Мы часцяком разважаем на конт таго, як бы нам так вырашыць чарговае надзённае пытанне і пачаць пасля гэтага жыць лепей. Ну хоць бы крышачку. Яно і зразумела, куды прыемней выходзіць на працу на новай асфальтаванай дарозе, крочыць па тратуары, радавацца кветкам, што квітнеюць на добраўпарадкаванай клубме. Вось толькі сама логіка разважанняў дзіўная: маўляў, вы для мяне зрабіце, а я, у сваю чаргу буду карыстацца і, магчыма, буду ўдзячны.

А, разам з тым, на самым надзённым ментальным узроўні перад намі паўстаюць дзясяткі пытанняў, якія мы не тое што абавязаныя вырашаць, а хутчэй не ствараць праблемных сітуацый увогуле.

Усе мы, калі размаўляць паасобку, жадаем стварыць вакол сябе вобраз чалавека культурнага. Але адкуль паабапал дарог з’яўляецца смецце? Чаму недакуркі, выкінутыя ў сметніцу нятрапным курцом, не кладуцца ў “цэль” з другога разу. Адкуль на паркоўках і ўзбочынах вуліц горада столькі неахайных вадзіцеляў, якія прыпыняюць свае машыны абы як?

Адны загарушчваюць пад’езды непатрэбнымі ў побыце рэчамі – бо выкінуць шкада, іншыя выкідваюць тыя ж рэчы з балкону. Поруч з чаргою заўсёды з’яўляецца чалавек, што прыкідваецца “лапцем” і лезе паперад усіх выклікаючы калектыўнае непаразуменне. Хтосьці забываецца пра цішыню ў начны час і вырашае, што гучныя размовы ці ўключаная папулярная кампазіцыя на ўсю магутнасць тэлефона ці партатыўнай калонкі спадабаецца навакольным жыхарам у гадзіну ночы. Спіс гэты можна працягваць доўга.

Я дзеля чаго гэтае ўсё пералічваю, паважаныя чытачы?! З спадзяваннем данесці адну простую думку: камфорт – справа агульная і, на вялікі жаль, даволі хісткая. Ствараць яго трэба выключна разам, пачынаючы з чаргі ўласных учынкаў, а вось парушыць зручнае жыццё можа неабачлівымі індывідуальнымі ўчынкамі. Давайце азірацца навокал, думаць не толькі пра сябе і ў хуткім часе наша агульнае жыццё стане куды больш зручным і прыемным.

Арцём ГУСЕЎ.

Оставить комментарий

avatar
  Подписаться  
Уведомление о