Вучань 8 “Б” класа Капаткевіцкай сярэдняй школы Арцём Ніканаў у Рэспубліканскай навукова-практычнай канферэнцыі атрымаў дыплом ІІІ ступені.

На сцежцы адкрыццяў

 

Выхаванец аб’яднання па інтарэсах “Пошук” ДУА “Петрыкаўскі ЦТКДіМ” у навукова-практычнай канферэнцыі “Вялікая Айчынная вайна: гісторыя і памяць” у рамках рэспубліканскай патрыятычнай акцыі “Іх подзвіг у памяці нашчадкаў захаваем” даследаваў гісторыю роднага краю.
У рабоце секцыі ”Па старонках маёй малой радзімы” Арцём прадставіў навукова-даследчы праект “Дзеянні 119-га палявога ўмацаванага раёна ў 1944 годзе ў пасёлку Капаткевічы” і макет “Элемент абароны палявога ўмацаванага раёна”.
– Функцыя ўмацаваных раёнаў у час Вялікай Айчыннай вайны была затрымаць фашыстаў. Створаны яны былі на аснове інжынерных войскаў, – падзяліўся з намі Арцём. – Па афіцыйных крыніцах, 76-ая гвардзейская дывізія вызваліла Капаткевічы 30 чэрвеня. Мы пачалі даследаваць гэты момант: знайшлі баявы дзённік і высветлілі, што 76-ая стралковая дывізія ў гэты час ужо знаходзілася ў Заходняй Украіне, а ніяк не ў Капаткевічах. Адразу задаліся пытаннем: калі гэтай часці не было, хто тады вызваліў Капаткевічы? Далей мы ўзялі спісы загінуўшых, якія размешчаны на мемарыялах пасялковага Савета. На сайце “Памяць народа” ўвялі іх дадзеныя і выйшлі на “Ліст страт”. У лістах маюцца звесткі пра прозвішча, імя загінулага, ваенную часць, дату гібелі, месца пахавання. Па кнізе “Памяць” мы паглядзелі тых, хто загінуў бліжэй да 29-30 чэрвеня. Знайшлі некалькі чалавек. Месцам іх службы была частка 119 УР. Мы зразумелі, што УР – гэта ўмацаваны раён, але на той час лічылі, што УРы былі стацыянарныя, накшталт “Лініі Сталіна”.
Далей мы выйшлі на інфармацыю, што ў 1942 годзе былі арганізаваны мабільныя ўмацаваныя раёны. Таксама высветлілі, што Капаткевічы былі вызваленыя 29 чэрвеня 1944 года ў 12:00, гэта значыць не 30 чысла, як Петрыкаў.
– У чым асаблівасць пасёлка Капаткевічы? – падключаецца да размовы кіраўнік даследчай работы, педагог дадатковай адукацыі, настаўнік гісторыі і грамадазнаўства Надзея Сігай. – Раённы цэнтр нашы салдаты ў 1941 годзе вымушаны былі здаць без бою, каб не застацца ў акружэнні фашыстаў. Савецкія часці, якія змагаліся на тэрыторыі Капаткевіцкага раёна, пачалі ўзрываць доты і адыходзіць. Тое ж самае пачынаюць рабіць і фашысты, бо з аднаго боку падыходзіць 28-ая армія, з другога – 61-ая. Гістарычна атрымліваецца, што бой за Капаткевічы з нямецкімі гарнізонамі вялі толькі партызаны ў 1942 годзе.
Пакінутыя фашыстамі тэрыторыі, 119 умацаваны раён размініраваў. Гэта адзіная інфармацыя, якая размешчана ў кнізе “Памяць” пра дзейнасць гэтый часці на тэрыторыі раёна.
Надзея Адамаўна дадала, што ўсяго на рэспубліканскі этап было прадстаўлена 49 даследчых работ, на прызавыя месцы выдзелена 27 месцаў.
– Кіраўнікоў работ журы папрасіла пакінуць залу. Дзеці самастойна абаранялі свае даследаванні. І Арцём добра сябе паказаў, – канстатавала настаўніца.
Як паказвае практыка, у тым ліку і прыклад Капаткевіцкіх даследчыкаў, наперадзе нас яшчэ чакае шмат цікавых адкрыццяў. Пажадаем самым зацікаўленым поспеху!

Наталля ПЕТРУШЭНКА, фота аўтара.

Оставить комментарий

avatar
  Подписаться  
Уведомление о