Паважаныя ўдзельнікі дарожнага руху, 22 верасня ў многіх краінах свету праводзіцца экалагічная акцыя “Дзень без аўтамабіля”.

Задача акцыі – звярнуць увагу людзей на праблемы перамяшчэння ў горадзе. Планіроўка вуліц і кварталаў, асабліва ў цэнтры некаторых гарадоў, проста не разлічана на тую колькасць людзей і транспарту, якія зараз там кожны дзень знаходзяцца. Шмат залежыць і ад узроўню арганізацыі сістэмы грамадскага транспарту.
Свой негатыўны ўклад уносяць і ўдзельнікі дарожнага руху: далёка не заўсёды выкарыстанне асабістага аўто – надзённая неабходнасць. Аўтамабіль неабходны для далёкіх паездак, але не так ужо і патрэбен для наведвання крамы, ці каб дабрацца да працы.
Лепшы спосаб адзначыць Сусветны дзень без аўтамабіля – не карыстацца сваім аўтатранспартам і аддаць перавагу пешаму перамяшчэнню або веласіпедам. Калі ў вас ёсць скейтборд ці электрасамакат – выкары-стоўвайце яго ці скарыстайцеся грамадскім транспартам. Гэта будзе ваш асабісты ўнёсак у захаванне спрыяльнага навакольнага асяроддзя.
Як моцна транспартныя сродкі забруджваюць паветра?
У Беларусі больш за 3 мільёны асабістых легкавых аўтамабіляў. У сярэднім на 1 тысячу чалавек прыпадае 320 машын. Па насычанасці легкавымі аўто лідзіруюць Гродзенская і Мінская вобласці – 363 і 342 машыны на тысячу жыхароў адпаведна. У Гомельскай вобласці колькасць легкавых машын на тысячу чалавек складае 295 аўтамабіляў.
Выкіды шкодных рэчываў у атмасферу ад аўтатранспарту на Гомельшчыне за 2021 год склалі 90,5 тысячы тон. З іх вугляроду аксіду – 56,3 тысячы тон, дыяксіду азоту – 11,1 тысячы тон, вуглевадародаў – 19,9 тысячы тон, сажы – 3,5 тысячы тон.
У сярэднім на 1 жыхара вобласці прыпадае 65 кілаграмаў забруджвальных рэчываў.
Задача па мінімізацыі выкідаў ад аўтатранспарту павінна вырашацца праз удасканаленне паліўных сістэм, укараненне транспарту, які выкарыстоўвае больш экалагічнае паліва. Гэта першыя крокі да паляпшэння сітуацыі.
Так, у Беларусі выпушчана новае паліва прэміум-класа «FLAGMAN» на аснове высакаякасных неэтыляваных бензінаў АІ-95-К5-Еўра. Выкарыстанне гэтага паліва прыводзіць да зніжэння ўтрымання шкодных выкідаў у выхлапных газах аўтамабіляў.
Акрамя таго, у вобласці развіваецца інфраструктура для электрамабільнага транспарту. Усяго на тэрыторыі Гомельшчыны эксплуатуецца больш за 30 зарадных станцый для электрамабіляў, у тым ліку 2 – у Петрыкаўскім раёне.

Арцём ГУСЕЎ,
па матэрыялах райінспекцыі прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага
асяроддзя.

Оставить комментарий

avatar
  Подписаться  
Уведомление о