Часам, у «бязлітаснай» спрэчцы паміж жыхаром з вялікага горада і правінцыялам, першы, на карысць жыцця ў невялікім населеным пункце, апрача блізкасці да прыроды і больш спакойнага і ціхага жыцця, пускае ў ход, так бы мовіць, аўтамабільныя аргументы. Маўляў, у вас і месца болей, і двары ды вуліцы не застаўлены машынамі: пакінь транспартны сродак ды хоць пад пад’ездам, а зранку выедзеш у патрэбным напрамку нібы як па праспекце.
Адмаўляць у наяўнасці гэтай станоўчай рысы насамрэч складана. Але ёсць і ў нас такія месцы, дзе пакінутыя аўто, асабліва па сканчэнні працоўнага дня, ствараюць нязручнасці для руху іншых аўтамабілістаў. Адзін з такіх участкаў — частка вуліцы Андрэева.

Папулярнае месца неабачлівых паводзін на дарозе
Але ёсць у нас такія месцы, дзе пакінутыя аўто, асабліва па сканчэнні працоўнага дня, ствараюць нязручнасці для руху іншых аўтамабілістаў. Адзін з такіх участкаў — частка вуліцы Андрэева.

Днём гэтая вулачка, працягласцю крыху болей за дзве сотні метраў, нічым непрыкметная: па новым асфальце нетаропка едуць аўтамабілі, крочаць пешаходы. А вось увечары тут пачынаецца сапраўднае жыццё і вадзіцелі вымушаныя здаваць практычны экзамен на так званым фігурным кіраванні. Некалькі крам вабяць пакупнікоў хіба не з паловы горада, таму паміж скрыжаваннямі з вуліцамі Валадарскага і Камунальнай трэба быць асабліва пільным. Часам нават здаецца, што неабачлівыя гаспадары машын нібы спаборнічаюць у намінацыі «Хто прыпаркуе легкавік больш неахайна». У выніку аўто стаяць паабапал узбочыны і тратуара, асабліва смелы кіроўца днямі паставіў свайго жалезнага каня з кроку ад пешаходнага перахода ад прылеглай вуліцы Камунальнай, не асабліва клапочучыся, як будуць раз’язджацца машыны на скрыжаванні. Калі б усе, хто «транзітам» едзе праз гэты ўчастак Андрэева пры кожным манеўры ўключалі паварот, то, здаецца, для дыскатэкі не хапала б толькі гучных танцавальных кампазіцый, бо святламузыка была б забяспечана зайздросная.
Магчыма няма іншага месца, дзе пакінуць аўто? Ды не, рэдка калі бывае перапоўненая паркоўка бліз РайЦГіЭ, крамы «Тавары для дома». Ды і другая частка вуліцы, пасля скрыжавання з Валадарскага заўсёды застаецца пустой. Іншая справа, што лішнія некалькі дзясяткаў метраў пакупнікам прайсці складана. Вось і ствараецца нязручная сітуацыя з небяспечным патэнцыялам у плане ДТЗ. Пакуль адны літаральна кідаюць свае легкавікі дзе зручней ды бліжэй да гандлёвай кропкі, іншыя вадзіцелі выкручваюць «змейкі» і шчыльна раз’язджаюцца з аўто з супрацьлеглага напрамку.

Сітуацыя, здавалася б, самая простая і нават непрыкметная, бо ўсе мы людзі і разумеем надзённыя патрэбы навакольных. Тым больш што асобна ўзяты аўтамабіль нязручнасцяў тут стварыць не можа, але некалькі — наўпрост! Але менавіта ў такіх сітуацыях і становіцца відаць культуру паводзін землякоў на дарогах, якая ў нас яшчэ пакуль далёкая ад узорнай.
Арцём ГУСЕЎ, фота аўтара.

Оставить комментарий

avatar
  Подписаться  
Уведомление о