Ужо некалькі гадоў я назіраю за трансфармацыяй правілаў паводзін грамадзян на прыдваравых тэрыторыях. Вось, напрыклад, раней, на шумныя кампаніі, што часцяком збіраюцца ў альтанках пад шматпавярхоўкамі, вызывалі нават міліцыю, бо спакойна адпачыць жыхарам першых паверхаў, пры адкрытых вокнах, не выпадала. Моладзь то гучна смяялася, то ўключала на тэлефонах улюблёныя кампазіцыі, пра аматараў спіртнога сталага веку ўвогуле гаварыць не выпадае, бо мала звязаная мова часцяком пераходзіла на крык з лаянкавымі словамі ці ўзнёслыя рэплікі, кшталту, “Я цябе паважаю!”.

Панядзелак – дзець цяжкіМіліцыя рабіла сваю справу і, з цягам часу, большасць грамадзян навучылася паводзіць сябе ціха і, нават, незаўважна. Ідзеш часам пасля 23 гадзін і нават не заўважаеш чарговую кампанію пад сваім домам.

Людзі сталі больш культурнымі? Ды не, хутчэй баяцца трапіць у поле зроку праваахоўных органаў. Апрача гэтага ёсць і адно “но”: смецця ад большасці адпачываючых меней не стала. Ідзеш на работу, асабліва пасля выхадных, і бачыш “эпіцэнтры” начнога жыцця. Упакоўкі ад традыцыйных дваровых прадуктаў – семачак ды чыпсаў часцяком суседнічаюць з тарай з-пад алкаголю і пачкамі ад цыгарэт. Некалькі разоў бачыў нават і сланцы – верагодна зняўшыя іх грамадзяне ўжо былі не ў той кандыцыі, каб пасля ўжатай колькасці спіртнога шукаць свой абутак.

Вось так ідзеш і думаеш, як адпачынак для адных становіцца галаўным болем для другіх. Шчыруюць камунальнікі, прыбіраюць у сваіх дварах за небаракамі і некаторыя жыхары. Самае кепскае, што стала гэта ўжо хіба не правілам – пасля выхадных дзён аглядаць свае двары з упэўненасцю ў забруджанасці тэрыторыі.

Гэтая мая, мякка кажучы, заўвага, тычыцца далёка не ўсіх аматараў начнога жыцця. Сустракаюцца і сумленныя людзі. Не так даўно я пачуў размову некалькіх дзяўчын на лавачцы недалёка ад свайго пад’езда, калі на гадзінніку было за поўнач. Нікому моладзь не перашкаджала, а зранку я не пабачыў на месцы аніякага смецця – пасядзелі, пагутарылі, прыбралі за сабою. Калі б усе як след засвоілі гэты просты алгарытм, то і пытанняў не было. Але многія, ці то ў забыцці эмоцый, ці то пад уздзеяннем хмелю кідаюць смецце сабе пад ногі, хоць навокал дастаткова сметніц. Асобнае абурэнне выклікаюць “фармальна культурныя”, што і маюць намер за сабой прыбраць, але дакрочыўшы да першай сметніцы і пабачыўшы, што яна ўжо поўная ад папярэдніх адпачываючых, пакідаюць смецце пад скрыняю.

Разам з тым, я ніколі не чуў, каб нехта казаў, што жадае жыць у брудзе. Больш за тое, часам чуеш асобныя выразы адпачываючых. Апрача сваіх спраў яны абмяркоўваюць хіба што не сэнс жыцця: думкі пра палітыку, эканоміку, нормы грамадства, пачуцці – многія тэмы выклікаюць ахвоту пагутарыць. Не інакш як філосафы, сацыёлагі і палітолагі з навуковымі ступенямі і званнямі збіраюцца пад нашымі пад’ездамі! А на справе – звычайныя эгаісты і гультаі, што далей уласных патрэб нічога і не бачаць.

Але ёсць надзея, няхай і мізэрная. Магчыма, калі аматары спіртнога ў чарговы раз будуць накрываць свой небагаты стол у грамадскай альтанцы ці на лаўцы, а ў якасці абруса ім трапіцца менавіта гэта газета, няхай бы пачыталі, адпачылі павольна, загарнулі смецце ў гэтую паперу і выкінулі, куды трэба. Гэта не складана і карысна, паспрабуйце!..

Арцём ГУСЕЎ.

Оставить комментарий

avatar
  Подписаться  
Уведомление о