Не хапае слоў ці выхавання?

0
260

Сёння мне хацелася б узняць тэму выкарыстання нецэнзурнай лексікі ў грамадстве. На жаль, мат для некаторых нашых суайчыннікаў перастаў лічыцца чымсьці ганебным і ўжываецца не толькі ў стрэсавых сітуацыях – калі чалавек губляе ўсялякі кантроль над сваімі паводзінамі і ўчынкамі, а і ў звычайных, часцяком, як словы-звязкі. І хоць часы, калі нецэнзуршчына ўспрымалася як прыкмета сучаснасці, даўно сышлі – брыдкаслоўе не знікла з нашага жыцця.

На мой погляд, адна з прычын такой сітуацыі – прыклад з боку. Не сакрэт, што ў некаторых сем’ях дзеці штодня могуць пачуць, як іх бацькі “не падбіраюць выразы”. У будучыні хлопчыкі і дзяўчынкі абавязкова ўспрымуць такі фармат зносін як норму. І ўжо звыкла будуць брыдкасловіць заўсёды і ўсюды. Яшчэ негатыўны момант: у маладзёжным песенным жанры можна пачуць мат. Зразумела, што такія музычныя кампазіцыі на тэлебачанні не пачуеш. Але заўсёды побач бязмежныя абшары інтэрнэту. Стала міжвольнай сведкай, калі падлеткі слухалі Маргенштэрна. Тэкст быў пабудаваны на брыдкаслоўі, але юнакі “кайфавалі” ад творчасці расійскага выканаўцы. Напэўна, гэта стала адной з прычын таго, што песні артыста знялі з афіцыйных чатаў. І правільна: моладзь пачынае пераймаць сваіх куміраў. У іх узнікае пытанне: калі ім гэта можна для вялікай публікі, то чаму мне нельга ў рэальным жыцці?

Самае непрыемнае для мяне ў сітуацыі з нецэнзурнай лексікай: людзі, якія іх ужываюць, зусім абыякавыя да таго, як адчуваюць сябе пры гэтым навакольныя. Пародокс заключаецца яшчэ ў тым, што таму, хто кажа прыгожа і даходліва, сорамна даць заўвагу “брыднаслоўцу”. Наша маўчанне – таксама прычына для ўкаранення шкоднай звычкі.

Грамадству варта праяўляць прынцыповасць у барацьбе з нецэнзурнай лексікай. Трэба адзначыць, што для “аматараў слаўца” ў Беларусі існуе адміністрацыйная мера пакарання: штраф ад 2 да 30 БВ. Але пагадзіцеся, усіх не пакараеш ды і вінаватасць за адзін-два “моцныя слоўцы” даказаць будзе, напэўна, складана. На мой погляд, перамагчы праблему можам толькі мы самі і разам. Бацькам з самага ранняга ўзросту дзяцям важна падаваць пазітыўны прыклад, адмовіўшыся ад выкарыстання зняважлівых слоў – хоць бы ў прысутнасці дзіцяці. Гэта датычыцца і прагляду замежных мультфільмаў, серыялаў, дзе ўжыванне ненарматыўнай лексікі лічыцца агульнапрынятай нормай. Дарослыя павінны сачыць за тым, чым цікавіцца моладзь, якія відэаролікі глядзіць. І як альтэрнатыву – прапанаваць кантэнт блогераў, якія вучаць агульнапрынятым каштоўнасцям. Варта ўсім нам больш цікавіцца мерапрыемствамі, якія праводзяцца ў краіне па барацьбе з дрэннымі словамі і звычкамі. Адно з такіх – духоўна асветніцкая праграма “Чысціня слова – чысціня душы”, дзе транслюецца прыгажосць рускай і беларускай моў. І самае галоўнае – не быць у баку ад праблемы. Трэба тлумачыць, самім быць прыкладам, пры неабходнасці – публічна ганіць брыднаслоўцаў. У грамадстве павінна фарміравацца правільная ўстаноўка сучаснага, выхаванага беларуса.

Святлана СОБАЛЕВА.

Оставить комментарий

avatar
  Подписаться  
Уведомление о