усмешкай. Спецыяліст паведамляе, што часу на доўгую размову няма – праца марнавання не даруе, таму я намагаюся быць выключна ўважлівым і адразу зразумець сутнасць, што на справе аказалася даволі складана.
Ствараць камфорт, што стаў нормай жыцця і дабрабыту
Дыспетчар Сцяпан Каюкала – ветлівы мужчына з пранізлівым позіркам і добрай усмешкай
– Я мясцовы, з Петрыкава. Працоўную дзейнасць пасля заканчэння Буда-Кашалёўскага аграрна-тэхнічнага каледжа пачаў у 2005 годзе электраманцёрам у СУП “Палессе-Аграінвест”. Шлях у галіне быў не самым кароткім: з цягам часу мяне прызначылі на пасаду інжынера-электрыка. Паралельна я атрымаў вышэйшую адукацыю ў Горкаўскай сельскагаспадарчай акадэміі, што ўрэшце абумовіла назначэнне энергетыкам сельскагаспадарчага прадпрыемства. У 2013 годзе я ўладкаваўся ў РЭС, дзе з 2017 года працую ўжо дыспетчарам раённых электрычных сетак, – расказаў Сцяпан Іванавіч.
Па словах спецыяліста, работа дыспетчара няпростая і патрабуе кемлівасці і ўвагі. Адно навучанне гэтай справе займае 6 месяцаў, пасля паспяховай здачы экзамену праходзіць дубліраванне – стажыроўка, працягам 12 працоўных змен.
Асноўная задача дыспетчара – аператыўнае кіраванне электрасеткамі раёна з напружаннем ад 0,4 да 10 кілавольт. Але, каб разабрацца, як кіраваць электрычнасцю, трэба ведаць, што існуюць нармальны і аварыйны рэжым работы электрычных сетак. Пры нармальным рэжыме работы вызначаныя падстанцыі сілкуюцца па пастаянных схемах. Так, напрыклад, падстанцыя “Петрыкаў” атрымлівае электраэнергію напружаннем 110 кілавольт і разгаліноўвае яе па розных лініях у 35 кілавольт для спажыўцоў раёна, у прыватнасці – у напрамку Муляраўкі, Грабава, Бабуніч, Заполля. Калі ёсць патрэба ў рамонце гэтага ўчастку лініі (не істотна, планавыя гэта работы, ці з-за абрыву сетак), каб не пакінуць спажыўцоў вышэйназваных населеных пунктаў без электраэнергіі, праводзіцца аператыўнае пераключэнне па сетках аварыйнага сілкавання. Такім чынам, вышэйстаячы аператыўны персанал звязваецца з падстанцыяй “Нежын” у Лельчыцкім раёне, узгадняе дзеянні па перанакіраванні электраэнергіі – і населеныя пункты сілкуюцца па аварыйнай галіне энергазабеспячэння, пакуль праводзіцца рамонт сеткі пастаяннай схемы. А вось калі падобныя работы адбываюцца на лініях з напружаннем 0,4-10 кілавольт, дыспетчар праводзіць адпаведнае кіраванне самастойна.
Ствараць камфорт, што стаў нормай жыцця і дабрабыту
З усімі спецыялістамі, ад вышэйстаячага аператыўнага персаналу, да выратавальнікаў МНС трэба быць “на трубцы” пастаянна.
– У асноўных рысах гэта здаецца простым алгарытмам, але ёсць акалічнасці, бо першачарговая задача электраманцёра ці майстра, а іх у маім падпарадкаванні каля 20-ці, без уліку іншых спецыялістаў, – правесці ўсе работы бяспечна. Карацей, калі некалькі брыгад выязджаюць на месца па пастаўленай задачы, то даваць дазволы на падрыхтоўку месца работы, уключэнні, адключэнні прыходзіцца для ўсіх амаль адначасова, – адзначае суразмоўца і паказвае на тэлефонныя апараты, якіх на яго працоўным стале ажно пяць. Акрамя гэтага, выкарыстоўваюцца дзве рацыі і мабільная сувязь, бо з усімі спецыялістамі, ад вышэйстаячага аператыўнага персаналу, да выратавальнікаў МНС трэба быць “на трубцы” пастаянна.
– Разумееце, справа ў нас такая, што падрыхтоўка да работы можа займаць нават палову працоўнага дня, а самі рамонтныя работы – 15-20 хвілін. Людзі, часам, не разумеюць гэтых акалічнасцяў і наракаюць, маўляў, энергетыкі прыехалі і нічога не робяць. Але так толькі здаецца, бо недзе паралельна нашыя калегі вядуць работы на суседнім участку, каб падрыхтаваць пераразмеркаванне электраэнергіі з захаваннем усіх мер бяспекі і якасці, – падзяліўся Сцяпан Каюкала.
Ствараць камфорт, што стаў нормай жыцця і дабрабыту
Тэлефонных апаратаў на працоўным стале дыспетчара пяць, адзін з іх, як і яшчэ адна рацыя, наўпрост не трапілі ў кадр.
На пытанне, які перыяд для энергетыкаў самы “гарачы”, мужчына адказаў проста: “Ведаеце, не магчыма вызначыць нейкую асобную пару. Так, напрыклад, узімку парывы ветру ў 15-20 метраў на секунду для электрасетак не такія страшныя, як вецер у 7-8 метраў на секунду летам. Уся справа ў тым, што летам лістота на дрэве спрацоўвае як ветразь і нават не вельмі моцны парыў здольны зламаць дрэва і абарваць энергазабеспячэнне. Карацей, праца ў нармальным рэжыме можа працягвацца дзясяткі дзён, а потым кароткачасовая навальніца, што пранясецца па раёне за паўгадзіны, можа пакінуць пасля сябе мноства аварыйных сітуацый. І ў такім выпадку мы працуем да выпраўлення абрываў і выканання пастаўленых задач, не лічачыся з працоўным часам, – растлумачыў Сцяпан Іванавіч.
Нам застаецца пажадаць нашаму герою і яго сям’і, мужчына з жонкай выхоўваюць 8-гадовую дачушку, а таксама ўсім энергетыкам Петрыкаўшчыны спакойных змен і падзякаваць за той камфорт, які стаў для нас, часам, незаўважнай нормай жыцця. Са святам, шаноўныя энергетыкі!
Арцём ГУСЕЎ, фота аўтара.

Оставить комментарий

avatar
  Подписаться  
Уведомление о