8 снежня сваё 60-годдзе адзначыў Капаткевіцкі дом-інтэрнат для састарэлых і інвалідаў. Актавая зала ўстановы поўнілася гасцямі, што прыехалі на ўрачыстасць з усіх куткоў вобласці – павіншаваць калектыў з юбілеем прыбылі прадстаўнікі адміністрацыі раёна, камітэта па працы, занятасці і сацыяльнай абароне аблвыканкама, дырэктары адпаведных устаноў Гомельшчыны.

Як было адзначана напачатку мерапрыемства, за векавую гісторыю органы па працы, занятасці і сацыяльнай абароне прайшлі некалькі этапаў развіцця ад стварэння багадзельняў, дзе ўтрымліваліся жабракі, інваліды і людзі шаноўнага ўзросту, да арганізаванай сістэмы дзяржаўнай абароны ўсіх катэгорый насельніцтва.

У 1926 годзе былі адкрытыя інвалідныя дамы ў Капаткевічах і Мазыры. Перад Вялікай Айчыннай вайной на тэрыторыі Гомельскай і Палескай абласцей дзейнічалі 32 дамы для інвалідаў, дзе на поўным дзяржаўным забеспячэнні знаходзілася 1,5 тысячы чалавек. У

1963 годзе адбылося адкрыццё Капаткевіцкага дома-інтэрната.
На сённяшні дзень у Капаткевіцкім доме-інтэрнаце працуе 138 чалавек, якія абслугоўваюць 260 пражываючых. Работа калектыву заўсёды была накіравана на паляпшэнне якасці жыцця пражываючых ва ўстанове грамадзян.

З прамовай да прысутных звярнуўся намеснік старшыні камітэта па працы, занятасці і сацыяльнай абароне аблвыканкама Андрэй Федаровіч, які зачытаў віншавальны адрас ад начальніка камітэта Надзеі Цупа: “Усе гэтыя гады ўстанова годна выконвала сваю місію, з’яўляючыся гарантам дапамогі састарэлым грамадзянам і інвалідам. Высокі прафесіяналізм і пачуццё абавязку, адданасць справе і грамадзянская адказнасць дазваляюць на належным узроўні праводзіць дзяржаўную палітыку па сацыяльнай абароне насельніцтва. Сёння мы выказваем словы шчырай падзякі за вашу карпатлівую і нястомную працу. Жадаем моцнага здароўя, дабрыні і дабрабыту”. Ад сябе Андрэй Мікалаевіч дадаў, што прыемна бачыць, як установа развіваецца: “Паляпшэнне інфраструктуры – карысць не толькі для тых, для каго інтэрнат стаў другім домам, гэта і больш камфортныя ўмовы працы для вашых спецыялістаў.

Трэба зазначыць, што ў будучыні ўстанова будзе падтрымлівацца на ўзроўні вобласці не менш, чым раней”. Пасля гэтага мужчына ўручыў дырэктару Капаткевіцкага дома-інтэрната сертыфікат на ўмацаванне матэрыяльна-тэхнічнай базы на 25 тысяч рублёў і ўзнагародзіў Ганаровымі граматамі і Падзякамі Камітэта па працы, занятасці і сацыяльнай абароне аблвыканкама працаўнікоў і валанцёраў установы.

60 гадоў увагі і пяшчоты

Са словамі віншавання падняўся на сцэну старшыня раённага Савета дэпутатаў Сяргей Макарэвіч, які зачытаў віншавальны адрас ад старшыні райвыканкама Аляксандра Кохана: “Прыміце словы шчырай удзячнасці за вашу нялёгкую, але такую важную працу. Ваша ўстанова стала сапраўдным домам для тых, хто ў сілу стану здароўя і жыццёвых абставін мае патрэбу ў дапамозе. За 60 гадоў у Доме-інтэрнаце накоплены вялікі вопыт па аказанні сацыяльных паслуг, уведзены новыя методыкі рэабілітацыі, тут падтрымліваецца высокі ўзровень абслугоўвання і медыцынскай дапамогі, вядзецца актыўная работа па арганізацыі вольнага часу і самарэалізацыі людзей з абмежаванымі магчымасцямі”. Сяргей Аляксандравіч дадаў, што пра плённую працу калектыву сведчыць і высокі ўзровень ўзаемадзеяння паміж раённай уладай і Домам-інтэрнатам. Уручыўшы дырэктару ўстановы Людміле Гошка сертыфікат на тысячу рублёў ад райвыканкама, Сяргей Макарэвіч узнагародзіў лепшых працаўнікоў Ганаровымі граматамі і Падзякамі Петрыкаўскага раённага Савета дэпутатаў і раённага выканаўчага камітэта.

60 гадоў увагі і пяшчоты

Вядома, са словамі падзякі да калектыву звярнулася і дырэктар Дома-інтэрната. Людміла Мікалаеўна пажадала кожнаму здароўя, цярпення і дабрабыту: “Упэўнена, што мы і надалей бу-дзем шчыра і аддана працаваць, рухацца наперад, не прыпыняючыся на дасягнутым. Я шаную кожнага і бясконца ўдзячная вам за сумесныя гады нашай работы”. Пасля гэтых слоў жанчына ўручыла граматы ўстановы.

Увогуле, у гэты юбілейны дзень на сцэну для атрымання ўзнагарод паднялося 22 работнікі ўстановы, сярод якіх былі працаўнікі медыцынскага і тэхнічнага персаналу, галіны харчавання, баўлення вольнага часу, інжынернай службы і бухгалтэрыі.

Урачыстасць была аздоблена творчымі падарункамі артыстаў мастацкай самадзейнасці з Капаткевіцкага дома-інтэрната, іх калег з Капцэвіцкай установы, а таксама Народнага ансамбля песні, танца і музыкі “Лявоніха” Капаткевіцкага гарадскога Дома культуры. На сцэну з вакальнымі нумарамі і харэаграфічнымі пастаноўкамі выходзілі таленты розных узростаў, вакальны рэпертуар складаўся з добра вядомых савецкіх кампазіцый.

Нам застаецца далучыцца да слоў падзякі ў адрас калектыву з нагоды юбілею. Ваша справа не заўсёды заўважная, але вельмі каштоўная, бо кожны ваш падапечны сагрэты цеплынёй вялікіх сэрцаў і пяшчотных рук.

Арцём ГУСЕЎ, фота аўтара.

Оставить комментарий

avatar
  Подписаться  
Уведомление о