Месца, дзе мы вучымся вялікаму

0
560

Бясцэнны час, які дае нам жыццё – школьная пара. Той адрэзак часу, што чалавек праводзіць за школьнай партай, заўсёды настальгічна адгукаецца ў нашай душы. У чарговы раз я пераканалася ў гэтым, наведаўшы Капцэвіцкую сярэднюю школу, дзе ў мінулую суботу сабраліся выпускнікі розных гадоў, ветэраны педагагічнай працы, бацькі, каб павіншаваць з 45-гадовым юбілеем установу адукацыі. Школа смела заяўляе пра сабе на раённых, абласных спартыўных спаборніцтвах, дэманструе радасць перамог, прыгожыя і добрыя традыцыі, якія беражліва захоўваюцца і перадаюцца з пакалення ў пакаленне.
Сёння ўстанова адукацыі выходзіць на новы этап сталасці, смела адчыняючы дзверы новаўвядзенням, і ўпэўнена крочачы наперад.

Гартаючы старонкі школьнай гісторыі
Святкаваць юбілей – выдатная традыцыя. І гэта заўсёды вынік пражытага адрэзку жыцця. На ўрачыстай частцы “Вечара сустрэчы выпускнікоў” педагогі Капцэвіцкай школы падрыхтавалі летапіс школы, дзе пры дапамозе слайдаў прысутныя “перагортвалі старонкі гісторыі”. 1937 год – першы выпуск навучэнцаў, які адбыўся ў старым будынку. Гады Вялікай Айчыннай – школа выкарыстоўвалася фашыстамі ў якасці канюшні. 1945 – у будынку адкрыта педагагічнае вучылішча, якое за сем гадоў падрыхтавала каля 350 маладых настаўнікаў для Петрыкаўшчыны. Пасля пераводу ў 1952 годзе педагагічнага вучылішча ў райцэнтр у пасёлку адкрылася сярэдняя школа, а 45 гадоў таму ёй на змену прыйшоў новы будынак – была здадзена ў эксплуатацыю двухпавярховая школа, спраектаваная на 600 вучнёўскіх месцаў. З цеплынёй прысутныя згадвалі пра ветэранаў педагагічнай працы: Раісу Панцюк, Вольгу Брызіцкую, Веру Казловіч, Міхаіла Кісялевіча, Алену Меляшкевіч, Галіну Дубік, Святлану Драгун, Раісу Беластоцкую – апошняя з якіх ад усіх былых калег падзякавала арганізатарам за сустрэчу. Раіса Цімафееўна прыйшла працаваць у новы будынак школы з моманту яго адкрыцця ў якасці настаўніка музыкі. У далейшым – пятнаццаць гадоў узначальвала ўстанову.
– Час ідзе, школа мяняецца, мяняецца калектыў. Добра, што ў некаторых падзей ёсць дзіўная ўласцівасць – нагадваць людзям пра мінулае, дарыць радасць пражытых імгненняў. Сённяшняя юбілейная дата – адно з такіх, – адзначыла ветэран працы. – Для мяне, як і для маіх былых калег, дадзеная ўстанова – вялікая частка нашага жыцця. Лепшая, актыўная, хвалюючая і незабыўная. Мы памятаем, ганарымся ўсімі сваімі выпускнікамі, радуемся поспехам школы, імкнёмся быць прыкладам для моладзі.

Месца, дзе мы вучымся вялікамуРаіса БЕЛАСТОЦКАЯ: “Віншую з юбілеем нашай цудоўнай школы. Гавораць, былых настаўнікаў не бывае. І гэта праўда. Гэтая прафесія назаўжды накладвае адбітак на лёс і характар чалавека, і педагог заўжды працягвае заставацца настаўнікам у памяці сваіх вучняў і калег, а школа застаецца родным домам. Пажадаю ўсім моцнага здароўя, мэтанакіраванасці, дабрабыту і веры ў сябе. Няхай наша школа квітнее, дорачы нашым дзецям добрыя веды, правільнае выхаванне і радасныя ўспаміны”.

“Наша любімая школа…”
Аддаць даніну павагі роднай школе сабраліся выпускнікі мінулых гадоў з розных куткоў краіны. Усе як адзін прызнаюцца: яны не забываюць месца, дзе былі зроблены крокі да ведаў. Можна было пачуць, што для адных школа – гэта месца, дзе яны набылі сапраўдных сяброў, з якімі і зараз падтрымліваюць адносіны, дзе перажылі першыя пачуцці кахання і расчаравання, гонару і крыўды. Для іншых школа – гэта крок у дарослае жыццё і набытае паняцце, што значыць быць чалавекам. Былі і такія, хто ў гэты вечар прыйшоў падзяліць радасць свята з былымі настаўнікамі і яшчэ раз сказаць ім “дзякуй” за тое, што былі побач. Святочны канцэрт, падрыхтаваны педагогамі і вучнямі школы, арганізаваныя гульні, віктарыны прымушалі прысутных успамінаць шчаслівыя моманты школьнага жыцця. Каля фотазон збіраліся выпускнікі, каб сфатаграфавацца з педагогамі, абняцца з землякамі, успомніць мінулае. Адзін з іх – Міхаіл Казловіч, які скончыў школу дваццаць пяць гадоў таму, сёння пражывае ў абласным цэнтры.
– Практычна ўсе сустрэчы выпускнікоў сустракаю ў роднай школе: у маці ў пачатку лютага дзень нараджэння і я прыязджаю на малую радзіму. За апошнія гады школа вельмі змянілася: заменены вокны, адрамантаваны фасад, абноўлены стэнды інфармацыйнага поля, праведзены капітальны рамонт кабінетаў. Прыцягвае погляд актавая зала. Спартыўная – ніколі не бывае пустой. Усе гэтыя змены вельмі радуюць. Значыць, усе тут на сваіх месцах, а Петрыкаўшчына крочыць у патрэбным напрамку, – дзеліцца Міхаіл. – Калектыў прымае заўсёды цёпла і кожны раз адчуваеш сябе ў нейкай меры школьнікам, акунаешся ў той бесклапотны свет дзіцячых і юнацкіх мрояў. Сёлета я прыехаў на сустрэчу з дачкой. Абодва поўныя ўражанняў: я – ад сустрэчы з сябрамі, а дачка – ад творчых нумароў школьнікаў.

Месца, дзе мы вучымся вялікамуМіхаіл КАЗЛОВІЧ: “Колькі б не прайшло гадоў пасля выпускнога вечара, школа заўсёды застаецца ў памяці. Жадаю роднай школе працвітання, дасягненняў, магчымасці расці і рухацца ў новых напрамках. Няхай у сценах гэтага будынка кожны будзе паспяховы і шчаслівы, а выпускнікі ніколі не забудуць свайго пачатку і ўсіх тых, хто дапамагаў ім рабіць старт у жыцці”.
Працуе адна каманда
Не абышлі арганізатары ўвагай і былых кіраўнікоў: Валянціна Дубіка, Раісу Беластоцкую, Віктара Рудзько, кожны з якіх унёс свой уклад у станаўленне і развіццё ўстановы. Апошнія дзевяць гадоў Капцэвіцкая сярэдняя школа працуе пад кіраўніцтвам Валерыя Такуна. Сёння ўстанову наведваюць 162 навучэнцы – гэта самая шматлікая вясковая школа ў раёне, у штаце 22 педагогі, 17 з якіх выйшлі з яе сцен.
– У школе працуюць таленавітыя педагогі, для якіх выбраная прафесія з’яўляецца любімай і цікавай. Калектыў паспяхова прымнажае патэнцыял, які быў закладзены ветэранамі, адкрыты мы і да ўсяго новага. Жыццё ставіць перад намі новыя задачы і мы стараемся іх якасна і ў час выконваць. У апошні час для 10 % навучэнцаў адкрыты класы з інтэграваным навучаннем, што патрабуе ад педагогаў новых падыходаў у навучанні. Для ўдасканалення працоўных навыкаў, выбару будучай прафесіі адкрылі майстэрню для хлопчыкаў і кабінет абслугоўваючай працы для дзяўчынак, актыўна практыкуем рознабаковую пазаўрочную дзейнасць. Асаблівая ўвага калектыву накіравана на заняткі спортам. За апошнія восем гадоў установа пяць разоў выйгравала раённую спартакіяду па мнагабор’і, – падзяліўся Валерый Пятровіч.
Было адзначана, што два гады таму ўстанова была ўклю-чана ў рэспубліканскі праект “Мадэрнізацыя сістэмы адукацыі Рэспублікі Беларусь”, дзякуючы чаму зведала шэраг станоўчых змен у пытанні добраўпарадкавання. З апошніх спраў – усталяванне сямі відэакамер. Кіраўнік адзначыў, што калектыў адчувае і спонсарскую дапамогу Нацыянальнага парку “Прыпяцкі”, генеральны дырэктар якога – выпускнік дадзенай школы, Петрыкаўскага ПМС, фермерскай прыватнай гаспадаркі “Валынец”.
Але галоўнае, па словах Валерыя Пятровіча, што рушыць школу наперад: вернасць традыцыям, захаванне атмасферы сутворчасці педагогаў, навучэнцаў і бацькоў.

Месца, дзе мы вучымся вялікамуВалерый ТАКУН: ”Віншую ўсіх з добрым і светлым святам. Жадаю, каб б мы і далей заставаліся дружнай школьнай сям’ёй, каб традыцыі, закладзеныя 45 гадоў таму захоўваліся і памнажаліся будучымі пакаленнямі педагогаў і вучняў. Няхай у нас заўсёды будуць нагоды ганарыцца сваімі поспехамі і добрымі справамі. Дабрабыту ўсім, працвітання, радасці і міру”.
Кажуць, што самае галоўнае ў любой школе – яе душа. Гады няўмольна адлічваюць час, а душа Капцэвіцкай школы застаецца маладой. Таму што сцены школы напаўняюцца новымі звонкімі галасамі, якія радуюць педагогаў. Школьнай душы заўсёды сем ці сямнаццаць. Роўна столькі, колькі ад першага да апошняга званка праходзяць свой шлях вучні.

Святлана СОБАЛЕВА,
фота аўтара і з архіва школы.

Оставить комментарий

avatar
  Подписаться  
Уведомление о