Маё пакліканне – дапамагаць людзям, мае ўзнагароды – падзяка пацыентаў

0
650

Гісторыя гэтага матэрыялу пачалася так: старшыня раённага Савета дэпутатаў Сяргей Макарэвіч праводзіў выязны прыём грамадзян у Муляраўцы. З жыхарамі сельскага Савета абмяркоўвалі хвалюючыя іх пытанні, а адна з прысутных, жыхарка населенага пункта Любоў Хадакоўская, выказала словы падзякі ў адрас загадчыцы Муляраўскага фельчарска-акушэрскага пункта. Мы вырашылі, што чалавек, які славіцца сваім адказным стаўленнем да працы, заслугоўвае ўвагі і “ПН”.

Маё пакліканне – дапамагаць людзям,  мае ўзнагароды – падзяка пацыентаў

Загадчыцу ФАПа Ніну Картынік пацыенты характарызуюць як работніка з высокімі маральнымі якасцямі. Заўсёды добразычлівая, спагадлівая, пазітыўная. Нягледзячы на тое, што яе працоўны дзень заканчваецца ў 15 гадзін, можа затрымацца да позняга вечара, акажа дапамогу кожнаму. У яе шмат абавязкаў, але спецыяліст усё роўна знойдзе хвілінку, каб не толькі справай быць карыснай, а і маральна падтрымаць сваіх падапечных.
У пачатку размовы на пытанне, што паўплывала на выбар прафесіі, Ніна Мікалаеўна адказала так:
– Мне заўсёды хацелася дапамагчы камусьці ў цяжкую хвіліну. Маё пакліканне – дапамагаць людзям, мае ўзнагароды – падзяка пацыентаў. Стаўся да людзей так, як хочаш, каб яны ставіліся да цябе” – залатое правіла маральнасці!
Наша гераіня родам з Украіны, у 1984 годзе скончыла медыцынскае вучылішча і… закахалася ў беларускага хлопца.
– Так я і трапіла ў Беларусь. Будучы муж пакарыў мяне адносінамі да працы, дысцыплінай. Ён сваімі рукамі пабудаваў хату, нягледзячы на тое, што ўсе выходныя знікаў на рабоце. Тады, у савецкі час, здаецца, людзі былі іншымі, “гарэлі” працай! Цяпер Уладзімір на заслужанай пенсіі. У шлюбе мы пражылі 36 год. Беларусь стала мне роднай, вельмі люблю гэтую краіну і ганаруся ёю, рада, што маё жыццё склалася тут.
Старэйшая дачка маёй суразмоўніцы скончыла эканамічны ўніверсітэт і зараз працуе ў саўгасе КСУП “Чалюшчавічы” юрыстам-кансультам. Сын працуе ў Петрыкаўскім лясгасе, малодшая скончыла педагагічны ўніверсітэт імя Максіма Танка, зараз у адпачынку па доглядзе за дзіцям. Ніна Мікалаеўна дапамагае выхоўваць 8 унукаў!
– Якое шчасце быць бабуляй! Унукі – гэта прышчэпкі ад старасці.
Сёння на абслугоўванні Муляраўскага ФАПа знаходзяцца 450 чалавек. Лічба няхай і не вялікая, але работы ў спецыялістаў шмат: у першай палове дня вядзецца амбулаторны прыём, затым ажыццяўляецца патранаж і абслугоўваюцца выклікі на дом.
Ніна Мікалаеўна адзначае, што ў любую хвіліну можа адбыцца экстраная сітуацыя, у якой трэба хутка зарыентавацца, прафесійна аказаць неадкладную медыцынскую дапамогу да прыезду “хуткай”.
– Праца ў вёсцы немагчыма без удзелу ў размовах пра жыццё, – заканчвае гераіня. – Людзям трэба выказацца і атрымаць падтрымку. Дам таблетку, выслухаю, паспачуваю, супакою, каб зямляк пайшоў дадому ў добрым настроі. Здаецца, чалавек можа атрымаць прафесію псіхолага не толькі ў сценах універсітэта…

Наталля ПЕТРУШЭНКА.
Фота аўтара.

Оставить комментарий

avatar
  Подписаться  
Уведомление о