Калі ёсць сістэма работы, будзе і вынік

0
357

Штотыднёвая планёрка ў старшыні райвыканкама Аляксандра Кохана сабрала ў вялікай зале райвыканкама начальнікаў аддзелаў, кіраўнікоў арганізацый, прадпрыемстваў і ўстаноў раёна.

Усе тэмы, якія выносяцца для разгляду на нараду, важныя і актуальныя, і выкананне даведзеных заданняў – задача першачарговая. Таму традыцыйна нарада пачалася з інфармацыі пра выезд мабільнай групы. На мінулым тыдні былі праінспектаваны ФАПы. Даручэнне старшыні: у парадку павінны ўтрымлівацца ўсе аб’екты і падведамасныя тэрыторыі, нават тыя, што часова не эксплуатуюцца.

Па-ранейшаму ў цэнтры ўвагі раённай улады пытанні бяспекі грамадзян. Начальнік РАУС звярнуў увагу прысутных на павелічэнне на тэрыторыі рэспублікі выпадкаў злачынстваў у сферы наркакантролю, палавой недатыкальнасці непаўналетніх, бяспекі дарожнага руху.

Адзначалася, што супрацоўнікі міліцыі праводзяць рэйдавыя мерапрыемствы напярэдадні пасяўной кампаніі, накіраваныя на папярэджанне знаходжання на працоўных месцах работнікаў у стане алкагольнага ап’янення, а таксама крадзяжу паліва.
Зразумела, значная ўвага была нададзена пасяўной кампаніі. У аптымальныя тэрміны прыступіць да яе, правесці работы з максімальнай аддачай – такая задача была пастаўлена кіраўніком раёна. Дэталёваму аналізу падвергліся гатоўнасць тэхнікі, унясенне мінеральных угнаенняў, забяспечанасць гаспадарак насенным матэрыялам. Адзначалася, што нягледзячы на высокую гатоўнасць тэхнікі, работы па рамонце не спыняюцца ні на хвіліну. Пакуль механікі, інжынеры заняты ў майстэрнях, агранамічная служба адказвае за палявыя работы. Што да арганічных і мінеральных угнаенняў – імі раён забяспечаны ў поўнай меры. “Калі планы на ўраджай вялікія, то глебу варта як след падсілкаваць. Аднак арганізацыя работы ў асобных гаспадарках выклікае шэраг нараканняў. Так, умовы надвор’я працуюць нам не на карысць, але не заўсёды лішняя вільгаць на палетках прычына прамаруджвання”, – пазначыў у час нарады старшыня райвыканкама Аляксандр Кохан.

Развіццё жывёлагадоўчай галіны таксама пытанне адно з прыярытэтных. Кіраўніцтва гаспадарак, спецыялісты розных узроўняў, радавыя работнікі – усе павінны дбаць пра таварнасць малака, што вырабляецца, бо розніца ў кошце гатункаў першага, вышэйшага і “экстра” відавочная, і гэта вашыя грошы, слушна заўважыў кіраўнік раёна. Наступная задача – арганізацыя гарачага харчавання механізатараў у перыяд пасяўной – і яна ў зоне адказнасці прафсаюзаў. Дзе яшчэ не арганізавана – тэрмінова арганізаваць.
Старшыням сельсаветаў у вырашэнні пытання навядзення парадку на зямлі неабходна заняць пазіцыю наступальнага характару, каб усе, ад каго залежыць вырашэнне праблемы, дакладна разумелі сваю адказнасць і тое, чым можа абярнуцца ігнараванне даручэнняў.
Напярэдадні рэлігійных святаў першачарговая ўвага – грамадскім могілкам.

На асаблівым кантролі старшыні райвыканкама і пытанні правядзення ямачнага рамонту. У першую чаргу пастаўлена задача абследаваць участкі дарог і вуліц, якія ўяўляюць пагрозу бяспецы дарожнага руху.
Былі разгледжаны і іншыя, не менш важныя пытанні, па якіх дадзены канкрэтныя даручэнні кіраўнікам прадпрыемстваў і арганізацый. Усім прысутным на планёрцы таксама нагадалі пра працоўную і выканальніцкую дысцыпліну, адказнасць, выкананне на прадпрыемствах і ва ўстановах унутранага працоўнага распарадку.

Старшыня райвыканкама адзначыў, што кожнае з гэтых пытанняў важнае, бо гаворка ідзе пра жыццё і здароўе людзей. Усюды павінен быць кантроль з боку адпаведных службаў, арганізацый і мясцовых органаў самакіравання.

Галіна КАЗАК.

Оставить комментарий

avatar
  Подписаться  
Уведомление о