Памяццю і пашанай жыве сувязь пакаленняў

0
427

Днямі супрацоўнікі пошты наведалі сваю калегу, вязня Вялікай Айчыннай вайны Раісу Галіцкую з нагоды Дня работнікаў радыё, тэлебачання і сувязі і, канешне, Дня Перамогі. 

Памяццю і пашанай жыве сувязь пакаленняўСа шчырымі словамі павагі, падзякі і пажаданнямі моцнага здароўя, дабрабыту, мірнага неба над галавою і доўгіх гадоў жыцця звярнуўся да Раісы Іванаўны старшыня прафсаюзнай пярвічнай арганізацыі Калінкавіцкага РВПС “Белпошта” Уладзімір Васіленка. Да віншаванняў далучыліся намеснік начальніка Калінкавіцкага рэгіянальнага вузла паштовай сувязі Марына Альховік, інжынер па ахове працы Вольга Раманюк. Цёплыя словы ўдзячнасці за адданасць працы выказала начальнік Петрыкаўскага ўчастку паштовай сувязі Алена Юркавец.

Бабуля, пра якую мы пісалі некалькі гадоў таму, нягледзячы на свой паважаны ўзрост у 92 гады, захоўвае бадзёрасць і нават самаіронію. Памятаю, у час нашай першай сустрэчы некалькі гадоў таму, гэтая ўсмешлівая жанчына не жадала фатаграфавацца, спасылаючыся на свой паважаны ўзрост. Жартавала яна і на гэты раз, маўляў, навошта мне красавацца на старонках газеты, саступлю лепей месца маладым. Але завітаўшыя да яе госці пераканалі, што Раіса Іванаўна выглядае цудоўна, пасля чаго была дадзена згода на агульнае фота з нагоды ўрачыстасці.

У 13-гадовым узросце Раіса трапіла ў канцэнтрацыйны лагер, дзе немцы рыхтавалі малых да забору крыві на патрэбы сваіх салдатаў. Але планы, дзякуй Богу, не сталі рэчаіснымі. Дзяўчынка знаходзілася ў лагеры тры месяцы.
Пасля вайны Раіса скончыла школу і адразу ўладкавалася працаваць на пошту на пасаду касіра ў родным Петрыкаве. У 1950-м годзе пабралася шлюбам. Муж Аляксандр быў удзельнікам вайны, вярнуўся паранены, кульгаў, бо было разбіта калена. Мужчына ўладкаваўся цесляром на мясцовае суднабудаўнічае прадпрыемства.
Праз дзевяць гадоў пабудавалі ўласную хату, выгадавалі пяцёра дзяцей. Пражылі 53 гады, але, на жаль, ужо мінула два дзясяткі гадоў як Аляксандр Паўлавіч сышоў з жыцця.

Адказнасць і працавітасць Раісы Іванаўны не засталіся без увагі. За працоўныя поспехі жанчына ў свой час была ўзнагароджана медалём “За працоўную доблесць”. Сама бабуля адзначае: “Сорак гадоў аддала галіне паштовай сувязі з адным запісам у працоўнай кніжцы. Колькі кліентаў за гэты час прайшло праз мяне і падлічыць складана. Але заўсёды я намагалася захоўваць пільнасць, бо і лісты, і пасылкі, і грошы да капейкі патрабуюць дакладнасці”. Зрэшты, суразмоўца з цеплынёй і агеньчыкам у вачах згадвае тыя часы: хоць працаваць было значна цяжэй, у параўнанні з сучаснасцю, ды і кліентаў было за савецкім часам на пошце ў разы больш, але спраўляліся, жылі ў згодзе і паразуменні.

Рэдакцыя газеты “Петрыкаўскія навіны” далучаецца да віншаванняў на адрас Раісы Іванаўны з пажаданнямі моцнага здароўя і бадзёрасці, якую гэты светлы чалавек нясе ў душы ўсё жыццё.

Арцём ГУСЕЎ.
Фота аўтара.

Оставить комментарий

avatar
  Подписаться  
Уведомление о