Жыхары Петрыкаўшчыны аншлагамі сустракаюць у сябе на гастролях айчынных артыстаў. Мы радыя творчым гасцям, бо маем патрэбу час ад часу культурна адпачыць, даць волю эмоцыям і атрымаць зарад пазітыўнай энергіі. Такую магчымасць напрыканцы мінулага тыдня нам падараваў эстрадна-сімфанічны аркестр імя Юрыя Васілеўскага пад кіраўніцтвам мастацкага кіраўніка і галоўнага дырыжора Станіслава Шныры.

Раскажы мне пра каханнеАртысты Гомельскай абласной філармоніі на сцэне раённага Дома культуры прэзентавалі гледачам музыкальны праект “Мужчынскае/жаночае”. Усе творчыя нумары, якія ўвайшлі ў праграму, прысвечаны тэме кахання. Чаму такі выбар рэпертуару? Па-першае, на вуліцы вясна, час новых спадзяванняў і мрояў. Па-другое, тэма адносін паміж двума паловамі чалавецтва ва ўсе часы прыцягвала інтарэс гледача. Згадзіцеся, свае пачуцці можна перадаваць па-рознаму, а музыка – адзін з прыгожых спосабаў зрабіць гэта. Артысты абласной філармоніі прадаставілі наведвальнікам усякія погляды на тэму вечнага кахання і ў рознабаковых жанрах і стылях. Гучалі творы кампазітараў розных часоў ад вальса, джаза, да рок-н-ролу і раманса. Цудоўныя музычныя гісторыі пра пачуцці паміж мужчынай і жанчынай у выкананні спевакоў, сімфанічнага аркестра прыводзілі ў захапленне прысутных, натхнялі, пагружалі ў роздум. Назіраючы за залай, адчувала, што музыкі хапала на любы густ і настрой. Адных натхняла выкананне сучасных хітоў і песень з вядомых кінафільмаў, другіх прываблівалі імправізаваныя нумары з замежных аперэт і мюзыклаў. А неверагоднае жывое гучанне аркестра пакарыла ўсіх без выключэння аматараў музыкі.

Канцэртная праграма працягвалася каля дзвюх гадзін, і ўвесь час зала ў захапленні апладыравала. Гледачы аддаліся атмасферы чароўнага вечара, пытаючыся разгадаць пры дапамозе музыкі спрадвечную таямніцу сілы кахання, якая здольная ўзняць да зорак і прымусіць сэрцы біцца ва ўнісон.

Святлана СОБАЛЕВА,
фота аўтара.

Оставить комментарий

avatar
  Подписаться  
Уведомление о