У часы Савецкага Саюза быць “ленінцам” было важнай і ганаровай справай. Сказаць запаветнае “Заўсёды гатоў!” марыў без выключэння кожны школьнік, бо чырвоны гальштук на грудзях адкрываў свет цікавых калектыўных спраў, лета ў піянерскіх лагерах з іскрамі вогнішчаў, цімураўскія даручэнні. Пасля распаду СССР у нашай краіне дзіцячы рух змог выстаяць, пусціў парасткі і развіваецца ў сучасным фармаце, захоўваючы лепшыя традыцыі і пераемнасць пакаленняў.

Cёння адзначае свой юбілей адна з масавых дзіцячых арганізацый – піянерыяДзейнасць дзіцячай піянерскай арганізацыі ў Бабуніцкай сярэдняй школе служыць прыкладам для пераймання. Знакавыя перамогі ў конкурсах, злётах, акцыях – гэта не толькі заслуга вопытнага педагога-агранізатара Ніны Кот, а і наладжаная ёю работа вучнёўскага самакіравання. Ва ўстанове лічаць, што цікавыя формы работы – прычына растучага колькаснага складу арганізацыі, і таго, што любая ініцыятыва падтрымліваецца і ўкараняецца ў жыццё. Да векавога юбілею арганізацыі старшыня піянерскага атрада імя Колі Гойшыка Марыя Валянцейчык вырашыла прасачыць асаблівасці піянерскага руху ў розныя часы на прыкладзе сваёй сям’і. Родныя сямікласніцы не адмовіліся ад прапановы прыняць удзел у мерапрыемстве, дарэчы, як і я – захацелася перадаць назіранні юнай актывісткі.

Піянерскае жыццё Марынінай бабулі, Галіны Філатавай, прыпала на той перыяд, калі лозунг “Піянер – усяму прыклад” быў асноўным для вучня. Прыём у піянеры лічыўся значнай падзеяй школьнага жыцця: на ўрачыстай лінейцы вучні давалі клятву і ім камсамольцы павязвалі чырвоныя гальштукі. Родныя прыходзілі на мерапрыемства, каб парадавацца за дзяцей.

– Кожны вучань майго пакалення праходзіў наступныя школьныя этапы: акцябронак – піянер – камсамолец. Сувязь паміж трыма арганізацыямі была цесная. Піянерскія будні былі максімальна насычаны справамі – шэфства над малодшымі школьнікамі, цімураўская работа, выпуск сценгазеты, – успамінае Галіна Уладзіміраўна. – Асаблівая ўвага надавалася паспяховасці і дысцыпліне. Паводзіны тых, хто не хацеў вучыцца або хуліганіў, разглядалі на зборах атрада, дружыны. Такіх аднакласнікаў бралі “на парукі”. Гальштук быў для нашэння абавязковым, а імёны піянераў-герояў ведаў кожны: мы ганарыліся подзвігамі аднагодкоў часоў ваеннага ліхалецця, бралі прыклад з іх гераізму і адданасці Радзіме.

З распадам СССР піянерская арганізацыя імя Леніна спыніла сваё існаванне. Як альтэрнатыва быў створаны Саюз піянерскай арганізацыі. Палацы піянераў сталі Дамамі дзіцячай творчасці, а піянерскія лагеры – турыстычнымі базамі. На гэты перыяд прыпаў піянерскі ўзрост матулі маёй гераіні – Людмілы Валянцейчык.

– Сказаць па праўдзе, слухаючы пра жыццё савецкага піянера, крыху бярэ зайздрасць, – уключаецца ў размову Людміла Сяргееўна. – У час майго школьнага жыцця, я і мае сябры таксама былі членамі піянерскай арганізацыі. Як і мая матуля я ўдзельнічала ва ўсіх піянерскіх справах. Але мне здаецца, што ў часы майго юнацтва быць піянерам не было такім запатрабаваным, як у папяэдняга пакалення. Так, мы дапамагалі сталым лю-дзям, неслі вахты памяці, удзель-нічалі ў суботніках, але амаль усе мерапрыемствы не выходзілі за межы ўнутрышкольных, шырока не агучваліся і не мелі маштабнасці. Затое мяне радуе, якімі фарбамі напоўнена сёння жыццё маёй дачкі-піянеркі.

Сапраўды, піянерскае жыццё сямікласніцы поўнае магчымасцей для самарэалізацыі.

– У нашай школе ўсе класы, з пятага па восьмы, носяць імёны піянераў-герояў і ў вучняў ёсць свае абавязкі. У пакоі школьніка праходзяць нашы Саветы дружыны, часта збіраемся, каб абмеркаваць бягучыя моманты, – расказвае вучаніца. – Быць членам піянерскай арганізацыі – гэта значыць ісці ў нагу з часам, гэта новыя знаёмствы і ўражанні.
Пагутарыўшы з дзяўчынкай, адчуваецца, што слова “піянер” для дзяцей новай эры набыло асаб-лівае гучанне. Напэўна, даў плён той своечасовы факт, што Указам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь была на дзяржаўным узроўні адноўлена дзейнасць піянерскага руху, змяніўшы назву на “Беларуская рэспубліканская піянерская арганізацыя” з яе сімвалам колеру дзяржаўнага сцяга – чырвона-зялённым гальштукам.

Пытаюся ў актывісткі, што, на яе думку, агульнага ў піянераў розных гадоў і чым адметны сучасны школьнік?
– Агульнае тое, што ў аснове спраў піянерскай арганізацыі ўсіх пакаленняў закладзены клопат пра людзей і любоў да Радзімы, – упэўнена адказвае вучаніца. – А рознае? На мой погляд, раней піянерскія справы былі традыцыйныя і праходзілі ў паўсядзённым фармаце. Мы паважаем традыцыі матуль, і бабуль, але і ствараем новае. Сённяшні піянер мабільны, не баіцца трансліраваць свою дзейнасць, бярэцца за інавацыйныя праекты. Гэта лідар, які здольны браць на сябе адказнасць.
Марыя гаворыць, што напера-дзе ў яе членства ў Саюзе моладзі, а значыць цікавае, поўнае ўражанняў і эмоцый жыццё старшакласніцы. І я ўпэўнена, некалі ёй будзе што расказаць сваім дзецям і ўнукам пра свае школьнае жыццё, поўнае спраў і адкрыццяў.

Святлана СОБАЛЕВА.

Оставить комментарий

avatar
  Подписаться  
Уведомление о