Стаць на шлях выпраўлення

0
526

На чарговым пасяджэнні камісіі па справах непаўналетніх райвыканкама былі разгледжаны пытанні магчымасці вяртання непаўналетніх, прызнаных маючымі патрэбу ў дзяржаўнай абароне, у біялагічныя сем’і. Такіх на Петрыкаўшчыне толькі за бягучы год выяўлена чатыры. Тэма вострая і яна не раз узнімалася на старонках газеты з абмеркаваннем прычын, якія прывялі бацькоў да трагедыі. З дадзенай катэгорыяй грамадзян праводзіцца вялікая работа органамі прафілактыкі, аказваецца дапамога сем’ям ва ўсіх сферах жыццядзейнасці. Радуешся, калі дзяцей вяртаюць законным прадстаўнікам, і, гледзячы на слёзы маці, якая абдымае сваіх чад, спадзяешся – праца была не дарэмная. Але калі на парадку дня чарговага пасяджэння камісіі, сярод разглядаемых на адабранне дзяцей бачыш знаёмае прозвішча, міжволі задаешся пытаннем: чаму так атрымалася? Дзяржава, установы адукацыі, аховы здароўя, органы ўнутраных спраў рабілі ўсё магчымае для захавання паўнавартаснай сям’і. На адным з жыццёвых прыкладаў наведвальнікаў я спрабавала зразумець, ці варта прыкладваць намаганні, калі чалавек сам не хоча нешта мяняць у сваім жыцці.
Грамадзянка К. у час камісіі сядзела ціха, апусціўшы вочы. Я ўпэўнена, што жанчыне было вельмі сорамна. Сустракаліся бацькі, якія хамілі, крычалі наконт таго, якое права нехта мае ім указваць і забіраць дзяцей, не прымалі ніякіх парад. А гэтая, не – згаджалася, што ёй патрэбна дапамога і абяцала выправіць свае паводзіны. Яна цяжарная і хутка яшчэ раз стане маці. У свой час жанчына пераехала ў райцэнтр з чатырма дзецьмі з адной з вёсак раёна. Яе, як шматдзетную маці, дзяржава забяспечыла жыллём, прадаставіла ўсе існуючыя льготы і гарантыі ў выхаванні дзяцей. Жанчына працаўладкоўвацца не спяшалася. Магчыма, з гэтага пункту гледжання і пачынаецца адлік шляху ў нікуды? На маю думку, шмат вольнага часу, адсутнасць патрэбнага дарадчыка – прычыны, якія пацягнулі за сабой шэраг праблем. “Сяброўства” з алкаголем, неспрыяльная атмасфера дома – разам з сям’ёй знаходзіцца яе маці, якая злоўжывае спіртным, часта правакуе дачку выпіваць разам і прывялі да сур’ёзных наступстваў – сям’ю паставілі на ўлік як сацыяльна небяспечную. У блізкім асяроддзі і тады не аказалася чалавека, які б настояў, растлумачыў, а знайшліся тыя, хто падштурхоўваў у прорву. На камісіі агучваюць невыкананне пунктаў плана кардынацыйнага савета: недапушчэнне старонніх асоб у кватэру, фінансавае становішча не паправіла, харчавання дзецям не хапае, вынік – няма станоўчай дынамікі. Жанчына плача і просіць даць шанец. Члены камісііі вырашылі прызнаць дзяцей маючымі патрэбу ў дзяржаўнай абароне. Маці далі час выправіць свае памылкі.
Ці стане на шлях выпраўлення грама-дзянка К. – пакажа час. Здаецца, я праз меру веру ў людзей, але мне здаецца, што ў гэтай жанчыны ўсё атрымаецца – яна выканае ўсе патрабаванні і сустрэча з дзецьмі адбудзецца. З яе боку зроблены галоўны крок – яна прызнала праблему і прыняла дапамогу ад людзей, бо зразумела, што сама не справіцца. Я ўбачыла не згубленага чалавека, а разгубленага, якога патрэбна накіраваць і паказаць шлях да новага жыцця.

Святлана СОБАЛЕВА.

Оставить комментарий

avatar
  Подписаться  
Уведомление о