Чараду кастрычніцкіх свят замыкае ў нашай краіне Дзень аўтамабіліста і дарожніка. Ён адзначаецца ў апошнюю нядзелю месяца і сведчыць пра ўсенароднае прызнанне заслуг людзей гэтай галіны.

На Петрыкаўшчыне ўтрыманнем і эксплуатацыяй большасці дарог займаецца  калектыў філіяла Петрыкаўскага ДРБУ-112 , які ўзначаліў больш за год таму Канстанцін Варэннікаў, малады і перспектыўны  кіраўнік.

Клопатаў у дарожнікаў шмат. На ўтрыманні арганізацыі знаходзіцца амаль 622 кіламетра мясцовых аўтамабільных дарог, 37 мастоў працягласцю 995 метраў. У  арганізацыі працуюць 87 сапраўдных прафесіяналаў, адданых сваёй нялёгкай справе. Хтосьці робіць тут першыя крокі ў прафесіі, а нехта аддаў арганізацыі дзясяткі гадоў.

Дарогу здужаюць прафесіяналыАдна з такіх – Ніна Макарэвіч (на фота), прараб па ўтрыманні аўтамабільных дарог, пра  якую калегі гавораць: “З ёю ў камандзе можна ў літаральным сэнсе горы звярнуць і пракласці на іх месцы дарогу”. Адказнасць, прынцыповасць, уважлівасць – рысы характару жанчыны.  Сама Ніна Мікалаеўна кажа: другіх думак, як звязаць свой лёс з дарожнаю службай, у яе не было. Бацькі працавалі на дадзеным прадпрыемстве, яна і двое братоў сталі прадаўжальнікамі іх справы. Пасля заканчэння Макарыцкай школы,  дзяўчына мэтанакіравана атрымала спецыяльнасць “Тэхнік-будаўнік” у Гомельскім дарожна-будаўнічым тэхнікуме. Два гады адпрацавала па спецыяльнасці ў Гродзенскай вобласці і вярнулася на малую радзіму, дзе знайшла сямейнае шчасце і прафесійнае прызнанне.

– Працоўны дзень мой пачынаецца з планёркі, на якой аператыўна вырашаюцца вытворчыя пытанні,  і мая брыгада з шасці чалавек, атрымлівае пэўнае заданне, – дзеліцца падрабязнасцямі суразмоўца .–  У цёплую пару года – гэта ямачны рамонт вуліц і дарог, пакоска травы і афарбоўка дарожных элементаў, усталяванне і замена дарожных знакаў. Зіма – ачыстка і падсыпка вуліц. Я кантралюю працэс работы, і яго якасць ляжыць на мне.

Брыгадзір гаворыць, што працаваць для людзей – вялікая адказнасць. Іх дзейнасць знаходзіцца на віду, што з’яўляецца лепшым стымулам для ўдасканалення якасці.  Выказваю думку, што  прафесія дарожніка патрабуе асаблівай падрыхтоўкі.

– Зразумела, што праца наша не з лёгкіх. За лета неабходна шмат паспець, пакуль стаіць добрае надвор’е, – згаджаецца суразмоўца. – У нас шырокі круг абавязкаў, так ці інакш звязаных з кладкай друзу, асфальту, пагрузкай і разгрузкай матэрыялу. Пагэтаму дарожныя рабочыя павінны быць моцныя і вынослівыя.

Па выніках работы  Ніна Мікалаеўна занесена на Дошку гонару арганізацыі. Сама кажа, што калектыў філіяла з’яўляецца важным фактарам для паспяховай работы. Добрасумленна і эфектыўна працуюць усе яе калегі для камфорту,  зручнасці і добрага настрою землякоў.

Дарогу здужаюць прафесіяналы

 

Наша рэпутацыя – гэта якасць, камфорт і дакладны графік! Менавіта пад такім дэвізам працуе ўчастак “Петрыкаў” філіяла  № 13 ААТ “Гомельаблаўтатранс”. Калектыў, у колькасці трыццаці чатырох чалавек крыху больш за год таму ўзначаліў  малады начальнік участка Андрэй Мароз,  чалавек, які будуе радужныя планы і перспектывы для арганізацыі, а сваім прыкладам да працы натхняе калег на  дзейсную і якасную працу.

На балансе арганізацыі 16 аўтобусаў і 6 грузавікоў. Арганізаваны 24 прыгарадныя маршруты, 2 – міжгароднія, 3 – гарадскія. Уявіце лічбу – за бягучы год скарысталіся грамадскім транспартам крыху больш за 350 тысяч чалавек. За камфортнымі і зручнымі для нас паездкамі – кругласутачная праца работнікаў філіяла.

Напярэдадні свята ў калектыў прыйшлі дзве прыемныя навіны, якія ў чарговы раз падкрэсліваюць прафесіяналізм работнікаў філіяла № 13: для ўручэння з рук Генеральны дырэктара ААТ “Гомельаблаўтатранс” срэбранага нагруднага значка “За шматгадовую і добрасумленную працу ў сістэме транспарту” запрошаны вадзіцель Аляксандр Яновіч, а за асабісты ўклад у забеспячэнне транспартнага абслугоўвання насельніцтва, граматай Петрыкаўскага райвыканкама ўзнагароджаны вадзіцель Дзяніс Тоўсцік. Так што старонкі раённай газеты чакаюць новых герояў, людзей, якія сваёй працай робяць нашае жыццё зручным і надзейным.

Святлана СОБАЛЕВА, фота аўтара.

 

Оставить комментарий

avatar
  Подписаться  
Уведомление о