У Год гістарычнай памяці свой аповед пра генацыд беларускага народа мы вядзем не толькі вуснамі відавочцаў і гісторыкаў, а і архіўнымі дакументамі.

У гэтым матэрыяле мы раскажам пра бесчалавечнасць акупантаў і іх пасобнікаў, зафіксаваную ў актах расследавання злачынстваў, учыненых нямецка-фашысцкімі захопнікамі супраць савецкіх грамадзян пры акупацыі тэрыторыі Петрыкаўскага раёна. Дакументы атрыманы супрацоўнікамі Петрыкаўскай пракуратуры з фонду Палескай надзвычайнай камісіі па расследаванні злачынстваў і публікуюцца ўпершыню. Як адзначыў у час сустрэчы пракурор раёна Сяргей Таболіч, акты створаны на падставе паказанняў сведак і пакутлівых успамінаў-апавяданняў людзей, якія перажылі жахі вайны. Далей – мовай дакумента.

Архівы: нічога акрамя праўды
Пракурор раёна Сяргей Уладзіміравіч Таболіч

…Мы,камісія па Петрыкаўскім с/с, якая ніжэй падпісалася, у складзе: упаўнаважанага Палескай Абласной Надзвычайнай камісіі па ўстанаўленні і расследаванні злачынстваў нямецка-фашысцкіх захопнікаў і іх саўдзельнікаў Піваварава Міхаіла Аляксеевіча, старшыні Петрыкаўскага Гарадскога Савета Дэпутатаў і Працоўных Краўца Рыгора Ільіча, загадчыка Петрыкаўскай райбальніцы Бутрына Васілія Фёдаравіча, Скеп’яна Пятра Афанасьевіча, пражываючага ў Петрыкаве па вуліцы Карла Маркса, Вашкевіч Анфісы Ільінічны, пражываючай па вуліцы Карла Лібкнехта, 29, склалі сапраўдны акт пра наступнае:
… У канцы лютага 1942 года праз горад Петрыкаў праходзіў карны атрад, у склад якога ўваходзілі немцы, фіны, мадзьяры, чалавек 300-350. Яны ажыццяўлялі так званую “чыстку” насельніцтва ў Капаткевіцкім, Петрыкаўскім і Акцябрскім раёнах. У Петрыкаве яны сагналі чалавек 150-200 яўрэеў – дзяцей, старых, жанчын, мужчын і паўраздзетых пагналі ў накірунку вёскі Белка. Недалёка ад вёскі, у яры, здзейснілі масавы расстрэл нявінных савецкіх грамадзян.
Усім астатнім яўрэям жандармерыя загадала жыць у адным месцы, для чаго ім было выдзелена 3 дамы па вуліцы Валадарскага, дзе яны і жылі галодныя, хворыя, без сродкаў для існавання. У канцы красавіка 1942 года жандармерыя, сумесна з паліцыяй, вывела гэтых людзей, чалавек 50-60, і пагнала на скатабойню, што знаходзілася на паўночным усходзе ад горада. Перш чым расстраляць гэтых безабаронных людзей, іх загналі ў хлеў, знялі з іх адзенне, пасля чаго выводзілі па адным і расстрэльвалі. Доўгі час трупы ляжалі непавахавыя. Было забаронена да іх падыходзіць. Тыдні праз два мясцоваму насельніцтву было загадана іх закапаць.
З красавіка 1942 года былая скатабойня нямецкімі акупантамі была ператворана ў месца, дзе сотнямі, дзясяткамі і паадзі-ночку растрэльваліся мірныя савецкія грамадзяне.
У пачатку мая 1942 года на бойні была расстраляна сям’я з вёскі Рудня, у склад якой уваходзілі і немаўляты.
У пачатку красавіка 1943 года быў люта замучаны начальнік станцыі Старушкі, якога бандыты 6 разоў падвешвалі за ногі ўніз галавою, аднак гэтага ім было мала – яны прыбілі яго цвікамі да сцяны.
29 студзеня Петрыкаўская жандармерыя схапіла 12 ні ў чым не павінных савецкіх грамадзян нібы за тое, што падарвалі будынак камісарыята. Іх збілі, звязалі і павялі расстрэльваць на бойню.
… У пачатку жніўня 1943 года з-за ракі Прыпяць з навакольных вёсак у Петрыкаў атрадам СС былі прывезены на 3-х машынах чалавек 70-75 дзяцей, старых і жанчын. Усіх даставілі на бойню, дзе пачалі знішчаць па адным стрэламі ў патыліцу.
… У канцы жніўня 1943 года карны атрад пад выглядам партызанскіх сем’яў прывёз 40-50 чалавек нявінных, якія пасля здзекаў і біцця былі расстраляны.
… 16 студзеня 1943 года ў горадзе немцы пачалі адбіраць дакументы ў дзяўчат. Загадалі з’явіцца па дакументы ў камендатуру. Аднак, калі моладзь прыходзіла, іх дадому ўжо не пускалі. Такім чынам былі падманам сабраны 60-70 дзяўчат. Пасля медагляду іх адправілі ў нямецкае рабства.
18 снежня 1943 года нямецкія ўлады сталі збіраць ва Узнясенскай царкве выключна юнакоў і маладых мужчын. Хто не прыходзіў добраахвотна – прыводзілі пад канвоем. Рознымі метадамі фашысцкія акупанты сабралі чалавек 150-200, якіх пагналі ў лагер у вёску Макарычы, іх лёс невядомы.
20 чэрвеня 1944 года немцы з самай раніцы пачалі абыходзіць горад, нібы з мэтай пастаноўкі прышчэпак дзецям. Аднак без тлумачэнняў хапалі дзяцей і адводзілі ў выдзелены дом паблізу канторы маслапрома. Гэткае ж злачынства чынілі і ў навакольных вёсках. Такім чынам было сабрана 200-250 дзяцей рознага ўзросту. Іх на 12 аўтамашынах павезлі на станцыю Капцэвічы, дзе сарціравалі для адпраўкі ў Германію…
Акт утрымлівае 81 старонку апісанняў фашысцкіх злачынстваў, пайменныя спісы загінулых, а таксама фашысцкіх злачынцаў і іх пасобнікаў.
Агульныя звесткі пра ахвяр нямецка-фашысцкіх злачынстваў сярод мірнага насельніцтва па Петрыкаўскім раёне Палескай вобласці, згодна акта ад 14 лютага 1949, наступныя: расстраляна – 1851 чалавек (з іх: 954 жанчыны і 200 дзяцей), спалена – 719 (з іх: 366 жанчын, 93 дзіцяці), замучана – 7, сагнаны ў рабства – 1900 (з іх: 858 мужчын, 1042 жанчыны).

Галіна КАЗАК.

Оставить комментарий

avatar
  Подписаться  
Уведомление о