Апошнія дзве гульні петрыкаўскі “Шахцёр” прымаў гасцей з Баранавіч і Бабруйска. Матчы выдаліся нялёгкія, але багатыя на ўражанні. Як гэта было? Узгадаем у нашым футбольным матэрыяле.

“Карвалол” і рэанімацыя на апошніх секундах

У шостым туры першай лігі Нацыянальнага чэмпіянату Беларусі па футболе, што адбыўся 15 мая, наша каманда згуляла з футбольным клубам “Баранавічы”. Як не дзіўна, па супрацьстаянні гэтых каманд ёсць статыстыка – дружына з захаду Беларусі два разы сустракалася з “Шахцёрам” у фінальнай частцы другой лігі. Тады “Баранавічы” спачатку прайгралі жоўта-чорным у гасцях з разгромным лікам 6:1 і не здолелі перамагчы дома, калі лічбы на табло засталіся нічыйнымі – 1:1. Футбалісты прыпыніліся ў адным кроку ад запаветнага трэцяга месца і магчымасці прапісацца ў больш высокім другім дывізіёне. Але намаганні дружыны акупіліся – з-за недахопу каманд (шэраг удзельнікаў прыпынілі сваё выступленне з-за фінансавых цяжкасцяў), у першую лігу былі запрошаныя фіналісты мінулага сезона трэцяга дывізіёна. Дарэчы, адзіны калектыў, які тады вырашыў перайсці да больш высокага ўзроўню, і быў клубам з Баранавіч. Для аб’ектыўнасці зазначым, што была і яшчэ адна сустрэча з “Шахцёрам”. Таварыскі матч у рамках падрыхтоўкі да футбольнага сезона 2021 года скончыўся нічыёй – 2:2.
У гэтым сезоне сапернікі пакуль не могуць пахваліцца вынікамі: на момант напісання матэрыялу “Баранавічы” выступілі ў сямі сустрэчах і толькі адну гульню звялі да нічыёй, што пакінула на рахунку каманды адзінае ачко. Разам з тым, нельга не зазначыць гульню заходнебеларускага клуба, якая выглядае даволі баяздольнай. Толькі адно паражэнне дзяржынскаму “Арсеналу” можна назваць буйным – 0:5, астатнія ж выступленні, як кажуць, футбалісты не дацягнулі. Чаго варты мінімальны пройгрыш “Крумкачам” 3:4, ці магілёўскаму “Дняпру” 0:1?!
Такім чынам, тагачасны сапернік “Шахцёра” мог не тое што даць бой, але і, пры зручных абставінах, выйсці з гульні пераможцам.
З самага пачатку “Баранавічы” пачалі націскаць. Некалькі вострых момантаў у брамы Аляксея Станкевіча і на 11-ай хвіліне папярочная перадача праз штрафную пляцоўку з правага флангу знайшла нападаючага, што адправіў мяч у пусты левы кут варот “Шахцёра” – 0:1.
Гаспадары даволі хутка забралі ініцыятыву ў саперніка, але завяршыць хоць адну з шэрагу атак ударам у створ варот так і не ўдалося.
Крыўдны невялікі недахоп хуткасці, дакладнасці і якасці пакідалі “Шахцёр” у статусе даганяючых амаль увесь асноўны час сустрэчы. Арганізацыя чарговай атакі выглядала сціпла: брамнік вынес мяч да цэнтра, пасля чаго круглы тры разы скочыў па галавах жоўта-чорных. Арсеній Ачапоўскі ў гэтым ланцугу быў апошнім і скіраваў снарад да левага боку варатарскай пляцоўкі, дзе пасля адскоку да яго падаспеў Ігар Моніч, што з ходу дакладна прабіў левай у дальні кут варот. Кіпер адрэагаваў са спазненнем – 1:1 на 88-ай хвіліне гульні.
“Нічыя!”, – выдыхнулі мясцовыя заўзятары. Але за 2 хвіліны асноўнага і 3 – дадатковага часу “Шахцёр” здолеў зладзіць пару атак і рэалізаваць станрдарт! Апошнія секунды, з глыбокага штрафнога мяч трапляе да Кірыла Гетманчука, які без залішняй мітусні і хвалявання адпраўляе яго ў сетку – 2:1. Увод мяча ў гульню “Баранавічамі” з цэнтра поля, другое крананне, свісток, перамога!

Адзін лік на два матчы
Пераможны мяч у вароты “Баранавічаў” забіў Кірыл Гетманчук (злева)

Дысцыпліна пераадольвае клас

Наступнага саперніка “Шахцёр” прымаў праз тыдзень. Не патрабуючая прадстаўленняў “Белшына”, што напярэдадні расправілася з лідарам лігі – “Арсеналам”, займала трэцяе месца ў турнірнай табліцы з 8-мю ачкамі. Усё гэта ў суме з мінулагоднім вопытам выступлення ў вышэйшым дывізіёне выклікала ў заўзятараў самоту. “Шахцёр” – маладая ды нестабільная каманда, а тут мацёры сапернік.
Вось толькі ў першым тайме не было відаць гульні ўчарашняга ўдзельніка элітнай лігі. Гаспадары адкрылі лік голам Міраслава Хлебасолава на 11 хвіліне і зрабілі толькі адну памылку – пакінуўшы магчымасць забіць з вуглавога Ільі Васільеву на 16 хвіліне. Далей можна было назіраць поўную перавагу “Шахцёра”, які, на свой сорам, так і не здолеў болей рэалізаваць ніводнага з момантаў у варот “Белшыны”.
Другая палова гульні была адносна роўная. Хлебасолаў, скарыстаўшыся момантам, замацаваў свой поспех, прабіўшы ў цэнтр штафной, метраў з 8-мі. Кіпер “Белшыны” так і застаўся прыкрываць правы вугал, у той час як мяч лунаў у сетцы варот бліжэй да сярэдзіны брамы.
Госці пачалі набіраць абароты і стварылі некалькі небяспечных момантаў. Чаго вартая толькі “звонкая” перакладзіна пасля моцнага ўдару іграка “Белшыны”, але вынік з 53-яй хвіліны застаўся нязменным – 2:1.
Чарговыя тры ачкі і “Шахцёр” з 13 баламі на рахутку “скідвае” бабруйскую дружыну з трэцяга радка турнірнай табліцы ажно ў прамежак з 5-га па 7-е месца. Жоўта-чорныя ідуць следам за “Крумкачамі” і “Арсеналам”, саступаючы ім чатыры і тры ачкі адпаведна. На пяты петрыкаўскаму клубу наступае пінская “Хваля”, што мае тую ж колькасць ачкоў, але саступіла “Шахцёру” у асабістай сустрэчы.

Адзін лік на два матчы
“Дубль” у ў матчы з “Белшынай” аформіў Мірастаў Хлебасолаў

Што да далейшых матчаў, то на бягучых выхадных нас чакае перапынак, пасля чаго петрыкаўская каманда адправіцца ў Наваполацк, каб памерацца сіламі з “Нафтанам”. Чарговая хатняя гульня адбудзецца 12 чэрвеня: “Шахцёр” будзе прымаць мінулагодняга саперніка па другой лізе – магілёўскі “Днепр”.
Усім футбола!

Арцём ГУСЕЎ.
Фота аўтара.

Оставить комментарий

avatar
  Подписаться  
Уведомление о