Да навучальнага года гатовыя

0
387

Да навучальнага года гатовыя

Стартавала традыцыйная кампанія па прыёмцы да новага навучальнага года ўстаноў адукацыі. Дэлегацыя з прадстаўнікоў розных ведамстваў і структур старанна абследуе кожны аб’ект, каб вынесці агульны вердыкт.

Прыёмка школ і дзіцячых садоў стартавала з пачатку жніўня на Петрыкаўшчыне. На што найперш звяртае ўвагу камісія, даведаўся наш карэспандэнт, прыняўшы ўдзел у прыёмцы ДУА “Дашкольны цэнтр развіцця дзіцяці”.

Для ўстаноў адукацыі Петрыкаўскага раёна летняя пара – гэта час, калі ўсе актыўна рыхтуюцца да новага навучальнага сезона. Пафарбаваць агароджу, сцены, падлогу, нешта падклеіць, а нешта пабудаваць нанова. Пакуль дзятва актыўна праводзіла час у двары Цэнтра, правяраючыя вывучалі дакументацыю, стан будынкаў і памяшканняў, узровень арганізацыі працы і шмат іншага.

Гігіеністы ацэньвалі адпаведнасць нормам, супрацоўнікі профільнага ўпраўлення – агульны стан і гатоўнасць установы. Прадстаўнікі РАНС – пажарную бяспеку.
Як адзначыла намеснік старшыні райвыканкама Святлана Сянько, сертыфікат гатоўнасці падпісваецца не адразу, як правіла, даецца час на выпраўленне заўваг і прапаноў.

Па словах начальніка аддзела адукацыі Людмілы Жукавец, звычайна ў Петрыкаўскім раёне за дзень абследуюць каля 8 устаноў адукацыі. У раёне іх налічваецца 39.
“Мы ставімся да прыёмкі як да іспыту, – распавяла загадчыца дзяржаўнай установы адукацыі «Дашкольны цэнтр развіцця дзіцяці горада Петрыкава” Алена Панамарэнка. – Імкнемся распавесці камісіі, у які бок плануем развівацца. Гаворым пра свае праблемы, пра тое, дзе нам патрэбна дапамога і садзейнічанне, і атрымліваем іх.

Паколькі ў нас не маленькая тэрыторыя, падрыхтоўка да прыёмкі займае шмат часу і сіл. Радуе, што ў нас вельмі адказныя бацькі – заўсёды дапамагаюць. У некаторых кабінетах мы зрабілі касметычны рамонт: дзе патрэбна асвяжылі плітку, сцены, падрыхтавалі новыя цацкі”.
Касметычныя пераўтварэнні – справа агульная: дырэктара, педагогаў, тэхработнікаў, бацькоў.

Паводле слоў Алены Сяргееўны, у Цэнтры працуе 24 педагога, 24 працаўніка тэхнічнага персаналу. Цэнтр наведвае 124 дзіцяці. Сёлета прыйдуць два маладыя спецыялісты. Актыўныя, ініцыятыўныя, працавітыя.
У час прыёмкі дэлегацыя праверыла навучальныя, гульнявыя класы, спальныя пакоі, харчаблокі, абследавалі спартыўныя і гульнявыя пляцоўкі. На працягу бягучага тыдня ў раёне плануюць наведаць усе ўстановы адукацыі.

Наталля Петрушэнка.
Фота аўтара.

Оставить комментарий

avatar
  Подписаться  
Уведомление о