Ашукалі на 14 тысяч

0
435

На тэрыторыі раёна назіраецца рэзкае павелічэнне колькасці злачынстваў, якія ўчыняюцца з выкарыстаннем сеткі інтэрнэт. У 2022 годзе колькасць зарэгістраваных махлярстваў вырасла з 7 да 16. Пры гэтым падазроныя асобы ўстаноўлены толькі па 4-х махлярствах. З 12-ці нераскрытых махлярстваў 8 здзейснены ў чацвёртым квартале 2022 года. Усе нераскрытыя злачынствы названай катэгорыі звязаны з выкарыстаннем камп’ютарнай сеткі інтэрнэт і міжнародных плацежных сістэм, што значна ўскладняе іх раскрыццё. У 9-ці выпадках махлярствы былі спалучаныя з прапановай пакупкі тавараў, у двух – з выманьваннем крэдыту, адно здзейснена пад выглядам страхавання грашовых сродкаў на банкаўскім рахунку.

У большасці выпадкаў зносіны з патэнцыйным пацярпелым ашуканцы вялі з выкарыстаннем месэнджараў “Viber”, “Whatsapp”, адсачыць прыналежнасць якіх цяжка. Зламыснікі часта прадстаўляюцца супрацоўнікамі праваахоўных органаў, або службаў бяспекі банкаў, пасля чаго шляхам падману, пад розным выглядам просяць аформіць атрыманне крэдытаў або прадаставіць рэквізіты банкаўскіх картак. У сваю чаргу ашуканцы абяцаюць па завяршэнні нібы аказанага садзеяння пакрыць грашовыя сродкі і шчодра ўзнагародзіць удзельнікаў. Аднак, атрымаўшы доступ да чужых грошай, адразу перастаюць выходзіць на сувязь.

Прыклад: грамадзянцы А (дадзеныя не выдаюцца ў інтарэсах следства) з выкарыстаннем месэнджара “Whatsapp” патэлефанаваў мужчына, які назваўся супрацоўнікам праваахоўных органаў і прапанаваў грамадзянцы прыняць удзел у правядзенні спецыяльнай аперацыі па выкрыцці злачынцы ў асяроддзі работнікаў банкаўскай сістэмы. Грамадзянцы А было ўказана на неабходнасць афармлення крэдытаў у максімальных сумах, пасля чаго ажыццявіць перавод грашовых сродкаў на банкаўскую картку) з названымі злачынцам рэквізітамі, а ўзнагароджаннем за гэта будзе поўнае пагашэнне крэдытаў, а таксама пералічэнне на рахунак грамадзянкі 15% ад усёй сумы, якую яна зможа атрымаць у якасці крэдыту. Таксама невядомы ўказаў, каб грамадзянка А нікому не паведамляла аб правядзенне спецыяльнай аперацыі, бо яна канфідэнцыйная і ў выпадку разгалашэння звестак А будзе прыцягнута да крымінальнай адказнасці. Грамадзянка, бяздумна выконваючы ўказанні ашуканца ў розных банках горада Мазыра, аформіла на сваё імя некалькі крэдытаў на агульную суму 14 тысяч рублёў, якія сама ж перавяла на рахунак злачынцы. Абяцанага ўзнагароджання, як і вяртання доўгу, не наступіла – злачынца перастаў выходзіць на сувязь. Па гэтым факце ўзбуджана крымінальная справа па частцы 3 артыкула 209 (махлярства) Крымінальнага кодэксу, якая прадугледжвае да сямі гадоў пазбаўлення волі.

Дадзены прыклад павінен паслужыць урокам для ўсіх. Захаванне элементарных правілаў карыстання аплатнымі банкаўскімі сістэмамі, разумная засцярога і разважлівасць у падобных сітуацыях выключаць магчымасць здзяйснення злачынства.
Запомніце, супрацоўнікі праваахоўных органаў не патрабуюць грашовых сродкаў, а таксама афармлення крэдытаў для правядзення спецыяльных аперацый.
У выпадку падобных тэлефоных званкоў, апавяшчайце органы ўнутраных спраў для правядзення разбору. Будзьце пільныя і выконвайце правілы бяспекі ў глабальнай сетцы інтэрнэт.

Аляксандр СЕМІКОПЕНКА,
часова выконваючы абавязкі першага намесніка начальніка Петрыкаўскага РАУС.

Оставить комментарий

avatar
  Подписаться  
Уведомление о