Прайсціся па дварах, паглядзець на адносіны гаспадароў

0
310

Апошнім часам мы ўсё часцей наракаем на спецыялістаў камунгасу. Насамрэч, ёсць іншы раз за што паскардзіцца. Чаму б не паглядзець, як кажуць, і на сябе. Ці адпавядаем мы сваім агульным патрабаванням парадку, наколькі скаргі гараджан стасуюцца з іх гаспадарскім падыходам. У вочы не кідаецца, але прыемных уражанняў не пакідае таксама.

Прайсціся па дварах, паглядзець на адносіны гаспадароў
Калі не ўлічваць штучнага смецця буйнагабарытных памераў, то пераважная большасць двароў пра шматпавярховіках горада, выглядаюць даволі дагледжана

Нават калі ты трапляеш у дагледжаны двор, то нараканні могуць выклікаць некалькі дэталяў. Першай з іх — недакуркі пад балконамі жыхароў. Неаднаразова выратавальнікі — пажарныя настойліва прапанавалі: завядзіце скрыню з негаручых матэрыялаў, заліце туды крыху вады і можаце смела курыць у сябе на балконе, утылізуючы недакуркі ў ёмістасць. І навакольнаму асяроддзю не шкодзіце і, галоўнае, бяспеку захоўваеце, бо выкідваючы незатушаны недакурак з балкону вы рызыкуеце трапіць ім у балкон суседа і падпаліць яго маёмасць. Акрамя гэтага і сухая расліннасць пад балконам — выдатная «глеба», на якой за лічаныя хвіліны можа адбыцца ўзгаранне.

Прайсціся па дварах, паглядзець на адносіны гаспадароў
Неаднаразова выратавальнікі — пажарныя настойліва прапанавалі: завядзіце скрыню з негаручых матэрыялаў, заліце туды крыху вады і можаце смела курыць у сябе на балконе

Другая дэталь, што выклікае непаразуменне: сметніцы каля альтанак ды столікаў. Часам здаецца, што людзі вучацца хіба толькі аднаму механічнаму алгарытму: з’явілася смецце — кінь у бліжэйшую ўрну. На колькі яна поўная, ці затрымаецца там упакоўка ды аднаразовы посуд адпачываючых не турбуе. Літаральна з месяц таму стаў сведкам простай побытавай карціны: сцямнела, за столікам недалёка ад майго пад’езда сядзелі дзяўчаты. Пакуль падыходзіў і чуў тое-сёе з іх размовы зразумеў, што «фокусаў» кампанія, хутчэй за ўсё не выкіне — прадстаўніцы цудоўнай паловы нешта расклалі на стале, ласаваліся і ціха, захоўваючы прыстойнасць мовы абмяркоўвалі надзённыя справы: нешта пра працу, хлопцаў, планы.

Зранку, гуляючы з сабакам машынальна глянуў на месца вечаровага адпачынку. Усё небяды, але смецце, якія дзяўчыны намагаліся змесціць ва ўжо, відаць, напоўненую сметніцу, ці то вецер часткова вывернуў на зямлю, ці то брадзячыя жывёлы сцягнулі і пакінулі тут жа. Здаецца і намагаліся прыгажуні адпачыць без наступстваў для мясцовых, але недагледзелі, недадумалі. А потым людзі зноў пачнуць паказваць пальцам і наракаць на камунгас… Мне здаецца, што ўсе без выключэння чытачы неаднаразова, асабліва пасля выхадных дзён, бачылі як са сметніцы тырчыць у розныя бакі літаральна букет з пластыкавых бутэлек, маўляў, крані пальцам, ён і пасыплецца. А ці складана было, пераканаўшыся, што ёмістасць болей адходаў прыняць не можа, адысці крокаў на 10-15 да пустой урны і пакінуць рэшткі свайго адпачынку там? Гэта я ўжо не кажу пра больш мэтазгодную сарціроўку непатрэбнага і ўтылізацыю ў кантэйнеры для другаснай сыравіны.

Прайсціся па дварах, паглядзець на адносіны гаспадароў
А ці складана было, пераканаўшыся, што ёмістасць болей адходаў прыняць не можа, адысці крокаў на 10-15 да пустой урны і пакінуць рэшткі свайго адпачынку там?

Вось і атрымліваецца, што мы з вамі, паважаныя чытачы, і заўвагі слушныя даем, і чысціні з камфортам патрабуем, а самі элементарнага і разумнага зрабіць няздатныя: ні пакурыць небяспечна, ні смецце кемліва ўтылізаваць.

І добра б было, калі такая сітуацыя стала вычарпальнай гэтымі дзвюма назіраннямі, але, ж куды не зірнеш гісторыя падобная. І ў пад’ездах, і ў гаражах, і на тэрыторыі агульнага карыстання заўсёды знаходзяцца прыклады нейкай побытавай бязглуздасці.

Арцём ГУСЕЎ.
Фота аўтара.

Оставить комментарий

avatar
  Подписаться  
Уведомление о