Першае ў першай. Пра дзень ведаў і новы навучальны год

0
796

Ёсць у календары святы, аповед пра якія варта пачынаць з апісання ўласных уражанняў. Насамрэч, сцэнарыі ўрачыстых школьных лінеек вядомы, бадай, усім, але кожнае такое мерапрыемства ўсё роўна выклікае цікавасць.
Так і на гэты раз, найбольшая ўвага была нададзена вучням выпускнога класа і самым маленькім школьнікам, якіх 11-класнікі завялі за руку на лінейку.

Першае ў першай. Пра дзень ведаў і новы навучальны год
З прамовай перад навучэнцамі выступіла дырэктар першай гарадской школы Святлана Піскун, якая пажадала вучням плёну ў спасціжэнні новых ведаў і ўпэўненасці ў сваіх сілах. Да віншаванняў далучылася і ганаровы госць урачыстасці, начальнік фінансавага аддзела райвыканкама, выпускніца школы Валянціна Вашкевіч: “Будзьце стараннымі і ўважлівымі. Упэўнена, што настаўнікі зробяць усё магчымае, каб падарожжа ў краіну ведаў стала для вас не толькі карысным, але і цікавым”.
І вось пачалася, пэўна, самая прыемная частка мерапрыемства – цырымонія ўзнагароджання вучняў, што дасягнулі поспехаў у вучобе, навуцы, спорце, творчасці і баранілі гонар школы на конкурсах, алімпіядах і спаборніц-твах рознага ўзроўню. У перапынках, калі маленькія і ўжо дарослыя выхаванцы навучальнай установы атрымлівалі дыпломы і граматы, прысутным прапанаваліся творчыя нумары: песні, танцы і сцэнічныя рэпрызы.
Вучні выпускнога класа ўручылі першаклашкам сімвалічныя ключы ад школы, настаўнікі ж атрымалі мноства букетаў кветак. Здавалася – без увагі дзяцей не застаўся ні адзін педагог.
Напрыканцы лінейкі навучэнцы малодшых класаў разам са старшакласнікамі загадалі самыя запаветныя мары і адпусцілі ў неба паветраныя шары. Сціхла музыка, дзеці збіраліся на доўгачаканую сустрэчу са школьнымі сябрамі за школьнай партай. Колькі яшчэ трэба абмеркаваць падзей, што адбыліся за гэта лета!
Старшакласнікаў чакаў адкрыты ўрок з Прэзідэнтам.

Арцём ГУСЕЎ, фота аўтара.

Оставить комментарий

avatar
  Подписаться  
Уведомление о