Рабочы тыдзень для кіраўнікоў структурных падраздзяленняў райвыканкама, устаноў, арганізацый і прадпрыемстваў раёна традыцыйна пачаўся з нарады пры старшыні райвыканкама Аляксандры Кохане, на якой быў вызначаны спіс першачарговых задач і надзённых пытанняў, падлягаючых вырашэнню.

Дысцыпліна і парадак
На апаратную нараду традыцыйна вынесены праблемныя пытанні, выяўленыя мабільнай групай райвыканкама пры наведванні аб’ектаў сельскай гаспадаркі, гандлю, устаноў аховы здароўя. Па інфармацыі начальніка ўпраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне райвыканкама Мікалая Семяніцкага, работа кіраўніцтва наведаных арганізацый і прадпрыемстваў адчуваецца: большасць пазначаных недахопаў ухілена ў даведзеныя тэрміны, аднак падтрымліваць парадак і дысцыпліну неабходна пастаянна. Адзначыў Мікалай Уладзіміравіч годны ўзровень арганізацыі гандлёвага абслугоўвання ў Навасёлках і Камаровічах.

Падрыхтоўка тэхнікі – задача стратэгічная
Да 1 красавіка гатоўнасць сельгастэхнікі да веснавых палявых работ павінна быць 100%-ная, абазначыў задачу для кіраўнікоў сельгаспрадпрыемстваў і ўпраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання старшыня райвыканкама Аляксандр Кохан.
– Зроблена нямала, аднак у сезон мы павінны ўвайсці ў поўнай гатоўнасці. Памятайце: якасць рамонтных работ, надзейнасць тэхнікі, бесперабойная работа – усё гэта дазволіць нам у поўнай меры справіцца з пастаўленымі задачамі, а яны, як вам добра вядома, сур’ёзныя.
Тым больш, што падтрымка ў пытанні падрыхтоўкі тэхнікі нам была аказана вялікая: пад усе нашыя патрэбы выдзелены сур’ёзныя фінансавыя сродкі. Не забываем пра вываз арганікі і ўнясенне ўгнаенняў, – рэзюмаваў Аляксандр Васільевіч.
Санітарныя дні і суботнікі
– У пытанні навядзення парадку гэтай вясной нам давядзецца зрабіць нямала. І гаворка ідзе не толькі пра маштабную рэканструкцыю Капаткевічаў, сёлета важна дайсці да кожнага населенага пункта – першачарговая задача для старшынь сельсаветаў. Спрыяльныя ўмовы надвор’я дазваляюць праводзіць санітарныя дні і суботнікі. Важна для сумеснай работы па навядзенні парадку арганізаваць і гаспадароў прыватных сядзіб, бо, як вядома, парадак на вуліцах нашых населеных пунктаў – справа агульная.

Вада адступае
Узровень вады ў Прыпяці і Пцічы хоць і застаецца вышэй за крытычны паказчык, аднак штодзень зніжаецца, – паведаміў начальнік райаддзела па надзвычайных сітуацыях Мікалай Карабец.
Мікалай Юр’евіч запэўніў, што былі прыняты ўсе неабходныя меры і жыццядзейнасць насельніцтва на падтопленых тэрыторыях не была парушана. У перыяд падзення ўзроўню вады гаспадарам важна прытрымлівацца рэкамендацый спецыялістаў цэнтра гігіены і эпідэміялогіі.

Галіна КАЗАК.

Оставить комментарий

avatar
  Подписаться  
Уведомление о