Прыём грамадзян і прадстаўнікоў юрыдычных асоб, а таксама прамую тэлефонную лінію правёў на гэтым тыдні старшыня раённага выканаўчага камітэта Аляксандр Наўныка. За дапамогай у вырашэнні жыццёва важных пытанняў да старшыні райвыканкама звярнуліся тры заяўнікі. Кіраўнік раёна ўважліва ўсіх выслухаў, паглыбіўшыся ў сутнасць пытанняў, з якімі прыйшлі на прыём грамадзяне. Двойчы на прыёме ўзнімалася пытанне аплаты доўгу і налічанай пені за камунальныя паслугі. Пры знешняй агульнасці сітуацыі, у кожнай канкрэтнай ёсць свае нюансы, якія патрабуюць дадатковага дэталёвага вывучэння. З імі ў бліжэйшы час на месцы, па даручэнні Аляксандра Міхайлавіча, будзе разбірацца створаная камісія.

ПРЫЁМ ГРАМАДЗЯН

Тэма суседскіх узаемаадносінаў і спрэчак вечная. Прычыны непаразуменняў могуць быць розныя, але сутнасць усіх сітуацый адна: сапсаваныя ўзаемаадносіны, нежаданне прызнаць відавочнае і шукаць кампраміс. У нашым выпадку спрэчка ўзнікла наконт мяжы зямельных участкаў. Зразумела, што праўда ў кожнага свая, аднак яна лёгка ўстанаўліваецца ў судзе пры наяўнасці адпаведных дакументаў – заключэння Гіпразема. Што заяўніцы і было рэкамендавана зрабіць. А вось пытанне месца-знаходжання суседскага каналізацыйнага калодзежа будзе разгледжана выязной камісіяй на месцы. Адпаведнае даручэнне было дадзена адказным службам райвыканкама.
Як неаднаразова ў час прыёму падкрэсліў Аляксандр Міхайлавіч, важна прыняць законныя рашэнні, улічваючы не толькі меркаванні бакоў, але і існуючыя заканадаўчыя акты.

Галіна КАЗАК.
Фота аўтара.

Оставить комментарий

avatar
  Подписаться  
Уведомление о