Артысты капаткевіцкага Дома культуры распавялі пра Калядкі

0
505

Традыцыйна ў ноч з 13 на 14 студзеня мы святкуем Стары Новы год. Гэтае свята з’явілася адносна нядаўна – крыху больш за стагоддзе таму ў сувязі з пераходам на грыгарыянскі каляндар, з-за чаго 1 студзеня па юліянскім календары, ці старым стылі, адпавядала 14 студзеня.

Артысты капаткевіцкага Дома культуры распавялі пра КалядкіУ нашай традыцыйнай культуры ў гэтыя дні як раз распачынаўся Шчодры тыдзень. Надвячоркам вадзілі казу разам са Шчодрай – прыбранай дзяўчынай.

На 14 студзеня прыпадаў Васіль. З гэтым днём звязаныя розныя павер’і, варажба ды нямала прыкмет, пра якія нам расказалі артысты капаткевіцкага Дома культуры.

– Шчыра кажучы, на Палессі традыцыі шчадравання бытавалі даволі доўгі час. Але індустрыялізацыя савецкіх часоў узяла сваё і фальклорны каларыт паступова пачаў забывацца. Прыкладна гадоў сорак таму мы пачалі ўзнаўляць калядную абраднасць, гулянні на Масленіцу, а таксама святкаванне Купалля згодна з нашымі нацыянальнымі традыцыямі. Можна адзначыць, што землякам такія святы прыйшліся даспадобы, – адзначыла дырэктар установы культуры Ядвіга Суботка.

Так, капаткевіцкія артысты распачынаюць віншаваць жыхароў і гасцей гарадскога пасёлку надвячоркам – па папярэдняй замове складаецца спіс адрасоў, куды калядоўшчыкі ідуць шчадраваць: спяваюць песні, ладзяць гульні, танчаць. А пасля шчадравання ўсе накіроўваюцца на плошчу, дзе распачынаецца сапраўднае народнае гулянне.

– Народнае свята пачалі аднаўляць некалькі дзесяцігоддзяў таму і сярод вучняў капаткевіцкай школы. Вось паглядзіце, разам з намі Галіна Вабішчэвіч – менавіта яна ў час настаўніцкай дзейнасці вывела нас шчадраваць усім класам у 1990 годзе. Жыхарам тады спадабалася, а галоўнае што мы, школьнікі, пачалі ўсведамляць сэнс і ведаць гісторыю нашага спрадвечнага свята. Зараз, я ведаю, дзяўчаты варожаць: кідаюць чаравік за браму, лічаць паленцы ў абярэмку дроў. Дарэчы, у нас на плошчы мы таксама прапануем абхапіць плот рукамі: калі колькасць жэрдак будзе цотнай – шлюб будзе шчаслівым – заўважыла інспектар Капаткевіцкага сельвыканкама Надзея Сігай.

– Увогуле, мы кожны год намагаемся ўзбагаціць наша свята новай абраднасцю, вывучаем фальклорную літаратуру. На народным гулянні імкнемся адарыць увагаю і зацікавіць усіх, а асабліва самых актыўных удзельнікаў – дзяцей. Няма нічога дрэннага, каб сучасны лад жыцця спалучаўся з традыцыямі продкаў, і наадварот, традыцыі арганічна суіснавалі з сучаснымі тэхналогіямі і знаходзілі сваё месца ў светапоглядзе, – адзначыла Ядвіга Суботка.

Арцём ГУСЕЎ, фота аўтара.

Оставить комментарий

avatar
  Подписаться  
Уведомление о