Пры максімальнай аддачы кожнага вынік будзе

0
380

Студзеньскае пасяджэнне выканкама прайшло на мінулым тыдні ў раённым выканаўчым камітэце.

Абмеркаваны вынікі сацыяльна-эканамічнага развіцця Петрыкаўскага раёна ў 2022 годзе і акрэслены задачы на 2023 год, разгледжана выкананне Дэкрэта Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 24 лістапада 2006 года №18 “Аб дадатковых мерах па дзяржаўнай абароне дзяцей у нядобранадзейных сем’ях” на тэрыторыі раёна, а таксама вынікі работы з кадрамі аграпрамысловага комплексу Петрыкаўскага раёна ў 2022 годзе. У пасяджэнні райвыканкама прыняў удзел намеснік губернатара Дзмітрый Алейнікаў.
2022 год Петрыкаўшчына завяршыла не з лепшымі вынікамі сацыяльна-эканамічнага развіцця: з 11 даведзеных прагнозных паказчыкаў і заданняў выканана 6. Не справіліся з тэмпам росту аб’ёмаў інвестыцый у асноўны капітал, аб’ёмам вытворчасці сельскагаспадарчай прадукцыі, рознічнага тавараабароту і экспарту паслуг, а таксама аб’ёмам уводу ў эксплуатацыю жылля. Варта зазначыць, што па шэрагу паказчыкаў сітуацыя к канцу года пачала набываць тэндэнцыю да паляпшэння і першы квартал бягучага года, па меркаванні кіраўніка раёна, засведчыць: здолелі замацаваць станоўчую дынаміку ці не. Таму перад усімі галінамі Петрыкаўшчыны Аляксандрам Коханам пастаўлена канкрэтная задача: максімальна спрацаваць у першым квартале і выйсці на даведзеныя ўрадам прагнозныя паказчыкі развіцця. З улікам пастаўленых задач намеснікі старшыні райвыканкама ў сваіх выступленнях і рабілі раскладку на 2023 год.

ЭКАНОМІКА
Па інфармацыі куратара сферы Аляксандры Янчанкавай, за 2022 год аб’ём рознічнага тавараабароту склаў 98,4% пры прагнозным заданні 103,4%, адхіленне ад прагнозу склала 5,7 мільёна рублёў ці 18 дзён гандлю. Ці магчыма было выкананне даведзенага паказчыка? Мяркуючы па дынаміцы, так. Калі па выніках 1-га квартала раён у абласным рэйтынгу займаў 15-ю пазіцыю, па выніках 2-га – 12-ю, па завяршэнні 3-га квартала ўзняўся на 9 прыступку і завяршыў год на 8 месцы абласнога рэйтынгу.
“Варта не прагледзець паказчык у 1-м квартале, каб зноў не давялося даганяць”, – даў даручэнне свайму намесніку Аляксандр Кохан.
Не дацягнулі зусім крыху і па экспарце паслуг: маем 100,1% пры прагнозе 101,3% – адхіленне склала 1,7 тысячы долараў ЗША.
Што да работы прамысловага сектару раёна (КВУП “Петрыкаўскі райжылкамгас” і Петрыкаўскі горна-абагачальны камбінат ААТ “Беларуськалій”), то, па інфармацыі Аляксандры Янчанкавай, за 2022 год выраблена прамысловай прадукцыі ў дзеючых цэнах на суму 212 мільёнаў рублёў, што ў 1,7 раза перавышае паказчык 2021 года.

СЕЛЬСКАЯ ГАСПАДАРКА
Як паведаміў першы намеснік старшыні райвыканкама, начальнік упраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання Алег Козінец, па выніках работы за мінулы год аб’ём вытворчасці сельскагаспадарчай прадукцыі склаў 64,2 мільёна рублёў, што на 5,6% ніжэй узроўню мінулага года і ніжэй сярэднеабласнога паказчыка на 0,1%. Варта зазначыць, што выкананне прагнознага паказчыка не забяспечыла ні адна сельгасарганізацыя раёна. Са станоўчай дынамікай да ўзроўню мінулага года спрацавалі ААТ “Курыцічы” і СУП “Палессе-Аграінвест”.
У жывёлагадоўлі ў апошнія месяцы 2022 года станоўчы рух быў заўважны, аднак у цэлым эканамічныя страты ў АПК раёна істотныя. На абласным узроўні раскрытыкавана работа галіны па раслінаводстве.
Пры гэтым за студзень-лістапад 2022 года сельскагаспадарчымі прадпрыемствамі раёна атрымана 60,7 мільёна рублёў выручкі ад рэалізацыі сельгаспрадукцыі, работ і паслуг з тэмпам росту да 2021 года 123,4% пры сярэднеабласным прыросце – 115,1%. Па тэмпах прыросту выручкі ў цэлым па вобласці раён займае 3 месца.
Што да выручкі на 1 работніка, то яна склала ў цэлым па раёне 47 тысяч рублёў, пры сярэднеабласным паказчыку 50,6 тысячы рублёў. Вышэй за абласны гэты паказчык склаўся ў СУП “Палессе-Аграінвест” – 88 тысяч рублёў. Найменшы ўзровень выручкі на аднаго работніка (менш за 20 тысяч) атрыманы ў ААТ “Агра-Пціч” і КСУП “Чалюшчавічы”.
Вырашыць праблемы аграпрамысловага комплексу раёна, як чарговы раз падкрэсліў старшыня райвыканкама Аляксандр Кохан, дапаможа толькі сумленная самаадданая праца па ўдасканаленні працоўнай і тэхналагічнай дысцыпліны. Тым больш, што, як засведчыў начальнік упраўлення сельгасхарчу Алег Козінец, усё астатняе ў гаспадарках раёна ёсць: і кадры, і паліва, і кармы, і насенне – усяго хапае.

БУДАЎНІЧАЯ ГАЛІНА І ЖКГ
– Па выніках 2022 года на Петрыкаўшчыне ўведзена ў эксплуатацыю жылых памяшканняў за кошт усіх крыніц фінансавання 70,4% ад гадавога задання, – паведаміў Аляксандр Дзягцяр. – Пры гэтым з дзяржаўнай падтрымкай уведзена 4641 квадратны метр ці 203% ад гадавога задання.
Нядрэнна, па інфармацыі намесніка старшыні, на канец года сфарміраваўся паказчык паляпшэння жыллёвых умоў для шматдзетных сем’яў: пры заданні 33 – жыллёвыя ўмовы палепшаны для 46 шматдзетных сем’яў (133,3%).
Выкананне падрадных работ будаўнічымі арганізацыямі раёна ў мінулым годзе склала толькі 65,4% да ўзроўню 2021 года, што не можа не засмучаць. Таму крытыка, якая гучала на пасяджэнні ў адрас будаў-нічых арганізацый раёна, заслужаная.
Газіфікацыя Петрыкаўшчыны ў 2022 годзе ішла згодна з графікам. Увесь запланаваны комплекс мерапрыемстваў рэалізаваны ў поўным аб’ёме.
КВУП “Петрыкаўскі райжылкамгас” у цэлым была забяспечана стабільная работа.
Так, на сённяшні дзень ВРП набірае абароты, аднаўленчы рост паступова забяспечваецца. Аднак супакойвацца рана – максімальная аддача чакаецца ад усіх без выключэння прадпрыемстваў і арганізацый раёна. Прыярытэты на 2023 расстаўлены: актывізацыя інвестпраектаў, далейшае нарошчванне экспарту тавараў і паслуг, зніжэнне выдаткаў і, як вынік, павышэнне дабрабыту насельніцтва.

Галіна КАЗАК.

Оставить комментарий

avatar
  Подписаться  
Уведомление о