Шквалісты вецер, які разгуляўся ў Беларусі ў сярэдзіне мая, на шчасце, не нанёс сур’ёзнага ўрону лясам Петрыкаўшчыны. Аднак яго наступствы па сённяшні дзень не ліквідаваны на тэрыторыі Магілёўшчыны. На чыстку лесу ад ветравалу і буралому да суседзяў амаль адразу накіраваліся супрацоўнікі лясной галіны нашага раёна.
– Першая група з ліку работнікаў лясгаса была сфарміравана і накіравана ў лясніцтвы Магілёўскага ДВЛГА яшчэ ў маі. За гэты час у распрацоўцы лесасек, пацярпелых ад разгулу стыхіі на тэрыторыі Магілёўшчыны, было задзейнічана 24 чалавекі, – адзначыла ў час размовы намеснік дырэктара па ідэалагічнай рабоце ДЛГУ “Петрыкаўскі лясгас” Юлія Сцяпук.

Наступствы стыхіі ліквідуем разам
Па інфармацыі Юліі Іванаўны, пашкоджаныя непагодай участкі, на якіх даводзіцца працаваць работнікам лясгаса, амаль на 70% – гэта хвойныя пароды, добрая частка якіх знаходзіцца ў цяжкадасягальных месцах, што, канешне ж, ускладняе іх распрацоўку з улікам як умоў надвор’я, так і асаблівасцяў грунту. Аднак, як зазначыла Юлія Сцяпук, на ліквідацыі наступстваў стыхіі задзейнічаны вопытныя работнікі, таму планавыя задачы, пастаўленыя Мінлесгасам, будуць выкананы ў пазначаны тэрмін.
– Нашым лясгасам распрацавана каля 23,3 гектара ветравальна-бураломных лесасек, нарыхтавана – 5926 кубічных метраў драўніны, стралявана – 5760 кубічных метраў, – паведаміла ў час размовы Юлія Іванаўна. – Адначасова за змену на ліквідацыі наступстваў стыхіі ад нашых падраздзяленняў задзейнічана каля 20 чалавек з выкарыстаннем 4-х бензапіл, 2-х харвестараў, 2-х форвардараў, пагрузачна-транспартныя машыны для тралёўкі і 2-х МТЗ з граблямі для ачысткі лесасек. Таксама задзейнічаны 3 аўтамабілі МАЗ для аператыўнай вывазкі драўніны. Работнікамі лясгаса рэгулярна ажыццяўляецца кантроль за выкананнем правіл тэхнікі бяспекі і аховы працы пры правядзенні ўсіх работ, а таксама кантроль за вывазкай лесу. Зараз колькасць задзейнічанай тэхнікі і людскіх рэсурсаў значна меншая – паступова лясны фонд Магілёўшчыны ачышчаецца ад ветравалу і буралому.

Галіна КАЗАК,
фота Юліі СЦЯПУК.

Оставить комментарий

avatar
  Подписаться  
Уведомление о