У Год гістарычнай памяці мы працягваем серыю публікацый пра генацыд беларускага народа ў гады Вялікай Айчыннай вайны.

Генацыд: памяць дзеля мінулага і будучыніНаша чарговая сустрэча з пракурорам раёна Сяргеем Таболічам – гэта размова пра новыя факты злачынстваў нацысцкіх агрэсараў на тэрыторыі раёна.

– Як ужо адзначалася, адзін з накірункаў нашых аналітычна-пошукавых мерапрыемстваў – гэта ўстанаўленне і апытанне жывых сведак і відавочцаў фактаў злачынстваў супраць беларусаў збоку нацысцкіх агрэсараў. Успаміны дзяцей вайны, непаўналетніх вязняў, якія перажылі катаржныя работы ў Германіі і нечалавечыя ўмовы ў канцлагерах, ратаваліся ад голаду, холаду і прыцэлаў варожых аўтаматаў, па прашэсці васьмі дзесяцігоддзяў нясуць усяму свету страшную праўду і прызваны дапамагчы ўзнавіць справядлівасць у дачыненні да злачынцаў і іх ахвяр, – пазначыў у час сустрэчы Сяргей Уладзіміравіч. – Думаю, жыхарам раёна карысна будзе пазнаёміцца з успамінамі непаўналетняга вязня Вольгі Максімаўны Прымаковай (Сідарэнка).

– Нарадзілася я ў вёсцы Дуброва, якая на той момант адносілася да Капаткевіцкага раёна, – пачынае свой аповед Вольга Максімаўна. – Калі пачалася вайна, мне ішоў пяты год. Пачатак вайны я памятаю як нейкае свята. Чаму? Бо сабралася вельмі шмат людзей, а вёска маленькая. Усіх павезлі ў Колкі, дзе быў сельскі Савет. Там было вельмі шмат прызыўнікоў мужчын. Іграла музыка. А потым гавораць, што гэта не радасць, гэта вайна пачалася. З першага дня бацьку забралі на фронт, а я засталася з маленькім брацікам і мамай.

Памятаю, што перад прыходам немцаў у вёску да нас у хату зайшоў мясцовы паліцай і сказаў, каб мы гатавалі яйкі і ўсё, што ёсць з ежы, бо прыедуць немцы і ім трэба што-небудзь сабраць паесці. І я ўпершыню ўбачыла немца ў гэты дзень. Прыехалі яны на матацыклах. Адзін немец з гэтым паліцаем хадзіў па хатах і збіраў “правізію”.
Ну а потым, сведчыць жанчына, пайшлі хавацца ў лес. Пайшлі, бо баяліся. Расказвалі, што немцы ў іншыя вёскі прыходзілі і пачыналі то забіваць, то гвалтаваць, таму на дзень сыходзілі ў лес, а на ноч вярталіся дадому.

– Мая маці родам з Хвойні. У іх у сям’і было 8 дзяцей. У сакавіку 1942 года, калі мы знаходзіліся ў вёсцы Дуброва, убачылі ў небе пажарышча. Мама выйшла і кажа: “Гарыць мая вёска”. Гэта я як зараз памятаю, таму што я за яе трымалася, баялася. А назаўтра прыходзіць мамінай сястры муж, і кажа: “Усё, Лізавета, нікога не засталося. Згарэлі”. Ведаеце, там жа ўсіх людзей сагналі ў хлеў і падпалілі. У мамы згарэлі 4 сястры з дзецьмі і 4 жонкі братоў з дзецьмі (браты ў гэты час былі на фронце), – успамінае жанчына. – Неяк вясной 1944 года стараста вёскі хадзіў па хатах і казаў, што сёння ўсіх павязуць. Сказаў, што трэба прыхапіць з сабой нешта паесці. Машынай павязуць. А машын мы ж не бачылі і былі задаволеныя, што машынай павязуць, будзем ехаць. Як сёння памятаю, што мама сыпала сухары і сухафрукты. Брата на руках трымае, яму было тры гады, а мяне за руку. Прыехала машына і ўсе палезлі ў яе, а куды вязуць нас, мы не ведалі. А потым ужо мама сказала, што мы ў Азарычы прыехалі. Мы не ведалі, што такое Азарычы. Праехалі далей лес, а там паляна і балота, абгароджанае калючым дротам. І тут людзі ўжо зразумелі, куды іх прывезлі. Усюды быў бруд. Хто паспеў сесці на сухую купіну, таму пашанцавала. Дзе можна было, там і сядалі. Там жа, дзе сядзелі, спалі і жылі. Першы час быццам ціха было, а потым пачалі дзеці плакаць, прасіць есці. Людзей было вельмі многа, і жывых, і мёртвых. Мёртвыя ляжалі па ўсёй тэрыторыі лагера, іх ніхто нікуды не звозіў. Былі выпадкі, калі сядзелі на трупах людзей, бо больш не было дзе сесці.

Ежу немцы нікому не давалі. Вось мы просім у мамы есці, яна дае нам скарынку хлеба сушанага і кажа, каб змачылі, але не глыталі адразу. Але як тут не глытаць, калі есці хочацца. Тады мама гаварыла, што больш не дасць нам, калі мы адразу глынаем, ну а потым ужо сухафрукты елі. І гэтым мы выжылі.
Памятае жанчына, як даймалі іх камары, як па крузе хадзілі палі-цаі і сачылі за абстаноўкай. Чула некалькі разоў, што на тэрыторыі былі нейкія воплескі. Гэта ўжо потым ім расказвалі, што немцы ў лагеры тыфам людзей заражалі, бо адчувалі, што канец вайны. І, як вядома, рабілі гэта для таго, каб вызваленыя вязні ў далейшым заразілі салдат Чырвонай Арміі.

– У Азарычах мы знаходзіліся 12 дзён. А потым пачаўся шум нейкі, і кажуць, што ўсё скончана, адчынілі дзверы і нас выпусцілі. А ісці, як мама ішла, пераступаючы мёртвых, я не магла, стаю і плачу. Мама сказала мне, каб я закрыла вочы і ішла. Там нельга было ступіць так, каб не на мёртвага. А потым пачалі крычаць, мабыць, нашыя партызаны, каб не тоўпіліся, бо маглі здушыць адзін аднаго. Мы крыху супакоіліся і выйшлі. Вакол лагера было замініравана і нас выводзілі па адной вузкай дарожцы, – працягвае свае страшныя ўспаміны непаўналетні вязень. – Калі мы прыйшлі ў сваю вёску, там засталося толькі тры дамы, а да гэтага было 68. Усе людзі размясціліся ў гэтых трох дамах. Хутка ўсе захварэлі на тыф, у тым ліку і мая мама. Я толькі не захварэла і адзін хлопец, яму было гадоў трынаццаць. Усе хворыя крычалі, каб далі піць. Мы з ім разносілі ваду. Дапамагло і тое, што наша вёска была замініравана, і калі прыехалі сапёры, з імі была жанчына-ўрач, якая лячыла людзей, давала ім нейкія таблеткі. Дзякуючы гэтай жанчыне шмат людзей з нашай вёскі засталіся ў жывых, у тым ліку і мая маці, – дадае жанчына.

Як адзначыў у завяршэнні размовы пракурор раёна Сяргей Таболіч, расследаванне фактаў генацыду на тэрыторыі Петрыкаўшчыны працягваецца. Успаміны дзяцей вайны, якія цяпер праходзяць сведкамі па крымінальнай справе, у чарговы раз даказваюць, што ў памяці няма тэрміну даўніны, а праўда патрэбна нават тым, каго ўжо няма ў жывых.

Галіна КАЗАК.

Оставить комментарий

avatar
  Подписаться  
Уведомление о